2 траўня 2024, Чацвер, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Раманоўская: Цяжка змаўчаць, заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца

1
Аляксандра Раманоўская: Цяжка змаўчаць, заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца
АЛЯКСАНДРА РАМАНОЎСКАЯ

Чэмпіёнка свету з народам.

Чэмпіёнка свету ў фрыстайле Аляксандра Раманоўская распавяла sportrbc.ru аб выключэнні з нацыянальнай каманды Беларусі з-за падтрымкі пратэстоўцаў, расставанні з золатам Універсіяды, а таксама пра тое, чаму не варта адкрыта выступаць за Лукашэнку.

- Вы ведалі, на якія рызыкі ідзяце, падтрымліваючы пратэсты. Ці доўга разважалі перад тым, як выказалі сваю пазіцыю?

- Не доўга. Гэта чалавечая рэакцыя. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі не можа не выклікаць эмоцыі. Складана змаўчаць, заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца, таму нават не разважала. Наступствы, натуральна, былі прадказальныя. Але гэта тая сітуацыя, у якой трэба паказваць чалавечыя якасці. Так, мяне фактычна выключылі з каманды праз тое, што адкрыта падтрымала пратэсты. Але зараз я ні пра што не шкадую, таму што чыстае сумленне заўсёды важнейшае.

- Кагосьці яшчэ адлічылі з вашай каманды?

- Актыўна аб падтрымцы выказваліся толькі я і галоўны трэнер, таму асноўны ўдар прыйшоўся на нас дваіх. Трэнера яшчэ не прыбралі, але яму ўжо даслалі ліст аб тым, што ён павінен вярнуць атрыманыя стыпендыі за год ці нават больш.

- Чаму менавіта за год?

- Мне складана растлумачыць гэтую логіку.

- А ў вашым выпадку не патрабавалі вярнуць выплачаныя стыпендыі?

- Дзякуй богу, пакуль мне такі ліст не прыходзіў. Спадзяюся, і не прыйдзе.

- Ці многія з вашай каманды падтрымалі вас?

- Так, партнёры з каманды мяне падтрымалі, хоць яны не былі ў курсе таго, што адбываецца. Я даведалася раней аб сваім адхіленні, а пра гэта ім не паведамляла. Яны даведаліся аб маім адхіленні на сходзе. У выніку грамада напісалі ліст у маю падтрымку на імя міністра спорту. Усё, што маглі са свайго боку, яны зрабілі. Хоць разумею, што наўрад ці ліст прынясе вынік, бо калі наверсе нешта пастанавілі - значыць гэта ўжо канчаткова.

«Калі хочаце выступіць на карысць Лукашэнкі - лепш прамаўчаць»

- Як вы ставіцеся да тых, хто адмаўляецца дэманстраваць сваю пазіцыю?

- Мне складана гаварыць за іх. Я стараюся не судзіць людзей. Мне здаецца, у нашай сітуацыі важны кожны голас, важнае кожнае слова. Але гэта добраахвотны выбар кожнага чалавека. Не прымушаць жа іх выказацца так ці інакш.

Мне складана зразумець, чым яны аргументуюць свой выбар, бо я супрацьлеглага меркавання. Аднак, на мой погляд, калі ёсць выбар - выступіць у падтрымку ўлады або прамаўчаць, то лепш выбраць другі варыянт, паколькі такія выказванні выклікаюць у людзей негатыўную рэакцыю. Пры гэтым я разумею, што некаторыя папросту баяцца выказвацца, бо для кагосьці заваёва спартыўных рэгалій з'яўляецца галоўнай марай жыцця. Але мне цяжка гэта зразумець.

- Атрымліваецца, большасць не выказваецца праз боязь быць выключаным з каманды, як вы, і не выступіць на Алімпіядзе ў Токіё?

- Мне здаецца, цяпер жыхары Беларусі адчуваюць страх кожны дзень, альбо чытаючы навіны, альбо выходзячы на двор. Калі многія прамаўчаць стоячы перад выбарам захаваць заробак або быць добрасумленным грамадзянінам сваёй краіны, то гэта сумна. Але я ж не магу ведаць, што ў людзей у галовах.

- Дзе будзеце шукаць сродкі для працягу падрыхтоўкі да сезону з улікам адлічэння з зборнай?

- Я пакуль не задумвалася. Трэба будзе шукаць нейкія шляхі для трэніровак, бо цяпер мяне пазбаўляюць усіх магчымасцяў працягваць падрыхтоўку.

- Вы адправіцеся за мяжу трэніравацца?

- Я ўсё ж такі яшчэ спадзяюся выступаць за Беларусь і трэніравацца ў Беларусі. Спадзяюся, што яны абмяжуюцца выключэннем з каманды, але не забароняць мне з'яўляцца на базе. Прынамсі, я цешу сябе такой надзеяй.

Я хацела б застацца дома і выступаць за каманду. Да таго ж у мяне бацька хворы і не хочацца пакідаць маму з ім.

- Вам будзе дапамагаць Фонд спартыўнай салідарнасці спартоўцаў?

- Я яшчэ да іх не звярталася, бо канчаткова пытанне пра мяне не разгледжанае. Загад аб маім звальненні кіраўнікі, натуральна, падпісалі. Але я знаходжуся на лістку непрацаздольнасці, таму пакуль не могуць мяне звольніць.

Да таго ж мае таварышы адправілі ліст міністру і чакаем адказу. Спадзяваліся, можа, нешта зменіцца. Але быццам нічога не змянілася, хоць мне ніхто яшчэ нічога не абвяшчаў.

Калі ўжо ў твар скажуць, што не дадуць шанцаў застацца ў камандзе, тады звярнуся ў фонд. Яны ўжо вельмі шмат якім спартоўцам дапамаглі. Я спадзяюся, што мяне таксама не пакінуць. Я ў гэтым не сумняваюся.

Да прыкладу, фонд зладзіў аўкцыёны, дзе ахвотныя могуць падтрымаць спартоўцаў, якія трапілі пад рэпрэсіі. Аляксандра Герасіменя і Алена Леўчанка і не толькі выставілі свае рэчы. Я ж выставіла свой залаты медаль з Універсіяды 2019 года ў Краснаярску. Для мяне гэта былі вельмі важныя спаборніцтвы. Але я такім чынам надумала падтрымаць грамаду.

Напраўду так дзейнічаць нават прасцей, калі ты ведаеш, што ёсць людзі, якія цябе падтрымаюць. І нават справа не ў фондзе, а ў людзях. Аднадумцаў больш, чым паказваюць па ТВ.

- Як думаеце, калі сітуацыя ў краіне зменіцца?

- Я сапраўды ўпэўненая, што тое, што цяпер адбываецца, доўга трываць не можа. Гэты цырк на дроце, мякка кажучы, неўзабаве павінен скончыцца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках