11 траўня 2024, Субота, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бутусаў: Жаўнерамі становяцца, а ваярамі - нараджаюцца

7
Юрый Бутусаў: Жаўнерамі становяцца, а ваярамі - нараджаюцца

Войска - самае высакароднае, што існуе ва Украіне.

Вядомы ўкраінскі журналіст, галоўны рэдактар сайта censor.net.ua Юрый Бутусаў павіншаваў ў «Фэйсбуку» ўкраінскіх вайскоўцаў з Днём узброеных сіл Украіны:

- Войска - самае высакароднае, што існуе ва Украіне. І самае жорсткае, што правярае на трываласць.

Я прачытаў тысячы кніг пра вайну, але толькі калі пачаў пісаць інтэрв'ю і размаўляць з франтавікамі ў сваёй краіне, я ўбачыў, што разам з высакароднасцю войска ўладкаванае таксама як і ўсё ў нашай дзяржаве - як вялікі калгас, дзе інтарэсы начальства залежаць толькі ад палітыкі і піяру, дзе кар'ера рухае часцяком уменне спісаць паліва і моўчкі падмахнуць фальшывую накладную, дзе нампаліты замест "слава КПСС" размаўляюць пра "стандарты NАТО", пакідаючы войска жыць у дрыгве ручнога кіравання сяброў, кумоў і сваіх знаёмых.

Войска - гэта адзінае месца ў дзяржаве, куды найлепшыя грамадзяне краіны ідуць, і не адчуваць надзей на паспяховую кар'еру і доўгую службу, ідуць, гатовыя не атрымаць ні прызнання ні павагі камандавання, ідуць, не маючы забеспячэння многіх элементарных умоў, ідуць, атрымліваючы штодня стрэсы ад недарэчнай арганізацыі паводле пастаноў і навучання 70-х гадоў, ідуць, адрываючыся надоўга ад сям'і, сяброў, родных.

Каб паказаць свае найлепшыя якасці ў нашым войску неабходная суперматывацыя, асаблівая ўстойлівасць, асаблівы характар.

Ва ўкраінскім войску як нідзе выразна ясна:

жаўнерамі становяцца, а ваярамі - нараджаюцца. І наш, украінскі адбор - самы жорсткі.

Ваяр - гэта стан душы, і баявая эфектыўнасць залежыць не ад гадоў выслугі і не ад пасады і праходжання кар'еры - а ад асабістай матывацыі тых, хто дае вынік у баі. У нас было нямала паспяховых баёў у гэтай вайне, было шмат параз, і вывучэнне кожнага тактычнага эпізоду, якія нярэдка змянялі ход ўсёй вайны, паказвае - перамогу забяспечвае не цуд і не стрэлачкі на карце генеральных штабаўскіх піяршчыкаў.

Камандзіры падраздзяленняў узроўню аддзяленне-рота і аператары сістэм узбраення - гэта яны робяць розніцу ў баі. Гэта яны робяць войска смертаносна эфектыўным, гэта яны вызначаюць вынік у канкрэтнай кропцы прасторы і часу, пераадольваючы страты, паніку, хаос, нявызначаную абстаноўку, брак узбраення, брак забеспячэння, інфармацыі, чуткі, перавагу праціўніка. Дзёрзкія, канфліктныя, самастойныя, адрэналінавыя, нязносныя - яны любяць вайну не дзеля забойства, а дзеля максімальнай канцэнтрацыі рызыкі і адказнасці ў сваіх руках.

Дзеля служэння сваёй краіне, дзеля маральных прынцыпаў, у нашым войску ёсць Ваяры, гатовыя пераадолець усё - каб стаць пераможцам. І эфектыўнасць войска вызначаецца тым, колькіх Ваяроў яно здольнае сабраць пад свае сцягі, колькіх яно здольнае выхаваць і зрабіць вастрыём і стрыжнем баявых падраздзяленняў.

Наша папяровая частка войска такіх не любіць і абчэсвае пад бюракратычным прэсам. Завальванне паперкамі кантрактнага войска ў 21-м стагоддзі з'яўляецца абсалютнай бязглуздзіцай вайсковага палітычнага кіраўніцтва краіны. Замест выпрацоўкі сваёй стратэгіі і асэнсавання свайго досведу, замест дакладных мэтаў, накіраваных на падвышэнне баяздольнасці войска, украінскія лідары капіююць нейкія дэталі чужых абарончых сістэм, не заўважаючы перад сваім носам элементарнае - напрыклад, 18 часопісаў уліку ротнага і 5 пабудоў у дзень на пляцы у некаторых брыгадах, непісьменнае і неэфектыўнае бюджэтнае планаванне, растрату мільярдаў на ўсякія модныя фетышы, не надаванне ўвагі галоўнаму - баяздольным людзям, здольным эфектыўна наносіць страты ворагу ў рэальным баі.

Віншую ўкраінскіх Ваяроў з днём УСУ. Вы ёсць - і ў войску і па-за войскам, і вы - рэальны шчыт нашай краіны, і толькі дзякуючы вам у нас усіх ёсць свабодная будучыня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках