2 траўня 2024, Чацвер, 2:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адбыўся суд над збітым карнікамі братам Дар'і Домрачавай

42
Адбыўся суд над збітым карнікамі братам Дар'і Домрачавай
МІКІТА ДОМРАЧАЎ
ФОТА: KP.BY

Мікіту Домрачаву прысудзілі штраф.

Суд Фрунзенскага раёна горада Менска прызнаў Мікіту Домрачава, брата Дар'і Домрачавай, вінаватым ва ўдзеле ў акцыі, паведамляе tut.by.

Суддзя Аляксандр Брычкоў прысудзіў Мікіту да штрафу ў суме 20 базавых адзінак (540 рублёў) на падставе ч.1 арт.23.34 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Сам Домрачаў на пасяджэнні не прысутнічаў: ён знаходзіцца на самаізаляцыі ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Адвакатка прасіла перанесці пасяджэнне, але суддзя адмовіў.

Падчас суду з боку абвінавачання выступаў сведка Мікнавец (прозвішча змененае), які распавёў, што ўдзельнічаў у затрыманні, затрымваў Мікіту Домрачава за руку. Са слоў Мікнаўца, Мікіта паводзіў сябе агрэсіўна, адмаўляўся выконваць патрабаванні праваахоўных органаў. Пры гэтым сведка заявіў, што не бачыў, каб Домрачава білі, але ў курсе, што Мікіта трапіў у лякарню.

Першапачаткова ў пратаколе месцам затрымання стаяў праспект Пераможцаў, 31, але яшчэ адзін сведка, Ягор Наравец, заявіў, што напраўду ён праводзіў затрыманне на Зыбіцкай, 27. Пры гэтым сам Наравец не змог апісаць гэты дом, успомніўшы толькі, што гэта было побач з веладарожкай.

Калі Нараўца спыталі, чаму Мікіту затрымалі, сведка заявіў, што дакладна не памятае, але выказаў меркаванне, што калі яго затрымалі, значыць, ён парушаў правапарадак і нешта выкрыкваў. Таксама Наравец заявіў, што Домрачаў ехаў побач з групай дэманстрантаў.

У што быў апрануты Домрачаў, Наравец не памятае. Як выглядаў яго ровар, ён таксама не ўспомніў, спаслаўшыся на тое, што гэта было больш за месяц таму.

Распавядаючы пра затрыманне, Наравец заявіў, што яны спынілі Мікіту Домрачава, папрасілі прайсці, заявіўшы, што ён парушае правілы правядзення масавых мерапрыемстваў. Сведка не змог узгадаць, хто размаўляў з Мікітам. Таксама Наравец заявіў, што Мікіта ўпіраўся, але ён не бачыў, каб Домрачава збівалі. Пры гэтым пра кроў на галаве затрыманага ён памятае. Затым ён удакладніў, што правілы затрымання дазваляюць ужываць фізічную сілу.

Адвакатка адзначыла, што некалькі дзён таму прысутнічала на пасяджэнні, дзе выступаў сведка з тым жа імем і прозвішчам, і яго голас істотна адрозніваўся. Твару Нараўца на экране практычна не было відаць.

Сведка з боку абароны, у сваю чаргу, заявіла, што Мікіту Домрачава ніхто не папярэджваў: яго адразу скінулі з ровара і пачалі збіваць.

На судзе адвакатам было выстаўленае відэа, дзе бачны момант затрымання і збіцця.

Нагадаем, Мікіту Домрачава 11 кастрычніка вельмі жорстка затрымалі ў Менску на Зыбіцкай, гэты момант трапіў на відэа. Ён ехаў на ровары да мамы, ніякай сімволікі пры сабе, з ягоных слоў, у яго не было. З РУУС яго на «хуткай» даставілі ў лякарню, раніцай ён паехаў дамоў, адмовіўшыся ад шпіталізацыі.

Неўзабаве пасля затрымання Мікіта Домрачаў расказаў аб абставінах свайго арышту.

«Учора я ехаў на ровары па веладарожцы па набярэжнай ля Зыбіцкай да мамы. Даехаўшы да моста, я ўбачыў, як на мяне з крыкамі бягуць людзі ў аліўкавай форме. Я спалохаўся, павярнуў у другі бок, але адтуль, з-за кута будынка, выбег іншы натоўп сілавікоў, ужо ў чорным.

Яны проста зцягнулі мяне з ровара і, нічога не тлумачачы, пачалі біць. У мяне пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў. Я спалохаўся за свой ровар - ён у мяне ўжо 10 гадоў і вельмі мне дарагі, я спрабаваў вырвацца, каб зберагчы яго.

Але мяне закінулі ў мікрааўтобус. Там мне пагражалі, тыкалі дубінкай. Ад удараў і крыві на твары я нічога не бачыў. У нейкі момант я думаў, што аслеп, і прасіў выклікаць «хуткую». Аднак мне казалі, што выклікаць яе не будуць, доктар будзе ў РУУС. Акрамя таго, мне пераціснулі рукі кайданкамі, яны анямелі, але на мае просьбы аслабіць сілавікі толькі смяяліся і абражалі мяне. Яны капаліся ў маіх асабістых рэчах, партманэце, але ніякай сімволікі там не было», - сказаў тады Домрачаў.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках