28 траўня 2020, Чацвер, 4:27
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вёскi на Слонімшчыне зноў патрабуюць ад уладаў водаправод

5
Жыхары вёскi на Слонімшчыне зноў патрабуюць ад уладаў водаправод

Людзі чакаюць адказу ад уладаў.

Слонімскiя чыноўнiкi атрымалi лісты жыхароў прыгарадных вёсак Пятралевічы-1 і Пятралевічы-2 з прапановай пракласці ў вёсцы водаправод за бюджэтны кошт, пiша «Слонiмская газета».

Першы раз праблема з вадой востра паўстала ў жыхароў Пятралевічаў у 2016 годзе, калі летам у многіх калодзежах прапала вада. На той час улады прапанавалі будаваць водаправод па формуле долевага ўдзелу 50 на 50: палова сродкаў выдаткоўваецца з бюджэту, а другую палову аплачваюць вяскоўцы. Кошт пытання на той час складаў прыкладна паўтары тысячы рублёў з двара, не ўлічваючы падвод вады ад цэнтральнай трубы ў хату, які кожны гаспадар павінен быў аплаціць самастойна. Па планах водаправод мусіў быць зроблены ў 2018 годзе, але ні тады, ні ў наступным годзе да будаўніцтва так і не прыступілі — у пятралеўцаў папросту не знайшлося на гэта грошай.

Тым часам сітуацыя з вадой у вёсцы яшчэ больш пагоршылася. У 2019 годзе не толькі ў калодзежах, але і ў некаторых свідравінах, якія парабілі гаспадары, знікала вада.

«У гэтым годзе наша вёска застанецца цалкам без пітной вады. Гэту праблему патрэбна вырашаць у карацейшыя тэрміны, паколькі яна вельмі востра адбіваецца на нашым жыццезабеспячэнні. У такой сітуацыі мы прапануем пракласці цэнтральнае водазабеспячэнне за кошт бюджэтных сродкаў альбо іншай крыніцы фінансавання. Падводку труб непасрэдна да дамоў мы гатовы правесці за свой кошт», — напісалі ў сваіх лістах да мясцовых уладаў пятралеўцы.

Лісты да мясцовых уладаў і сталічнага дэпутата падпісалі адпаведна 78 і 79 чалавек. Цяпер людзі чакаюць адказу.