18 траўня 2024, Субота, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус у Кітаі: Сітуацыю з вірусам тут успрымаюць як «вайну без пораху»

6
Беларус у Кітаі: Сітуацыю з вірусам тут успрымаюць як «вайну без пораху»

Моладзь у Кітаі пачала незвычайны флэш-моб.

Горад Харбін знаходзіцца на Поўначы Кітая ў правінцыі Хэйлунцзян, якая мяжуе з Расеяй. Беларус Андрэй Гузееў жыве і працуе ў Кітаі, а цяпер едзе на радзіму. У аэрапорце Харбіна ён даў невялікае інтэрв'ю журналістам "Белсату". Андрэй апавёў, што на ўваходзе ў аэрапорт стаіць шмат кардонаў з медыкамі, цеплавізары вымераюць тэмпературу. Усе правяральнікі ў масках, спецыяльных халатах. Каля кожнага цеплавізара вартуюць 2-3 чалавекі, каб нікога не прапусціць.

– У горадзе ніякай панікі няма, усё вельмі ціха і спакойна. У Кітаі было свята вясны, цяпер усе вяртаюцца ў гарады, людзей на вуліцах стала больш. Пачалі працаваць гандлёвыя цэнтры. Але каб зайсці ў ГЦ, трэба прайсці кантроль тэмпературы, без індывідуальнай маскі таксама не прапусцяць. Пачалі працаваць кірмашы, дзе можна набыць ежу.

Андрэй апавядае, што блізу 70–80% кітайцаў працуюць не ў вёсках, то-бок папулярная ўнутраная міграцыя. І на свята вясны ўсе едуць да сваякоў, а потым вяртаюцца. Гэта не звязана з вірусам, а толькі з традыцыяй свята.

Вайна без пораху

– Што застаецца зачыненым?

– Зачыненыя ўсе канцэртныя пляцоўкі, скасаваныя масавыя мерапрыемствы, некаторыя ГЦ яшчэ зачыненыя, зачыненыя прыватныя дробныя крамы. Усё астатняе працуе: гарады прыбіраюць, смецце вывозяць, вада і электрычнасць ёсць. Усё добра.

– Што кажуць на мясцовай тэлевізіі? Які настрой?

– Настрой вельмі баявы. Гэтую сітуацыю з вірусам кітайцы ўспрымаюць як «вайну без пораху». Вельмі моцная кансалідацыя паміж кітайцамі. На тэлевізіі круцяць ролікі – што рабіць, каб не заразіцца. Прыходзяць SMS ад некаторых службаў, што трэба насіць маску, мыць рукі, менш шпацыраваць, менш знаходзіцца ў людных месцах. Нават пачаўся такі флэшмоб сярод моладзі. Яны пішуць у сацсетках «я застаюся дома, я нікуды не хаджу, каб не захварэць, таму што я не хачу рабіць праблемы для сваёй краіны».

– Гэта значыць нейкія захады бяспекі ўсё ж такі ажыццяўляюцца?

– Я сёння размаўляў з сябрамі з горада Уханя, у якім эпіцэнтр эпідэміі. Там на вуліцах з'явіліся прадаўцы з ежай. Горад ажывае, людзі супакоіліся. Мабыць, спачатку невялікая паніка і была. Але ўлады змагаюцца з вірусам, ён ужо, можна сказаць, лакалізаваны: тэмпы росту спыняюцца, прагнозы распаўсюду не пацвердзіліся.

Калі чалавек не можа хадзіць на працу, яму захоўваюць заробак

– Якія прагнозы даюць? Ці гавораць, што змогуць пераадолець гэты вірус? У якія тэрміны?

– Цяпер вяртаюцца людзі ў гарады. Што пачнецца? Ці будзе новы ўсплёск ці не? Ніхто не ведае. Але тыя, хто захварэў, яны знаходзяцца на карантыне. За ўсімі, хто кантактаваў [з хворымі], усталяваны кантроль – кожны дзень з імі звязваюцца, кожны дзень яны правяраюць тэмпературу. Гэтыя людзі ў зоне рызыкі. 3-4 дні таму знікла адна маладая пара, якая ляцела ў самалёце, дзе знаходзіўся хворы чалавек. Гэта быў усекітайскі пошук. Але іх знайшлі.

– Ці падтрымліваюць фінансава тых, хто страціў працу? Напрыклад, хто працаваў у школах або ў тэатрах?

– Ніхто нічога не страціў. Гэта як вакацыі. Кітайскія ўлады выпусцілі спецыяльны бюлетэнь, у якім напісана пра захаванне заробку для тых, хто не можа цяпер працаваць. У сем'ях, дзе дзеці ходзяць у школы, садкі, трэба, каб адзін дарослы заставаўся дома, бо ўстановы зачыненыя. І гэтаму даросламу ўлады захоўваюць заробак. Таксама кожны медык застрахаваны ад захворвання на 1 млн юаняў (блізу 144 тыс. даляраў). Гэта вялікая сума грошай.

Імёны махляроў апублікавалі

– Ці ёсць нейкія выпадкі, калі нехта зарабляе на вірусе? Першыя дні хадзілі чуткі, што нехта прадаваў вакцыну.

– У Ганконгу з'явіліся ашуканцы, якія прапаноўвалі вакцыну за вялікія грошы. Але іх хутка выявілі, імёны гэтых людзей апублікавалі. Усе да іх ставяцца з вялікай пагардай. Як кажуць у Кітаі, «яны страцілі свой твар». Гэта вельмі цяжка для кітайцаў – страціць свой твар. Тых, хто займаўся перапродажам масак, кітайскія ўлады таксама адсочвалі і давалі вялікія штрафы. Выпісвалі штрафы і сеткам аптэк, якія завышалі кошты на лекі і маскі.

– Ёсць людзі, якіх вылечылі. А чым іх лячылі?

– Ніякіх спецыяльных лекаў няма. Гэта пнеўманія. Чалавек проста павінен знаходзіцца пад медычным наглядам. Медыкі падтрымліваюць імунітэт чалавека, робяць яго больш моцным. Вірус вельмі небяспечны спачатку. Калі ў чалавека аслаблены імунітэт, ён можа згарэць за 3-4 дні. Але гэта датычна толькі тых, у каго былі вялікія праблемы са здароўем, з імунітэтам, а таксама пажылых людзей. Дарэчы, добрыя навіны. Сёння пачала працу новая лякарня ва Ухані на 1,3 тысячы месцаў. Яе пабудавалі за 7 дзён. Другую лякарню зрабілі за 2-3 дні. Праз тры дні скончаць будаўніцтва яшчэ адной лякарні ва Ухані на 1,3 тыс. месцаў. Вельмі хутка працуюць. Гэты досвед трэба пераймаць. Ёсць спецыяльныя праекты такіх ваенна-палявых лякарняў. І гэта вельмі добра. Яны гатовыя да эпідэміі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках