23 студзеня 2021, Субота, 19:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар «БелДжы» ўжо не абяцае тысячу электрамабіляў «Джылі»

25
Дырэктар «БелДжы» ўжо не абяцае тысячу электрамабіляў «Джылі»
ФОТА: EX-PRESS.BY

Беларуская акумулятарная батарэя далёкая ад запуску ў прамысловую вытворчасць.

Яшчэ ў пачатку жніўня сёлета генеральны дырэктар СЗАТ «БелДжы», размешчаны ў Барысаўскім раёне, Генадзь Свідзерскі распавядаў на беларускай тэлевізіі пра планы выпуску на заводзе тысячы электрамабіляў, якія будуць каштаваць ўдвая танней, чым у канкурэнтаў, паведамляе ex-press.by.

Навіна разляцелася ва ўсіх гарадах і вёсках «саюзнай дзяржавы», дзякуючы яе перадруку ў многіх медыя.

І яшчэ зусім нядаўна падчас правядзення форум «Інавацыйная Барысаўшчына 2.0» Генадзь Свідзерскі зноў пацвердзіў гэтыя планы журналістцы «Менскай праўды» Алене Драздоўскай:

- У 2021 годзе плануем выпусціць тысячу электрамабіляў. Яны будуць удвая таннейшыя, чым у нашых канкурэнтаў.

Больш за тое, гендырэктар «БелДжы» ўдакладніў тэрміны:

- У другім паўгоддзі налета ўвядзём электрамабіль.

Як бы ў пацвярджэнне гэтых слоў перад гарадскім Палацам культуры Барысава, дзе праходзіў Беларускі інвестыцыйны форум, быў выстаўлены электрамабіль «Джылі».

Прайшло не больш за два тыдні, як у эфіры Беларускага радыё ў аналітычнай праграме «Актуальны мікрафон» Генадзь Браніслававіч зноў дае вялікае інтэрв'ю пра поспехі ўзначаленага ім прадпрыемства.

Аднак з нагоды выпуску тысячы электрамабіляў налета дырэктар БелДжы быў ужо больш стрыманы і менш катэгарычны.

З інтэрв'ю высветлілася, што тысяча электрамабіляў можа быць рэалізаваная на прасторах Беларусі і Расеі толькі ў тым выпадку, калі машына будзе каштаваць не больш за 30 тысяч даляраў. Гэта значыць, прыблізна ўдвая танней за амерыканскую «Тэслу».

Якія ж перадумовы для гэтага ёсць? Высвятляецца, перадумоў няшмат. Беларуская акумулятарная батарэя, над якой б'юцца спецыялісты Акадэміі навук РБ і пра якую таксама шмат добрага распавядалі ў дзяржаўных СМІ, на думку Свідэрскага, яшчэ далёкая ад запуску ў прамысловую вытворчасць.

Застаецца адна надзея - на пастаўкі Кітая. Там ужо створаны і прадаецца электрамабіль GEELY. Але пакуль кітайскія партнёры, відавочна, не вельмі хочуць прадаваць камплектуючыя так танна, каб на выхадзе беларускі аналаг каштаваў усяго 30 тысяч даляраў. Можа, угавораць партнёраў, а можа, і не.

Ды і да кітайскіх электрамабіляў, якія ў колькасці чатырох штук у сакавіку сёлета закупіў «БелДжы» для тэставання - адзін з іх, імаверна, і быў выстаўлены ля барысаўскага Палаца культуры - таксама ёсць пытанні.

Высветлілася, што магутнасці кітайскіх батарэй вельмі залежаць ад тэмпературнага рэжыму. Між іншым, са слоў Свідэрскага, калі на вуліцы ніжэй плюс дзесяці па Цэльсіі, запас ходу памяншаецца аж на 20%.

Што будзе пры тэмпературы ніжэй нуля? Яшчэ не праверылі.

Так што, падобна, з нагоды вытворчасці тысячы электрамабіляў у Барысаўскім раёне налета злёгку пагарачыліся.

Першы раз ці што?

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».