Беларусбанк набыў пакет акцый «Белшыны»
7- 26.02.2020, 15:49
- 9,316
Разам з тым прадпрыемства не ўвайшло ў склад банкаўскага холдынгу.
Дадатковую эмісію акцый бабруйскай «Белшыны» набыў «Беларусбанк». Яго прадстаўнік нядаўна ўвайшоў у назіральную раду шыннага камбіната. Пра гэта распавялі інфармаваныя крыніцы, піша tut.by.
Летась стала вядома аб дадатковым выпуску 23,7 млн акцый «Белшыны» наміналам 1,18 рубля на суму амаль 28 млн рублёў. З кароткай інфармацыі аб эмісіі акцый вынікала, што паперы хочуць прадаць рэзідэнтам Беларусі «для папаўнення абаротных сродкаў» «Белшыны».
- Угода закрытая, пакет акцый набыў «Беларусбанк», - сказаў суразмоўца ў банкаўскіх колах.
Разам з тым «Белшына» не ўвайшла ў склад банкаўскага холдынгу «Беларусбанка». Справа ў тым, што сума набытага пакета акцый склала толькі 15,44%.
У лютым прадстаўнік дзяржбанка ўвайшоў у назіральную раду «Белшыны», вынікае з інфармацыі на сайце дзяржкампаніі. Там таксама гаворыцца, што «Белшына» скасавала дамову на дэпазітарнае абслугоўванне з «Беларусбанкам» і склала з «Белаграпрамбанкам».
На бабруйскім прадпрыемстве адмовіліся ад каментароў.
Ужо некалькі гадоў «Белшына» скардзіцца на недахоп абаротных сродкаў. Кампанія генеравала страты на фоне нізкай рэнтабельнасці і высокай закрэдытаванасці праз правядзенне мадэрнізацыі шыннага камбіната.
На мінулым тыдні на трох заводах «Белшыны» быў абвешчаны прастой. Асноўная прычына - планавае прыпыненне на рамонт тэхналагічнага абсталявання. У той жа час на прадпрыемстве прызналі, што ў апошнія гады «Белшына» мае праблемы з абаротнымі сродкамі. Павялічылася дэбіторская і крэдыторская запазычанасці, бракуе сродкаў для закупкі сыравіны.
Зрэшты, завод масавых шын і завод буйнагабарытных шын ужо аднавілі працу.
Завод звышбуйнагабарытных шын, які таксама быў спынены 17 лютага плануецца запусціць 1 сакавіка.
За час вымушанага прастою рабочым прадпрыемства будзе выплачана 2/3 акладу.