19 сакавiка 2024, aўторак, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынікі Марша 22 лістапада

5
Вынікі Марша 22 лістапада

Дапамагла сістэмная дэзінфармацыя.

Беларускі пісьменнік і сцэнарыст Андрэй Жвалеўскі ў «Фэйсбуку» падвёў вынікі Марша, які адбыўся 22 лістапада. Нагадаем, на традыцыйную акцыю пратэсту выйшлі дзясяткі тысяч беларусаў.

«Я ішоў да сяброў у госці і звярнуў увагу, што двары на Прытыцкага за ноч паспелі абнавіць святочнае стужачнае ўбранне. Напэўна, не толькі на Прытыцкага. Палічыў гэта добрай прыкметай.

І сапраўды, тактыка раённых маршаў плённая. Высветлілася, што стварыць дзясятак-другі калон па 500-1000-2000 чалавек непараўнальна прасцей, чым наш любімы дзвюхсоттысячны марш. Людзі крышталізаваліся ў дварах, на вузлавых мясцінах у мікрараёнах, потым выходзілі на вуліцу ўжо са сцягамі.

Вельмі дапамагла сістэмная дэзінфармацыя: некалькі паважаных СМІ і ТГ-каналаў напісалі, што ў Менску марш пачнецца з плошчы Незалежнасці. Ніхто з пратэстоўцаў такую ідэю нават не разглядаў, затое «праваахоўнікі» ачапілі цэнтр, як у фільмах пра вайну. Адразу зачынілі цэнтральныя станцыі метро (у выніку закрытых станцый было аж 12), выставілі «Рубяжы». Карацей, падрыхтаваліся, малайцы.

А да таго, што калоны беларусаў будуць шпацыраваць па раёнах, былі не гатовыя. Так, яны ўвесь час спрабавалі нас разагнаць, але нешта пайшло не так. Па-першае, разгоны атрымліваліся толькі пры шматразовай колькаснай перавазе «сілавікоў». Калі з бусікаў выскоквала два дзясяткі людзей у балаклавах супраць тысячы пратэстоўцаў, ніхто нікуды не разбягаўся. «Праваахоўнікі» разгублена зіркалі дзіркамі ад балаклаў і шпурлялі петарды, а то і светлашумавыя гранаты. Але на гэтыя хлапушкі ўжо даўно ніхто не рэагуе. А ўжо калі адважныя менталіцыянеры спрабавалі затрымаць кагосьці ўдваіх, на іх тут насоўвалася чалавек па дзесяць мірных грамадзян, і «лашкі-петушкі» уцякалі, кінуўшы здабычу. А часам удавалася адбіваць сваіх і ад большай колькасці ўзброеных тыпаў.

Пры гэтым маршруты калон ствараліся падчас шэсця. Нагналі чарнаты на прытыцкага? Ок, пройдземся па Бурдзейнага. Наладзілі засаду каля «Спартыўнай»? А мы павернем ў процілеглы бок. Кожны марш атрымаўся свой асаблівы, са сваімі разынкамі. «Сілавікі» могуць тыдзень ламаць галаву і прыдумваць проціяддзе, але ўсё без скутку - наступныя раённыя маршы пройдуць зусім іншымі сцэнарамі, якія будуць стварацца падчас шэсця.

І настрой у людзей прыкметна змяніўся. Пасля смерці Рамана Бандарэнкі многія ўскідвалі ўверх не «вікторыю», а сціснуты кулак. Я вельмі баяўся, што гарачыя галовы паспрабуюць зладзіць бойку з «праваахоўнікамі». Але сёння - вельмі мала кулакоў. І вельмі шмат «вікторый». Так, прыйшлося напружыцца, мабілізавацца, паварушыць глуздамі, але ўсё не дарэмна. Маршы пракаціліся наогул усюды, нават у тых раёнах Менска, дзе раней было ціха».

Патроху вяртаецца летне-асенняя карнавальнасць. Напрыклад, каля Нацыянальнай бібліятэкі людзі вадзілі карагоды вакол вялікай яліны.

Так, затрыманні, вядома, былі. На гэты момант у спісах праваабаронцаў 424 прозвішчы. Але, нагадаю, тыдзень таму было 1300. Так што і тут добрая тэндэнцыя.

Гуляў не толькі Менск. Проста пералічу населеныя пункты, якія трапляліся мне ў справаздачах: Заслаўе, Наваполацк, Гародня, Берасце, Магілёў, Бяроза, Іўе, Пружаны, Старыя Дарогі, Ліда, Лагойск, Койдана, Смалявічы, Ваўкавыск, Жодзіна і Пінск. Дзесьці былі ланцужкі і марш па раёне. Дзесьці - адзінкавыя пікеты. Дзесьці зусім партызанілі: ладзілі дэманстрацыю бульбы або ляпілі снегавіка са сцягам (прывітанне, Лепель!).

«Улады» у гэты час працягваюць у сваім рэпертуары. Калі памятаеце, у адным з раёнаў Менска была маленькая Эйфелева вежа, якую пастаянна перафарбоўвалі - то ў БЧБ, то ў шэры. Сёння раніцай вежу спілавалі і вывезлі. Гэта фірмовы стыль «беларускай дзяржавы»: усе зламаць і збэсціць, абы не дазволіць людзям радавацца.

А пасля сённяшняга ўсеагульнага маршу пачалася порцыя чарговай хлусні. Не буду ўсё пераказваць - не варта яна таго - але адзін момант мяне зацікавіў. Кажуць, «пратэстоўцаў выйшла значна менш». Але колькі - не гавораць. А мне вось вельмі цікава, якую лічбу намалюе МУС. Апошняя агучаная была 2 600. Так, і яшчэ ён пацешыць, што прапагандубы пачалі красці, крычалкі. Пратэстоўцы часта скандуюць, праходзячы па спальных раёнах: «Глядзі ў акно, а не ў тэлевізар». Сёння з тэлевізара параілі «не глядзець інтэрнэт, а глядзець у акно». Выдатная парада, сёння вельмі шмат тутэйшых убачыла ў акно вельмі шмат цікавага.

Увечары фэст прадоўжыўся. Пасля трох тыдняў цяжкіх, ахвярных, маршаў людзі зразумелі, што могуць змяніць многае без непатрэбных страт. У маім Сухараве ўвечары не толькі свяцілі ліхтарыкамі, але і крычалі «Жыве Беларусь» (што здараецца не кожны дзень) і размахвалі з вокнаў сцягамі (што звычайна бывае толькі падчас маршаў).

А сёння будзем падтрымліваць нашых паджылых герояў. Мне здаецца, яны таксама натхніліся. У сваім чаце ва ўсю моц дзеляцца планамі на Марш Мудрасці.

Добры дзень. Добрыя прадчуванні», - напісаў Андрэй Жвалеўскі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках