11 траўня 2024, Субота, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Санкт-Пецярбургу арыштавалі беларуска-расейскага інтэгратара

15
У Санкт-Пецярбургу арыштавалі беларуска-расейскага інтэгратара

Яго абвінавачваюць у ашуканскіх дзеяннях з грашыма.

Кіраўнік апарату і чалец прэзідыума грамадскай палаты «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Аляксандр Альшэўскі арыштаваны на 1 месяц і 5 дзён. Яго абвінавачваюць у ашуканскіх дзеяннях з грашыма былога рэктара піцерскага Аграрнага ўніверсітэта Віктара Яфімава. Пра гэта паведамляе аб'яднаная прэс-служба судоў Санкт-Пецярбурга, піша tut.by.

Яфімаў нібыта перадаў Альшэўскаму 16 мільёнаў расейскіх рублёў (блізу 250 тысячаў даляраў). За гэта былы рэктар, якога абвінавачвалі ў растраце сродкаў універсітэта, спадзяваўся, што Альшэўскі застанецца сведкам у ягонай справе і дапаможа ўнікнуць пакарання. Але пасля таго, як ён адправіўся ў турму на 5 гадоў, зразумеў, што яго падманулі: Альшэўскі за 16 мільёнаў нічога не зрабіў. І адпаведна Яфімаў сам апавёў пра свой хабар, тлумачыць «Эхо Москвы».

Заяву рэктара праверылі ў Следчым камітэце РФ і пераканаліся, што рэальна дапамагчы Альшэўскі нічым не мог. Сам мужчына не прызнае сваю віну, на судзе ён паабяцаў супрацоўнічаць са следствам і пералічваў: у яго ўзнагароды за арганізацыю місіі ў Сірыі, падзякі ад Расейскай праваслаўнай царквы, сярэднямесячны прыбытак складае ад 100 тысячаў да 700 тысячаў расейскіх рублёў за месяц. Пры гэтым афіцыйнай працы ў яго няма, дыплом аб вышэйшай адукацыі палітолага так і не атрымаў, займаецца кансультацыйнай і творчай дзейнасцю. Альшэўскі з'яўляецца чальцом Гандлёва-прамысловай палаты РФ, грамадскай палаты «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі і Саюза пісьменнікаў СД. Суд мяркуе, што месца яму ў СІЗА.

Пецярбургскі суд таксама пасадзіў пад варту магчымую суўдзельніцу Аляксандра Альшэўскага. Гаворка ідзе пра Таццяну Глазунову.

У Беларусі Альшэўскі быў больш вядомы як гендырэктар Еўразійскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва. Ад імя гэтай структуры ён спрабаваў прасоўваць беларускія прадукты харчавання ў Расеі і абараняў ад наездаў Рассельгаснагляду. Кампанія, паводле звестак СПАРК, зарэгістраваная ў Маскве ў 2015 годзе. У 2017-м ён не плаціў падаткі, і рахункі агенцтва былі замарожаныя. Ніякай дзейнасці кампанія не вяла, і ў 2019-м была выключаная з рэестра юрыдычных асобаў, піша «Фантанка.ру». Увесь гэты час Альшэўскі быў чальцом Расейска-беларускай справавой рады.

Партрэт Альшэўскага ўпрыгожвае і спіс чальцоў Грамадскай палаты «саюзнай дзяржавы». Акрамя яго, там ёсць дэпутаты Дзярждумы, грамадскія дзеячы з боку Расеі і Беларусі. У гэтым грамадскім аб'яднанні Альшэўскі ўважаецца кіраўніком апарату і чальцом прэзідыума. Аднак пра прарыўныя ідэі і дасягненні ГПСД мала што вядома.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках