6 красавiка 2020, панядзелак, 8:24
Заставайся дома!
Рубрыкі

Беларускія блогеры патрабуюць неадкладнага вызвалення Алеся Круткіна

8
Беларускія блогеры патрабуюць неадкладнага вызвалення Алеся Круткіна
АЛЕСЬ КРУТКІН

Яны заклікаюць да салідарнасці з актывістам «Еўрапейскай Беларусі».

Вядомыя беларускія блогеры апублікавалі ў Сеціве зварот у падтрымку актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусі» Алеся Круткіна, які адбывае цяпер адміністрацыйны арышт у Віцебску. У звароце яны патрабуюць ад уладаў спыніць неабгрунтаваны ціск на незалежных блогераў і журналістаў і неадкладна вызваліць Алеся Круткіна, піша «Витебская весна».

Суд Лепельскага раёна 26 лютага прысудзіў полацкага актывіста Алеся Круткіна да 15 дзён за правапарушэнне, прадугледжанае арт.23.34 КоАП. Гэта адбылося адразу пасля таго, як Круткін адседзеў 30 дзён запар ў віцебскім ІЧУ. Аб судзе ў Лепелі, куды актывіста тэрмінова вывезлі ў дзень вызвалення з віцебскага ізалятара, не ведалі ні ягоныя сваякі, ні сябры.

Такім чынам, за кратамі ён правядзе 45 дзён запар.

«Мы мяркуем, што такім чынам улады помсцяць Алесю Круткіну за грамадскую дзейнасць і вострую крытыку дыктатара і чыноўнікаў», - гаворыцца ў звароце, які падпісалі вядомыя ў Беларусі блогеры Зміцер Казлоў, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін і Мікалай Дзядок.

«У сваім відэаблогу ён часта выказваўся з нагоды вострых сацыяльных і палітычных пытанняў і здабыў папулярнасць падпісчыкаў сумленнай і адкрытай пазіцыяй. Замест таго, каб прыслухацца да крытыкі, Лукашэнка крыўдзіцца і змагаецца з люстэркам, у якім толькі адбіваюцца рэаліі сучаснай Беларусі», - пішуць блогеры.

Аўтары звароту патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Алеся Круткіна і спынення неабгрунтаванага ціску на блогераў і незалежных журналістаў.

Блогеры заклікаюць беларусаў да салідарнасці з Круткіным і просяць палітыкаў і грамадскіх дзеячаў падняць пытанне пра пераслед у Беларусі блогераў і журналістаў на міжнародным узроўні.

«Мы мяркуем, што Алесь Круткін павінен быць прызнаны палітычным зняволеным і заклікаем палітыкаў, праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў актыўна дамагацца яго вызвалення і спынення рэпрэсій супраць незалежных блогераў і журналістаў. Свабоду Алесю Круткіну!» - гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, у сувязі з чарговым прысудам Круткіну праваабаронцы «Вясны» звярнуліся адразу да трох спецдакладчыкаў ААН.

Алесь Круткін быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 дзён 28 студзеня ў Полацку (за ўдзел у акцыях у Менску), другія 15 дхён яму прысудзілі 12 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска (за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!» на будынку аблпракуратуры), трэція 15 дзён - у Лепельскім райсудзе.

12 лютага ў зале суда Круткін абвясціў галадоўку.

Паводле інфармацыі, атрыманай актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» ад маці актывіста, з Лепеля Алесь быў зноў перавезены ў віцебскі ізалятар часовага ўтрымання.