8 красавiка 2020, Серада, 21:52
Заставайся дома!
Рубрыкі

Ад Depeche Mode да Metallica: Найлепшыя каверы сусветных хітоў па-беларуску

6
Ад Depeche Mode да Metallica: Найлепшыя каверы сусветных хітоў па-беларуску

Унікальная падборка да Дня роднай мовы.

Зразумела, лепш за ўсё слухаць песні на мове арыгіналу. Але як выстаяць, калі твор перакладаюць на беларускую? Да Дня роднай мовы tut.by сабраў найлепшыя каверы сусветных хітоў.

Гор з Depeche Mode праслухаў усё, што запісалі беларускія музыкі

У 2002 годзе 16 беларускіх гуртоў і выканаўцаў запісалі трыб'ют Personal Depeche легендарнага гурта Depeche Mode (трыб'ют – прысвячэнне аднаго выканаўца іншаму, уласная версія чужой песні).

Праект ствараўся пры непасрэдным удзеле і кантролі з боку мэнэджмэнту Depeche Mode. Спявак, гітарыст і клавішнік Марцін Гор праслухаў усё, што запісалі беларускія музыкі.

– [Адной з умоваў была] непадобнасць на Depeche Mode, – казаў адзін з выканальных прадусараў праекта, менскі дыджэй Адам Старповіч. – Я казаў: мне не патрэбен Depeche Mode, у мяне ёсць уся дыскаграфія гэтай групы. Мне патрэбен «Ляпіс Трубяцкой». Або KRIWI. І цяпер я з гонарам магу сказаць, што на кружэлцы не будзе ніводнай песні, з нагоды якой можна сказаць: «Гэта вельмі падобна на дэпеш».

У праекце ўдзельнічалі Аляксей Шадзько, «Нейра Дзюбель», «Ляпіс Трубяцкой», Аляксандр Памідораў, KRIWI, N.R.M і іншыя.

«І толькі маці дапамагла яму зразумець, што гэта не праца, а нешта большае»

У 2009 годзе партал «Тузін Гітоў» і грамадская кампанія «Будзьма беларусамі» пачалі кампанію «Тузін. Перазагрузка». Згодна з першапачатковай ідэяй, самыя цікавыя айчынныя небеларускамоўныя выканаўцы розных стыляў запісвалі свае выбраныя хіты па-беларуску.

У 2011-м з'явіўся праект «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», дзе на беларускай спявалі ўжо зоркі з-за мяжы («Воплі Відаплясава», Oleg Jagger, Dreamgale, Аляксандр Рыбак, «Мумій Троль» і іншыя).

– Перапіска з Рыбаком складае блізу трыццаці лістоў цягам двух гадоў, – апавядаў Naviny.by прадусар Сяргей Будкін. – Спачатку ён адрэагаваў вельмі пазітыўна. Гэта было праз пару тыдняў пасля перамогі на «Еўравізіі». Потым заціх, папрасіў прабачэння за тое, што стаміўся. Потым абудзіўся і сказаў, што яму цікава. Пасля і сапраўды паставіўся ды гэтага, як ды камерцыйнага праекту.

Як меркаваў Будкін, Рыбак, магчыма, паставіўся да прапановы як да працы.

– І толькі маці, Наталля Валянцінаўна, дапамагла яму зразумець, што гэта не праца, а нешта большае, напэўна. Наталля Валянцінаўна падчас першай нашай размовы вельмі парадавалася, калі пачула беларускую мову. З песні відаць, што маці разумее прынцыпы маўлення, і Аляксандр выдатна праспяваў.

«Сярэднявечная музыка вельмі блізкая да року і металу паводле свайго духу»

У лютым 2020-га музыка беларускага гурта «Стары Ольса» прагучала ў новым сезоне папулярнага канадска-ірландскага тэлесерыяла «Вікінгі» на тэлеканале History. Але папулярны калектыў не ўпершыню трапіў у гісторыю – у 2014-м з'явіўся кавер на песню Metallica «One».

Ён быў запісаны ў рамках праекта тэлеканала АНТ «Легенды.Live».

– Прапанова сыграць кавер на «One» адразу здалася цікавай, але нам было няпроста прыдумаць, як гэта зрабіць, каб атрымалася «смачна», – прызнавалася Марыя Шарый (блок-флейта, шалмей, свірэль) сайту hitkiller.com. – Сярэднявечная музыка вельмі блізкая да року і металу паводле свайго духу: яна такая ж жорсткая і экспрэсіўная. Фішка гэтай кампазіцыі – лютня, сваёй барочнай строгасцю выдатна падыходзіць да характару песні. Здаецца, на лютні метал яшчэ не гралі!..

Першым рэпост зрабіў фан-клуб у В'етнаме

У 2015-м у Менск прыехаў Imagine Dragons – адзін з самых папулярных сусветных рок-гуртоў. Арганізатары канцэрта абвесцілі конкурс на найлепшы беларускі пераклад песні Radioactive, за якую калектыў быў адзначаны «Грэмі-2014» у намінацыі «Найлепшае рок-выкананне».

Пераможцай стала менская школьніца Лена Кайстра, а гурт Navi (цяпер NaviBand) палепшыў яе тэкст і запісаў сваю версію песні.

Першым рэпост відэа беларускага кавера зрабіў фан-клуб Imagine Dragons у В'етнаме. А потым відэа актыўна дзяліліся прыхільнікі гурта ў іншых краінах і на кантынентах.

«Да студыі мы сабраліся адзін раз у мяне на кухні парэпетаваць»

У 2016 годзе спевакі Дзіма Нікановіч і Вольга Сацюк (былая ўдзельніца дзіцячай «Еўравізіі» ад Беларусі) запісалі дуэтам кавер песні Più Che Puoi італьянскага выканаўцы Эраса Рамазоці.

– Да студыі мы сабраліся адзін раз у мяне на кухні парэпетаваць. Дзіма і Оля – мае добрыя таварышы, – апавядаў агенцтву «Менск-Навіны» паэт Мікіта Найдзёнаў, які пераклаў тэкст песні. – Дзіму я ўжо некалькі гадоў пішу песні, а з Оляй хацеў якраз пасупрацоўнічаць. Таму мы забілі двух зайцоў адным махам, – падзяліўся Мікіта. – Эрас Рамазоці – адзін з маіх любімых музыкаў. Ягоныя песні вельмі натхняюць, а паколькі я не ведаю італьянскай, то, калі слухаю, уяўляю нешта сваё.

Праект «Сусветныя хіты па-беларуску»

У тым жа 2016 годзе да «агучкі» сусветных хітоў на беларускай мове далучыўся tut.by і прэзентаваў міні-праект «Сусветныя хіты па-беларуску».

Адна з самых вядомых кампазіцый спевака і акцёра Адрыяна Чэлентана Confessa па-беларуску загучала голасам Юрыя Селязнёва, якому акампанавалі Яраслаў Макарыч і Арцём Краснабаеў.

«Я кахаю» – так пачуў і выканаў па-беларуску хіт Рода Сцюарда Sailing Дзмітрый Матуйза ў суправаджэнні гурта METROPOLICE.

«Галовы» па-беларуску

У 2019-м кавер з'явіўся на песню «Галовы» аlyona аlyona – хай зоркі не сусветнай, але вельмі папулярнай на постсавецкай прасторы. Кавер запісала 18-гадовая беларуская пачаткоўка спявачка Lima Osta.

– Я амаль нікога не ведаю, хто б чытаў рэп на беларускай. Думаю, трэба гэта неяк раскручваць, – заявіла беларуска.

«Вядзьмар» па-беларуску ў выглядзе кнігі і песні

«Вядзьмар» пераможна крочыць па планеце і гучыць па-беларуску. Восенню мінулага года ў выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе на родную мову выйшла кніга культавага польскага пісьменніка-фантаста Анджэя Сапкоўскага. А ўжо ў 2020 годзе народны ансамбль «Тутэйшая шляхта» з Менска перазапісаў беларускі кавер на трэк з аднайменнага серыяла.

У студзені калектыў выпусціў дэма-версію песні. Многія адзначалі, што запіс атрымаўся няякасны, не ўсе словы былі чуваць. Ансамбль узяў да ўвагі гэтыя каментары і выпусціў новы ролік, трэк для якога запісалі ў студыі.

Дарэчы, праз некалькі дзён пасля «Тутэйшае шляхты» песню з «Ведзьмара» пераспявала Валерыя Суравіцкая.