2 траўня 2024, Чацвер, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Аракелян: Сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі пераможам

5
Павел Аракелян: Сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі пераможам
ПАВЕЛ АРАКЕЛЯН

Вядомы музыка выйшаў на волю.

Паўла Аракеляна затрымалі 7 лістапада пасля канцэрту ў Малінаўцы. За кратамі саксафаніст правёў 15 дзён. У інтэрвію «Радыё Свабода» ён распавёў пра свае ўражанні ад турэмных прыгод.

«Настрой бадзёры, бойкі, - кажа Аракелян. - Як і два тыдні таму. Нават лепшы. Як у санаторыі пабываў»

Пра затрыманне Паўла Аракеляна стала вядома ад кіроўцы, які вёз яго з канцэрту. Увечары 7 лістапада ён распавядаў, што ўсё адбывалася хутка і даволі жорстка. Павел гэта пацвярджае.

«Выцягвалі мяне, фактычна, з аўтамабіля, які ехаў, - успамінае ён. - З кіроўцам разам. Паклалі тварам у канапу ў амапаўскі бус. Павезлі на «сяброўскую» гутарку ў РУУС. Я праслухаў усю метадычку. Думаю, зараз кожнага міліцыянта можна браць, і ён вам раскажа, што калі сюды прыйдзе Еўропа, то Беларусі не будзе; што калі не Лукашэнка, то хто; што вось ты, Аракелян, нармальны, але ўсе іншыя праплачаныя».

Са слоў музыкі, АМАПаўцы добра ведалі, каго і чаму яны затрымліваюць. Пры гэтым нават выказвалі нейкае спачуванне.

«Казалі, што я проста павярнуў не туды, - кажа Павел. - Спыталі ў мяне, цi не напужаўся я. Кажу, што не з палахлівых. Пачуў тады нават фразу, што мне пашанцавала, што яны мяне ведаюць. Таму, маўляў, у мяне лёгка абышлося»

Пасля затрымання музыку павезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе ўжо былі затрыманыя днём журналісты і дзяўчаты з Марша. Павел кажа, што пратакол склалі хутка, пасля чаго адразу этапавалі на Акрэсціна. Потым ён быў у Жодзіне, а закончыў адсідку ў Магілёве.

«Увогуле, паўсюль, з самага пачатку і да канца, паўнавартасныя катаванні, - кажа Аракелян. - Антысанітарыя, адсутнасць гігіены, туалетнай паперы, вады, чалавечага стаўлення. Паўсюль тое, пра што распавядала Алена Леўчанка. Але ўсім, хто там знаходзіцца, усім людзям пляваць на гэта абсалютна».

Музыка кажа, што адчувае сораму перад сукамернікамі за тое, што крыху зніжаў ўзровень дыскусій у камерах сваёй прысутнасцю.

«Я дакладна ведаю, што паўсюль, ва ўсіх так званых «хатах», людзі ў асноўным самаадукоўваюцца - кажа ён. - Інтэлігенцыя ж сабралася. Але, калі шчыра, усе «хаты», куды я заязджаў, я хутка апускаў на свой узровень. Таму 90% часу мы рагаталі, калі нехта ішоў на прыбіральню. Шчыра кажу, як было, так было. Але 10% мы ўсё ж такі самаадукоўваліся. Абмяркоўвалі што хочаце. Гэта нават магло дэмаралізаваць той бок, бо палонныя сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі мы пераможам. Якія рэформы, ўсё такое. Няма ніводнага сумневу ў тым, што будзе далей, як трэба дзейнічаць».

Са слоў Аракеляна, яго папярэджвалі аб магчымым затрыманні. Распавесці падрабязна пра гэта музыка не можа, але ён ведаў пра ўсё загадзя. А вось чаму ўлада арганізавала хапун на ўдзельнікаў дваровых кастрычніцкіх канцэртаў, можна толькі здагадвацца.

«Я нават спрабаваў дамагчыся адказу на гэтае пытанне ў тых людзей, якія мяне арыштоўвалі, - кажа Аракелян. - Думаю, гэта зноў нейкая метадычка. Зараз паўсюль шукаюць нейкіх арганізатараў. Адбываецца канфлікт Савецкага Саюза, які пакуль пры ўладзе, і сучаснасці, XXI стагоддзя. Гэта саўкі, якія проста не разумеюць, як так можа быць, што такое ідэя. Для іх ёсць толькі грошы, улада. Толькі першасныя патрэбы, жывёльныя. Яны проста не разумеюць, што можа быць інакш. Для іх прадаць можна ўсё; думаюць, што ёсць нейкія людзі, якія атрымліваюць прыбытак з усіх гэтых падзей. Але яны нідзе іх не знаходзяць, таму хапаюць усіх. Але выніку няма. І паразумення не атрымаецца. Адыходзіць старая эпоха і прыходзіць новая».

Аракелян кажа таксама, што ў камерах на Акрэсціне, у Жодзіне і Магілёве сядзяць прадстаўнікі ўсяго народа. У кожнай «хаце» ёсць праграмісты, музыкі, лекары, працоўныя, кіроўцы фургонаў, беспрацоўныя, настаўнікі.

«Я вельмі рады, што мяне «ўзялі» акурат пасля апошняга з запланаваных канцэртаў, - кажа пра свае далейшыя планы Аракелян. - У гэтым плане зрабіў усё, што планаваў. Былі планы ў сферы культурнай салідарнасці, але цяпер трэба будзе трохі заняцца здароўем. Спадзяюся, не вельмі шмат гэта зойме. І буду працягваць тое, што планаваў рабіць далей. Зараз паспрабую з навін зарыентавацца, магчыма, нейкія ідэі прыйдуць яшчэ».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках