Расея забараніла вывозіць з краіны крупы
23- 23.03.2020, 17:21
- 24,436
Абмежаванні закрануць у асноўным экспарцёраў рысу.
Расея ўвяла часовую забарону на экспарт круп. Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніцы кіраўніка Рассельгаснагляду Юліі Швабаўскене ў тэрытарыяльныя органы ўстановы, піша meduza.io.
Забарона ўведзеная з 20 сакавіка тэрмінам на 10 дзён. Пры гэтым у лісце адзначаецца, што ён будзе дзейнічаць да «адмысловых указанняў» рабочай групы Дзяржсавета ў барацьбе з каранавірусам.
Забарона распаўсюджваецца на ўсе тыпы круп. Адзначаецца, што абмежаванні закрануць у асноўным экспарцёраў рысу, бо паставак грэчкі на замежныя рынкі фактычна няма.
Пра тое, што ўлады Расеі гатовыя абмежаваць экспарт прадуктаў першай неабходнасці, калі іх не будзе ставаць жыхарам краіны, 17 сакавіка заявіў першы віцэ-прэм'ер Андрэй Белавусаў.
Паводле звестак на раніцу 23 сакавіка, у Расеі каранавірус выявілі ў 438 чалавек. Больш за ўсё захварэлых у Маскве - 262 чалавекі.
Праз каранавірус у Расеі вырас попыт на крупы (напрыклад, грэчку) і іншыя харчовыя тавары працяглага захоўвання, а таксама на медыцынскія маскі і антысептыкі.