7 траўня 2024, aўторак, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На гэтыя дзевяць заводаў выдаткавалі 1 мільярд даляраў

11
На гэтыя дзевяць заводаў выдаткавалі 1 мільярд даляраў
Фота: tut.by

Колькі з іх прыбытковыя?

На мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусь выдаткавала больш за 1 мільярд даляраў. Праз 13 гадоў svaboda.org праверыла, як жывуць гэтыя прадпрыемствы.

З чаго ўсё пачалося

У 2007 годзе з падачы Лукашэнкі пачалася падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Дзевяці з іх выдалі крэдыты агульнай сумай, большай, чым адзін мільярд даляраў. Грошы пайшлі на закупы новага, сучаснага абсталявання, рамонт і на выплату ранейшых пазык. Падтрымку атрымалі:

Барысаўдрэў

Віцебскдрэў

Івацэвічыдрэў

Гомельдрэў

Магілёўдрэў

Рэчыцадрэў

Мастоўдрэў

Мазырдрэў

ФанДАК

Ужо пасля заканчэння мадэрнізацыі на прадпрыемствах Лукашэнка не раз адчытваў чыноўнікаў за яе вынікі. Апошні раз пра гэта ён выказаўся 24 студзеня гэтага года, калі наведваў Шклоўскі завод вытворчасці паперы.

«У нас свая дрэваапрацоўка, а ў нас тут нейкія «Кронашпаны» сваю палітыку ажыццяўляюць і дыктуюць! Забудзьцеся! Калі ты робіш табурэтку, значыць, імпарту табурэтаў быць не павінна», - сказаў Лукашэнка ў Шклове.

Што са «сваёй» дрэваапрацоўкай

Страты ад усёй галіны дрэваапрацоўкі, вытворчасці паперы і паліграфіі за 2018 год склалі 216 мільёнаў рублёў, паведамляе Белстат. З 2017 года гэты паказчык вырас у 18 разоў.

Цяпер 9 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў перададзеныя ва ўправу «Банку развіцця». Як паведамілі «Свабодзе» ў банку, аб'ём вытворчасці і продажы прадукцыі гэтых прадпрыемстваў за час праўлення банкам выраслі ўтрая.

Але агульная сума запазычанасці ў крэдытах па ўсіх прадпрыемствах складае 1,9 мільярда рублёў. Акрамя таго, прадпрыемствы маюць запазычанасці перад бюджэтам па судах і пазыках на агульную суму 93 мільёны рублёў.

Усе 9 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў цяпер аб'яднаныя ў холдынг.

«Цяпер прадукцыя холдынгу рэалізуецца ў 51 краіну свету, 84% прадукцыі пастаўляецца на экспарт. У аб'ёме экспарту Расея займае 20%, краіны далёкага замежжа - блізу 50%. За час кіравання прадпрыемствамі дрэваапрацоўкі выпуск прадукцыі, прыбытак і экспарт павялічыліся больш чым утрая», - распавялі ў банку развіцця. З іх слоў, прадпрыемствы дрэваапрацоўкі - рэнтабельныя.

«Нягледзячы на зніжаную сёлета коштавую кан'юнктуру, рэнтабельнасць у аперацыйнай дзейнасці без уліку амартызацыі складае 5%. Прадпрыемствы своечасова разлічваюцца з пастаўшчыкамі сыравіны і матэрыялаў, энэргетыкамі, банкамі, выплачваюць рэструктурызаваную запазычанасць перад бюджэтам і энэргетыкамі ў адпаведнасці з узгодненымі графікамі», - паведамляюць у банку.

На партале, на якім публікуюцца справаздачы аб фінансавай дзейнасці прадпрыемстваў, пішуць, што ўсе дзевяць дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў скончылі 2018 год з чыстай стратай. Напрыклад, «Барысаўдрэў» спрацаваў са стратамі на 17 мільёнаў рублёў, «Віцебскдрэў» - на 16 мільёнаў, «Івацэвічыдрэў» - на 6,3 мільёна.

Колькі каштуе беларуская мэбля

«Рэчыцадрэў» - адно з мадэрнізаваных прадпрыемстваў, дзе робяць гатовую мэблю. Набор у пярэдні пакой з шафы, вешалкі і камоды пад назвай «Глорыя» каштуе 881 рублёў. Драўлянае круглае люстэрка прадаецца за 51 рубель.

Гатовую мэблю робіць таксама «Гомельдрэў». Глядзім кошты на сайце фірмовай крамы ад фабрыкі.

Спальня «Лаліта» з ложка, камоды, шафы каштуе 2481 рубель.

Самая дарагая, якую знаходзім, спальня «Фальконе», каштуе 7558 рублёў.

Абедзенны стол «Басфор» ад «Гомельдрэва» каштавацьме 1119 рублёў. Самы танны пярэдні пакой, які знаходзім, каштуе 499 рублёў, гэта шафа, вешалка, некалькі скрынь.

Драўлянае крэсла са спінкай ад гэтай фабрыкі каштуе 225 рублёў.

Куды Беларусь прадае мэблю

Паводле інфармацыі Белстата, за 11 месяцаў мінулага года Беларусь экспартавала мэблі для спальні на 40,4 мільёнаў даляраў, асноўныя пакупнікі Расея, Казахстан, Нямеччына. На экспарце мэблі для кухні Беларусь зарабіла 35,5 мільёнаў даляраў, асноўны пакупнік - Расея. Увогуле, мэблі ўдалося экспартаваць на 599 мільёнаў даляраў.

Падоўжна-распілаваных, неапрацаваных лесаматэрыялаў за тыя ж 11 месяцаў Беларусь прадала на 436 мільёнаў даляраў, неапрацаваных лесаматэрыялаў хвоі на 320 мільёнаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках