2 траўня 2024, Чацвер, 16:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі пяцярых студэнтаў і выкладчыка БДУІР

3
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі пяцярых студэнтаў і выкладчыка БДУІР

Праваабаронцы запатрабавалі іх неадкладнага вызвалення.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі палітвязнямі шасцярых актывістаў студэнцкага руху, якія знаходзяцца пад вартай, сярод якіх выкладчык БДУІР. Тэкст заявы апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гаворка ідзе пра затрыманых 12 лістапада сябраў беларускай студэнцкай арганізацыі «Задзіночанне беларускіх студэнтаў», якая з'явілася яшчэ ў канцы 1980-х гадоў. Моладзевыя актывісты сталі фігурантамі крымінальнай справы паводле артыкула 342 (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі і накіраваны ў СІЗА КДБ, а ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы.

Як паведамляецца, 23 лістапада стала вядома пра выстаўленне абвінавачванняў шасцярым затрыманым: Глебу Фіцнеру, Іллі Трахтэнбергу, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенцы і выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай. Усіх іх вырашана было пакінуць пад вартай.

Праваабаронцы заявілі пра тое, што разглядаюць шасцярых актывістаў студэнцкага руху ў якасці палітзняволеных, запатрабавалі іх неадкладнага вызвалення і спынення іх крымінальнага пераследу. Яны таксама заклікалі пакласці канец палітычным рэпрэсіям у Беларусі.

Сумесную заяву ініцыявалі пазбаўленыя рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна», праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва», Беларускі дакументацыйнага цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, а таксама Кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта».

Такім чынам, у Беларусі ўжо 132 палітычныя зняволеныя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках