30 сакавiка 2020, панядзелак, 20:12
Народны карантын
Рубрыкі

СААЗ: У свеце распрацоўваецца блізу 20 вакцын ад каранавірусу новага тыпу

6
СААЗ: У свеце распрацоўваецца блізу 20 вакцын ад каранавірусу новага тыпу

Першыя клінічныя выпрабаванні ўжо пачынаюцца, аднак да паўсюднай вакцынацыі пакуль далёка.

У свеце распрацоўваецца блізу 20 вакцын ад каранавіруса новага тыпу COVID-19. Пошукам развязання займаюцца некалькі краін. Першыя клінічныя выпрабаванні ўжо пачынаюцца, аднак да паўсюднай вакцынацыі пакуль далёка. Пра гэта заявіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), паведамляе «Голас Амерыкі».

Вядучыя спецыялісты паведамляюць, што клінічныя выпрабаванні і пацверджанні бяспекі, неабходныя для выпуску працаздольнай вакцыны на рынак, могуць заняць да 18 месяцаў.

Першыя выпрабаванні вакцыны на людзях, якія пачаліся на гэтым тыдні ў ЗША, былі беспрэцэдэнтнымі ў хуткасці, заявілі ў СААЗ. Паводле звестак арганізацыі, гэта адбылося праз тое, што Кітай і іншыя краіны падзяліліся геномам новага каранавіруса з навукоўцамі ва ўсім свеце.

Як піша The Wall Street Journal, больш за 20 тысяч чалавек пагадзіліся паўдзельнічаць у пошуку вакцыны супраць новага каранавіруса разам з брытанскімі навукоўцамі з лабараторыі hVIVO. Удзельнікаў эксперыменту не будуць заражаць COVID-19 праз адсутнасць лекаў. Для гэтага будзе выкарыстаны вірус таго ж сямейства. Тысячы чалавек будуць знаходзіцца на тэрыторыі распаўсюджвання віруса. Выпрабаванне будзе паспяховым у выпадку, калі чалавек не захварэў. За ўдзел у эксперыменце пакладзенае ўзнагароджанне ў суме трох з паловай тысяч фунтаў.

Расея заявіла аб выпрабаванні шасці вакцын. 19 сакавіка Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што расейскія спецыялісты расшыфравалі поўны геном віруса. Паводле звестак міністэрства, гэта можа паскорыць з'яўленне вакцыны.

Распаўсюджванне СОVID-19 пайшло ў снежні мінулага года з Кітая. На сёння ў свеце захварэлі амаль 277 тысяч чалавек, памерлі больш за 11 тысяч пацыентаў. У сакавіку цэнтр эпідэміі перамясціўся ў Італію. Там зафіксаваныя больш за 47 тысяч выпадкаў заражэння вірусам новага тыпу. Колькасць памерлых склала больш за чатыры тысячы - амаль на 800 чалавек больш, чым у Кітаі.