5 траўня 2024, Нядзеля, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для беларускай эканомікі рыхтуюць новы накдаўн

11
Для беларускай эканомікі рыхтуюць новы накдаўн

Падобныя рэчы заўсёды сканчаліся аднолькава – дэвальвацыяй.

Заробкі ў Беларусі абганяюць рост прадукцыйнасці працы. Іх напампоўка заўсёды сканчалася сумна – дэвальвацыяй. Дадатковыя выдаткі прадпрыемствы пераносяць на сваю прадукцыю. Падаражэлыя тавары горш разыходзяцца, у выніку даводзіцца скарачаць супрацоўнікаў, піша Зміцер Іванавіч у артыкуле на сайце naviny.by.

Паводле звестак Белстата, у 2019 годзе фонд заробку склаў 35,8 млрд рублёў і павялічыўся на 13,2% у параўнанні з 2018 годам. Аператыўныя звесткі не ўлічваюць звесткі пра мікра- і малыя прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці, якія будуць улічаныя ў гадавой справаздачнасці. Паводле вынікаў гадавой справаздачнасці ў 2018 годзе фонд павялічыўся з 31,6 да 40 млрд рублёў, або на 26%. Канчатковыя лікі 2019 года могуць павялічыцца ў аналагічнай прапорцыі.

Фонд заробку ўключае ў сябе заробак, выплаты стымулёўнага і кампенсавальнага характару і не ўключае выплаты за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

Магілёўская вобласць у хвасце

У рэгіянальным разрэзе павелічэнне фонду заробку нязначна адрознівалася ў абласцях. У лідарах у прыросце Менск, дзе фонд заробку вырас на 15,5%.

Асноўная прычына – 90% беларускага ІТ-сектару сканцэнтравана ў сталіцы, заробкі ў ім высокія і павялічваліся ў 2019 годзе. У адрозненне ад многіх відаў дзейнасці, у гэтым сектары колькасць супрацоўнікаў таксама вырасла. У сталіцы ён практычна зраўняўся ў фондзе заробку з усёй прамысловасцю, пры гэтым сярэдняспісачная колькасць супрацоўнікаў у прамысловасці ў 3,6 разы большая.

Самыя нізкія тэмпы росту фонду заробку прадэманстравала Магілёўская вобласць – блізу 11%. Прычына – невысокі (менш за 10%) рост заробкаў у прамысловасці рэгіёну, у якой вялікая ўдзельная вага ў агульным аб'ёме заробнага фонду.

Прамысловасць скарачае супрацоўнікаў

Паводле вынікаў 2019 года прамысловасць прадаўжае захоўваць за сабой пазіцыі лідаркі ў фармаванні фонду заробку. 10,3 млрд рублёў было выплачана супрацоўнікам, занятым на прамысловых прадпрыемствах краіны, а сярэдняспісачная колькасць супрацоўнікаў склала 736 тысячаў.

Рост фонду заробку ў прамысловасці склаў больш за 10%. Гэта нядрэнна, калі б пры гэтым сама прамысловасць расла аналагічнымі тэмпамі. Але не, аб'ём прамысловай вытворчасці ў актуальных коштах 2019 года вырас толькі на 2,8%.

Шматлікія заявы ўрада, што рост заробкаў не павінен абганяць рост прадукцыйнасці працы, чарговы раз праігнараваныя. Яшчэ адзін трэнд – прамысловасць паступова будзе страчваць свае пазіцыі найбуйнейшага працадаўцы ў краіне. Самыя буйныя скарачэнні колькасці супрацоўнікаў у 2019 годзе былі менавіта ў прамысловасці.

На другім месцы ў памеры фонду заробку – адукацыя. У якасці заробкаў і іншых выплатаў больш як 400 тысячам супрацоўнікаў адукацыі было выплачана 3,7 млрд рублёў, або на 17% больш у параўнанні з 2018 годам. І гэта без адлічэнняў у ФСАН, якія ўлічваюцца ў бюджэтных выдатках на гэтую галіну.

З улікам таго, што ўсяго на адукацыю планавалася выдаткаваць 6,7 мільярда рублёў, больш за 70% выдаткаў на адукацыю – гэта заробак. І, паводле папярэдніх прагнозаў, на заробкі ў адукацыі ў 2020 годзе накіруюць на 17% больш, чым у 2019 годзе.

На трэцім месцы – ахова здароўя. Фонд заробку склаў у 2019 годзе 2,74 мільярда рублёў, сярэдняспісачная колькасць супрацоўнікаў – 261 тысяча, за 2019 год фонд вырас на 16,4%. У ахове здароўя выдаткі на заробак могуць складаць 67-68% ад агульнага аб'ёму вылучаных сродкаў.

Ці вытрымае бюджэт?

Як можна заўважыць, два з трох найбуйнейшыя фармавальнікі фонду заробку – бюджэтныя сектары эканомікі. У адрозненне ад заробкаў у іншых сектарах, заробкі бюджэтнікаў фармуюцца загадзя і прапісваюцца ў бюджэце. І рост на 2020 год ужо запланаваны.

Праблема ў іншым.

Выдаткі бюджэту проста залежаць ад яго прыбыткаў. У 2020 годзе, у адрозненне ад папярэдніх перыядаў, бюджэт у Беларусі дэфіцытны. Пачатак года не дадае аптымізму ў частцы росту эканомікі. Канфлікт вакол паставак нафты да канца не ўрэгуляваны, паступленне экспартных мытаў у бюджэт відавочна далёкае ад запланаваных паказнікаў, некаторыя прамысловыя прадпрыемствы пераводзяць супрацоўнікаў у рэжым няпоўнай занятасці ў сувязі з недастатковым аб'ёмам заказаў.

Пры гэтым ад прадпрыемстваў розных сектараў эканомікі патрабуецца скараціць колькасць супрацоўнікаў з заробкам меншым за 500 рублёў. Што будзе рабіць у гэтых умовах кіраўніцтва прадпрыемстваў – здагадацца нескладана.

Калі ў вас скарачаецца рынак, вы пачынаеце аптымізаваць выдаткі. Самы хуткі спосаб – пазбаўленне ад лішніх супрацоўнікаў. Гэта развязвае адразу дзве задачы – можна звольніць людзей з нізкім заробкам, а заробкі і функцыянальныя абавязкі звольненых размеркаваць паміж астатнімі.

Вышэй за пояс не скокнеш

Хуткі рост заробкаў толькі на першы погляд з'яўляецца дабром. Усе дадатковыя выдаткі прадпрыемствы пераносяць на выпусканую прадукцыю. Тавары даражэюць, іх менш набываюць, зніжаецца аб'ём заказаў і прадпрыемства вымушанае скарачаць людзей.

Апераджальны рост заробкаў для Беларусі заўсёды сканчаўся аднолькава. Перад выбарамі 2010 года ўлады рэзка падвышалі заробкі, і гэта скончылася абвальнай дэвальвацыяй. У 2014 годзе беларускія заробкі навобмацак цягнуліся да расейскага ўзроўню, і гэта зноў справакавала дэвальвацыю.

Жаданне плаціць высокі заробак можна толькі вітаць, але ў тым выпадку, калі яно адпавядае аб'ёму вырабленай прадукцыі або паслуг. Валюнтарызм жа ў гэтым пытанні паварочваецца вялікімі непрыемнасцямі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках