19 сакавiка 2024, aўторак, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Мы сталі сведкамі чарговай дэвальвацыі беларускага рубля

70
Эканаміст: Мы сталі сведкамі чарговай дэвальвацыі беларускага рубля
ФОТА: АР

Ці будзе даляр далей даражэць?

На гэтым тыдні даляр даражэў рэкорднымі тэмпамі. 13 лютага ён перасягнуў псіхалагічную адзнаку 2,2 рубля.

Што гэта азначае для беларускай эканомікі? Ці варта бегчы ў абменнікі? Ці чакаць дэвальвацыі? Сайт Charter97.org пагаварыў з доктарам эканамічных навук Барысам Жалібам.

- Фактычна, мы сталі сведкамі чарговай дэвальвацыі беларускага рубля. Гэта звязанае са скарачэннем экспарту. Ён скарачаўся летась у параўнанні з аналагічным месяцам 2018 года. Статыстыка паказвае вялікае скарачэнне экспарту за студзень ды існы месяц гэтага года.

Гэта звязанае са спыненнем паставак нафты з Расеі нашым НПЗ. А нафтаперапрацоўка - гэта курыца, якая нясе залатыя яйкі ў плане здабычы валюты. Цяпер НПЗ працуюць на траціну магутнасці, максімум на палову. Калі яны працавалі на поўную магутнасць, то нафтапрадукты давалі нам да траціны ад усёй валюты.

Другая крыніца валюты ў нас - гэта калійныя ўгнаенні. З галоўным сваім пакупніком, Кітаем, мы дагэтуль не маем кантракту на пастаўку. Раней яго заўсёды ўкладалі да наступлення новага года. Таму тут таксама ўтварыўся дэфіцыт што да другой крыніцы валюты.

Адсюль і такая сітуацыя з курсам рубля. Праўда, наш Нацбанк суцяшае, маўляў, нічога сур'ёзнага, гэта часова, што гэта дэвальвацыя лакальная, і што беларускі рубель можа вярнуць свае пазіцыі, зноў выйсці на звыклы нам курс, скажам, 2,10 або 2,12. Але пакуль мы маем тое, што маем.

- Пра якія працэсы ў эканоміцы гэтая сітуацыя можа казаць?

- Адбываецца дэвальвацыя рубля, адбываецца тармажэнне ўсёй эканомікі. Тыя ж НПЗ і «Беларуськалій» робяць істотны ўнёсак у ВУП. Статыстыка неўзабаве апублікуе звесткі за студзень. Яна можа цалкам паказаць мінусавы ВУП, гэта значыць, зніжэнне ВУП у параўнанні са студзенем мінулага года. Пакуль няма зрухаў ва ўкладанні кантрактаў з расейскімі нафтавымі кампаніямі, якія даюць сыравіну. Сустрэча ў Сочы выніку не дала. Так, засталіся леташнія кошты газу. А аб нафце, гэта больш важнае пытанне для валюты, будуць яшчэ весціся перамовы, якія невядома калі і чым скончацца. Таму сітуацыя ў пачатку гэтага года вельмі дрэнная для эканомікі.

- Як вы ацэньваеце перспектывы беларускага рубля сёлета з улікам новых выклікаў для эканомікі?

- Перспектыва ўжо адчуваецца. Калі мы не выйдзем на экспарт за астатнія месяцы ў нашых традыцыйных таварных групах, а гэта нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і малочная прадукцыя (Рассельгаснагляд пакуль сваю палітыку не мяняе і абмяжоўвае пастаўкі нашым малочным прадпрыемствам), то перспектывы ў нас няважныя.

Паглядзім, тут нейкія намаганні павінен прыкласці і Нацбанк, каб гэтая дэвальвацыя не набыла абвальны характар. Будзе спадзявацца.

- Многія адзначаюць высокія інфляцыйныя чаканні насельніцтва. Ці варта наяўныя зберажэнні пераводзіць у іншую валюту?

- Так, гэтая дэвальвацыя ўжо стварыла элемент панікі, асабліва, сярод фізічных асоб. Улічваючы больш высокія рублёвыя адсоткі на дэпазіты ў банках, цэнтр цяжару зберажэнняў пачаў ссоўвацца на іх карысць. Калі раней у нас не давяралі рублю і ў валютных дэпазітах захоўвалі грошы тры чвэрці людзей, то ў апошнія гады было ўжо лепш - дзве траціны. Цяпер яны зноў сумняваюцца ў рублі. Банкі нам пакажуць, ці адбудзецца пералічэнне з рублёвых дэпазітаў на карысць валютных, нягледзячы на тое, што там адсоткі вельмі нізкія. Гэта раз.

Другое, калі дэвальвацыя будзе прадаўжацца, то як абвяшчае макраэканамічная тэорыя, следам за ёй трэба чакаць інфляцыю. Таму інфляцыйныя настроі сярод насельніцтва ўзмацняюцца. Задача ўрада і Нацбанку - абмежаваць дэвальвацыю як лакальны фактар і каб рубель аднавіў свае ранейшыя курсавыя пазіцыі.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках