23 кастрычнiка 2020, Пятніца, 4:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тут адчуваецца ягоны дух»

2
«Тут адчуваецца ягоны дух»

Нашчадкі Казімера Малевіча і Эля Лісіцкага наведалі Віцебск.

На міжнародную канфэрэнцыю з нагоды стагодзьдзя легендарнага мастацкага авангарднага аб’яднаньня УНОВІС у Віцебск прыехалі нашчадкі сусьветна вядомых мастакоў: праўнучка Эля Лісіцкага і стрыечныя ўнукі Казімера Малевіча. Карэспандэнты «Радыё Свабода» пагаварылі зь імі падчас візыту.

Канфэрэнцыя праходзіла ў залях Музэя гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. Тут у 1920 годзе пасьлядоўнікі ідэяў супрэматызму на чале з Казімерам Малевічам стварылі арт-групоўку УНОВІС (скарочана ад «Утвердители нового искусства»), каб знайсьці адказ на выклікі новага часу, адмовіўшыся ад прыёмаў традыцыйнага жывапісу.

«Малевіч — гэта ня толькі „Чорны квадрат“»

Стрыечная ўнучка Казімера Малевіча Івона Малевіч, дызайнэрка, жыве ў нямецкім Дзюсэльдорфе.

Казімер — родны брат ейнага дзеда Антонія. Пасьля Другой сусьветнай вайны Антоні выехаў у Польшчу, Казімер застаўся ў Савецкім Саюзе.

Івона нарадзілася ў Варшаве. Хацела стаць акторкай тэатра і опэрнай сьпявачкай. Дзесяць гадоў была першым сапрана ў хоры. Цяпер жыве ў Дзюсэльдорфе і апошнія дваццаць гадоў актыўна займаецца папулярызацыяй творчасьці Малевіча. Івона падарожнічае па ўсім сьвеце. Ёй дапамагае дачка Ляура.

«Для мяне важна, каб людзі даведаліся, што Малевіч — гэта ня толькі „Чорны квадрат“. Так, ён быў выдатным мастаком, але яшчэ і архітэктарам, рэжысэрам, паэтам», — кажа Івона.

Самы раньні знойдзены верш Малевіча датуецца 1906 годам. Летась Івона пачала ім сваё выступленьне падчас пэрформансу ў варшаўскім гатэлі «Палёнія-Палас», дзе адбылася першая па-за межамі Расеі выстава Малевіча.

Івона даўно хацела прыехаць у Беларусь. Яна кажа, што Малевіч зрабіў дзьве рэвалюцыі ў мастацтве. Першая — гэта «Чорны квадрат», другая адбылася тут, у Віцебску, калі ўтварыўся УНОВІС. Малевіч быў апантаны ідэяй. У гонар яе назваў дачку Унай.

«У Маскве я сустракалася з дачкой Уны. На жаль, летась яе ня стала. Яна была вельмі падобная да сваіх маці і бацькі», — кажа Івона.

Вялікая сям’я Малевічаў раскіданая па сьвеце. Нашчадкі мастака жывуць у Расеі, Канадзе, ЗША, краінах Эўропы, але падтрымліваюць сувязь. Па словах Івоны, сустрэчы і размовы са сваякамі надзвычай кранальныя. Фатаздымкі і гісторыі — спадчына, якая засталася ў сям’і. А твар Малевіча ў рысах сваякоў яна пазнае беспамылкова.

«Бачыце, мысок на лбе? — каля партрэта Малевіча пытае Івона. — Мой дзед казаў, хто мае такі мысок — сапраўдны Малевіч».

«Я прадстаўніца Малевічаў. Мой вонкавы выгляд мусіць быць запамінальным»

Івона любіць шыць і працаваць з тканінай. Яна цікавіцца футурыстычнай модай. Сёньня на ёй адна з аўтарскіх сукенак, пашытых уласнаручна. На публіцы Івона часта зьяўляецца ў супрэматычнай сукенцы паводле эскізаў Казімера Малевіча 1916 году. Яе яна таксама прывезла ў Віцебск.

«Я шыю сама. Калі выбіраю тканіну, у маёй галаве толькі супрэматычныя ўзоры Малевіча. Ён маляваў адзеньне, а таксама ўзоры да матэрыялаў».

Яркую хустку з прынтом паводле карцін Малевіча Івона атрымала ў падарунак ад віцебскіх дызайнэраў.

«Для мяне вельмі важныя адзеньне і аксэсуары. Я прадстаўніца сям’і Малевічаў ва ўсім сьвеце. Мой вонкавы выгляд мусіць быць запамінальным», — тлумачыць яна.

У Расеі Івону называюць «Мадам Чорны квадрат». На Івоне заўсёды пярсьцёнак у форме чорнага квадрата. Альбо іншыя аксэсуары з выявай славутай карціны.

Кожная рэч, зьвязаная з Малевічам, моцна ўзрушвае Івону. Нават маленькі ўчастак паркету, які захаваўся ў музэі зь мінулага стагодзьдзя.

«Я хачу абавязкова на ім пастаяць,— кажа яна. — У гэтым будынку адчуваецца дух Малевіча. Па гэтых прыступках ён спускаўся, у гэтых залях чытаў свае лекцыі».

Івоне цікавы ня толькі Малевіч, але і сучасныя мастакі, якія працягваюць ідэі яе стрыечнага дзеда. Яна ўдзельнічае ў вялікай колькасьці міжнародных праектаў. Мае намер адкрыць фонд сям’і Малевічаў. Ужо пяты год жанчына працуе над уласнай карцінай.

«Гэта будзе каляж памерам мэтар трыццаць на мэтар трыццаць. На тэму „Чорнага квадрата“ і жыцьця Малевіча, — тлумачыць яна. — Магу адкрыць адну таямніцу. У цэнтры каляжу будзе аб’ёмны чорны квадрат, а ў ім — камень, які нагадвае эмбрыён чалавека. Малевіч казаў, што чорны квадрат на белым фоне — гэта зародак усіх магчымасьцяў у мастацтве».

Паказаць калаж публіцы Івона спадзяецца на 105-годзьдзі «Чорнага квадрата» ў Маскве.

«Імя Малевіча было забаронена з 30-х гадоў»

Стрыечныя ўнукі Казімера Малевіча Станіслаў і Аляксандар Багданавы пэнсіянэры, жывуць у Маскве. Іхная бабка Марыя — сястра Казімера Малевіча. Бацька Станіслава і Аляксандра, мастак Уладзімір Багданаў, з 1962 году зьбіраў зьвесткі аб жыцьці дзядзькі і займаўся пошукамі месца яго пахаваньня — паміж пасёлкамі Немчыноўка і Рамашкава ў Падмаскоўі.

Ужо 18 гадоў браты працягваюць працу, распачатую бацькам.

«Мы знайшлі месца пахаваньня (было страчана падчас апошняй вайны. — РС). І цяпер з Аляксандрам займаемся тым, што прабіваем будаўніцтва памятнага знака ў Рамашкаве. Будаўніцтва неабходна ўзгадняць з жыхарамі населенага пункту. І тут асноўныя цяжкасьці, — кажа Станіслаў. Падчас віцебскага візыту Станіславу патэлефанавалі з добрай навіной — нарэшце зьбіраюць камісію, дзе будуць разглядаць пажаданьні месьцічаў на гэты конт».

Абодва браты жывуць у Маскве. Станіслаў служыў у касьмічных войсках. Аляксандар — былы міністар стандартызацыі і сэртыфікацыі. Цяпер Станіславу ідзе 82-і год, Аляксандру амаль 80. Іхныя бацька, родны і стрыечны дзед былі мастакамі, аднак Аляксандар і Станіслаў выбралі іншыя прафэсіі.

«У нас яшчэ ёсьць час. Бацька пачаў маляваць пасьля шасьцідзесяці. І напісаў каля 500 карцін, — жартуе Аляксандар. Карціны Ўладзімера Багданава экспанаваліся ў Віцебску, і сам мастак наведваў горад.

Станіслаў быў у Віцебску пазалетась. Ён адпачываў у Плісе і падчас экскурсіі па горадзе адкалоўся ад групы, каб наведаць музэй гісторыі мастацкай вучэльні. Аляксандар жа прыехаў упершыню. У Віцебску нарадзілася іх маці. У 30-я гады яна паехала на вучобу ў Казань і больш сюды не вярталася.

«Тут нічога не засталося пасьля вайны. Мы шматкроць і марна спрабавалі штосьці знайсьці, хаця б могілкі, дзе пахаваныя нашыя прадзеды», — кажа Станіслаў.

У сям’і Багданавых да Малевіча ставяцца з пашанай. Дарослым дзецям Аляксандра і Станіслава многае вядома пра славутага сваяка. Але так было не заўсёды.

«Вельмі мала гаварылі пра яго. Ад бабулі мы практычна нічога ня чулі», — кажа Аляксандар.

«Імя Малевіча было забаронена з 30-х гадоў. Нічога не абмяркоўвалі, — дадае Станіслаў. — Бацька нешта ведаў. Ён кантактаваў з малодшым братам Мечыславам. Той шмат расказваў. Аднак нас у гэтую справу не пасьвячалі. А ў 1980-1990-я гады часы зьмяніліся».

Аднак у Расеі Малевіч застаецца, на думку братоў, недастаткова папулярызаваным.

«Мы сутыкнуліся з тым, што пра Малевіча мала ведаюць. Так, як у Віцебску пра Шагала, — кажа Станіслаў. — Сёньня спыталі адну дзяўчыну, дзе тут вуліца Марка Шагала. Яна кажа, дзесьці там, на другім баку ракі. (Вуліца Марка Шагала даўжынёю 270 мэтраў зьявілася ў цэнтральнай частцы Віцебска ў 2016 годзе. — РС).

На думку Аляксандра, найбольш папулярны Малевіч у Нідэрляндах. Любяць мастака і ў іншых краінах Заходняй Эўропы.

«У Нямеччыне ў розных установах вісяць карціны Кандзінскага, Шагала, Малевіча. Не арыгіналы, зразумела, а рэпрадукцыі, — кажа Аляксандар. — Ладзяцца выставы ў малых гарадах. У нас збольшага толькі Масква».

«Для заходніх музэяў ня ведаць Малевіча — ганьба. У нас жа яго дагэтуль не разумеюць, — дадае Станіслаў. На ягоным пінжаку супрэматычны значок. — Гэта з Трацьцякоўскай галерэі. Чорны і чырвоны квадрат маю, на ўсе выпадкі жыцьця», — усьміхаецца Станіслаў.

«Мне пашанцавала быць носьбітам крыві Лісіцкага»

Праўнучка Эля Лісіцкага Валерыя Лісіцкая — псыхатэрапэўт, перакладчыца, жыве ў Новасібірску.

Туды ў 1944 годзе разам з сынам Енам саслалі яе прабабку — удаву Эля Лісіцкага Сафі Лісіцкую-Кюпэрс.

Валерыя — праўнучка Лісіцкага па бацькоўская лініі. Яе бацька Сяргей — сын Ена. Ен — сын Эля і Сафі.

Валерыя як псыхатэрапэўт працуе з асаблівымі дзецьмі і іхнымі сем’ямі, цікавіцца псыхалёгіяй спорту.

У Віцебск Валерыя прыехала ўпершыню. Тут яе прадзед наведваў заняткі ў прыватнай школе маляваньня Юдаля Пэна. Пазьней на запрашэньне Марка Шагала вярнуўся на пасаду выкладчыка ў віцебскую народную мастацкую вучэльню.

«Віцебскі пэрыяд быў надзвычай важным у яго жыцьці, — кажа Валерыя. — Ён прыехаў сюды Лазарам, а пакінуў Віцебск як Эль Лісіцкі. Відавочна, на яго паўплывалі людзі, якія былі побач; падзеі, што адбываліся навокал; атмасфэра гораду».

Пад уплывам Малевіча Лісіцкі зьвярнуўся да супрэматызму і быў адным з актыўных дзеячаў віцебскага УНОВІС. Найчасьцей Валерыя называе прадзеда «мой Эль».

«Ня буду таіць, што яго позьнія работы мне больш блізкія па духу і стылі. Я люблю мінімалізм, геамэтрычныя сюжэты і формы, — прызнаецца Валерыя. — „Сказ пра два квадраты“ па-за канкурэнцыяй. Падабаюцца ўсе ягоныя фігурыны (сцэнаграфічныя эскізы). Проўны (беспрадметны жывапіс, блізкі да архітэктурнай графікі. — РС) уражваюць выбарачна, зь некаторымі яшчэ варта ўбачыцца».

Габрэйскі пэрыяд Лісіцкага таксама Валерыі даспадобы. Яна кажа, што ў ім шмат магіі. Ён рабіў ілюстрацыі да дзіцячых кніг сучасных габрэйскіх аўтараў, удзельнічаў у этнаграфічных вандроўках па гарадах і мястэчках беларускага Падняпроўя і Літвы ў пошуках помнікаў габрэйскай даўніны, зрабіў рэпрадукцыі росьпісаў Магілёўскай сынагогі.

Валерыя ня лічыць сябе экспэртам у творчасьці Эля Лісіцкага. На большасьць падзеяў, зьвязаных зь імем прадзеда, яна прыяжджае ў якасьці госьці. Валерыя была на выстаўках у Маскве, Тэль-Авіве, Малазе, цяпер — на стагодзьдзі УНОВІС у Віцебску і Менску.

«Мне пашанцавала быць часткай роду, носьбітам крыві. Ціску ў нашай сям’і ніколі не было, ніякіх прымусаў цікавіцца альбо не, — кажа яна. — Кожны чалавек жыве ў сваім абсалютным выбары. Я праўнучка Эля Лісіцкага, тым ня менш акцэнтую, што ён — гэта ён, а я — гэта я.

Валерыя пачціва ставіцца да спадчыны дзеда.

«Здольнасьць Лісіцкага бачыць далёка наперад мяне ўражвае, — тлумачыць яна. — У мяне шмат пытаньняў, як ён гэта рабіў? Як магчыма апярэдзіць час настолькі? Ягонае мастацтва — гэта, магчыма, ужо XXII стагодзьдзе. У мяне такое адчуваньне, што мы і цяпер не гатовыя зразумець гэта».

Валерыя кажа, што Лісіцкі цікавы ёй і як чалавек. «Мне вельмі хацелася б ведаць, які ў яго голас», — адзначае яна.

«Дзеля такога фота гатовая выходзіць замуж у Віцебску»

Валерыя зь цікавасьцю аглядае віцебскі музэй УНОВІС. Асобная частка экспазыцыі прысьвечаная яе прадзеду. У Новасібірску пра яго ведаюць мала. Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня Эля Лісіцкага. Валерыя хоча схіліць горад да арганізацыі памятных падзей.

«У мяне шмат думак на гэты год, — кажа Валерыя. Адна з мэтаў — адшукаць партнэраў, каб выдаць кнігу Сафі аб творчасьці Эля на расейскай мове. — Мая прабабуля пражыла доўгае жыцьцё ў Новасібірску і пахаваная там».

Сафі была мастацтвазнаўцай. За нямецкае паходжаньне дэпартаваная ў Сібір. У 60-я гады ўдзельнічала ў арганізацыі выставы карцін Лісіцкага ў Новасібірскім акадэмгарадку.

На падлозе фае віцебскага музэю — выява агітацыйнага пляката «Клінам чырвоным бей белых», створанага Лісіцкім у 1920 годзе. На адным з фатаздымкаў, выкладзеных на старонцы музэю ў «Фэйсбуку», Валерыя ўбачыла маладых у шлюбным адзеньні, якія ляжалі проста на падлозе.

«З тае пары я марыла сюды прыехаць. А дзеля такога фота нават гатовая выходзіць замуж у Віцебску», — жартуе Валерыя.

Адлегласьць паміж Новасібірскам і Віцебскам — больш за 4 тысячы кілямэтраў. Доўгі пералёт да Масквы і падарожжа цягніком да Віцебска. Але Валерыя плянуе вярнуцца, каб у больш спрыяльны для прагулак час пашукаць фігурыны і партрэт Эля Лісіцкага на сьценах віцебскіх дамоў.

Да арганізацыі канфэрэнцыі да сотых угодкаў УНОВІСу і прыезду нашчадкаў мастакоў у Віцебск спрычыніліся Музэй гісторыі віцебскай народнай мастацкай вучэльні, Цэнтар беларуска-габрэйскай спадчыны і кампанія А1.