29 сакавiка 2020, Нядзеля, 2:58
Народны карантын
Рубрыкі

«Яны прапаноўвалі мне казаць на вуха адказы пра кошты на бензін»

21
«Яны прапаноўвалі мне казаць на вуха адказы пра кошты на бензін»
Фота: BELSAT.EU

Як беларусы заспелі знянацку «Белнафтахім».

У Менску 25 лютага ля офіса дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» некалькі дзясяткаў чалавек патрабавалі тлумачэння прычынаў росту коштаў на паліва. Ініцыятарам акцыі выступіў YouTube-блогер Уладзімір Цыгановіч (МозгON).

Як патлумачыў Цыгановіч у каментары naviny.by, ён са сваімі прыхільнікамі патрабаваў ад кіраўніцтва канцэрна тлумачэння механізму ўтварэння коштаў на паліва. Паводле ягоных словаў, правядзення сустрэчы на вуліцы не планавалася.

«Задачы не было стаяць на вуліцы і правесці там балаган. Задача была прыйсці, сесці ў кабінет і пагутарыць. Мы з траўня мінулага года спрабуем размаўляць з “Белнафтахімам”, каб зразумець, як фармуецца кошт на паліва. Мы накіроўвалі прапановы, прапаноўвалі сустрэцца, накіроўвалі запыты ў Саўмін. Мы атрымліваем адпіскі, дыялогу мы не ўбачылі, нават спробы не было. Таму мы пастанавілі прыйсці асабіста», – сказаў блогер.

Акрамя растлумачэння механізму ўтварэння коштаў на паліва блогера цікавіла, куды сыходзяць грошы ад перапрацоўкі беларускай нафты і колькі на гэтым зарабляе дзяржава.

Да прысутных выйшаў намеснік кіраўніка Уладзімір Сізоў.

«Да нас выйшлі на ганак, але нармальна пагутарыць не атрымалася. Калі стаіць шмат людзей, дыялог не атрымліваецца. Яны прапаноўвалі мне казаць на вуха адказы, я папрасіў, каб гаварылі гучна, стаў пераказваць іх адказы натоўпу. Яны не сталі клікаць усярэдзіну. Але галоўнае пытанне мы задалі – калі перастануць расці кошты і як зрабіць так, каб кошты зніжаліся», – сказаў ён.

УЛАДЗІМІР ЦЫГАНОВІЧ

Сізоў заявіў прысутным, што кошт на паліва залежыць ад коштаў на сыравіну, дамоўленасцяў з пастаўшчыкамі, курсаў валютаў і гэтак далей.

Як патлумачыў Цыгановіч, адказу на свае пытанні ён не атрымаў і мае намер прадоўжыць спробы дамагчыся дыялогу з прадстаўнікамі кампаніі.

«У свеце, калі кошт на нафту падае, то і кошт на бензін падае, а ў нас заўсёды расце. Мы гатовыя знайсці 5 чалавек, хто разбіраецца ў коштаўтварэнні, каб яны сустрэліся з кампаніяй, і яны пераказалі нам, народу, як фармуюцца кошты на бензін», – падкрэсліў блогер.

Цыгановіч дадаў, што выхад прадстаўнікоў канцэрна для зносінаў ужо з'яўляецца прагрэсам. Ён заявіў, што гатовы бясплатна дапамагчы канцэрну з камунікацыяй для тлумачэння гэтага пытання. Блогер падкрэсліў, што не выстаўляе палітычных патрабаванняў, а толькі эканамічныя і будзе дзейнічаць строга ў рамках закона. Таксама Цыгановіч паведаміў, што пасля мітынгу машына адной удзельніцы акцыі была спыненая супрацоўнікамі ДАІ для надгляду.

У ліпені 2019 года прэс-служба «Белнафтахіма» паведамляла, што сабекошт беларускага паліва залежыць ад кошту нафты на сусветным рынку і курсу беларускага рубля. А кошт нафты, імпартаванай у Беларусь, прывязаны да сусветных катыровак.

«Пры гэтым рост з незалежных ад нас прычынаў сабекошту паліва размяркоўваецца галоўным чынам паміж вытворцамі нафтапрадуктаў (НПЗ), прадаўцамі паліва (сеткамі АЗС) і ў мінімальнай ступені закранае раздробныя кошты, гэта значыць не перакладаецца на пакупнікоў», – паведамлялі ў канцэрне.

Праз рост кошту нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў кошт на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада – праз тыдзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў.