19 сакавiка 2024, aўторак, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беражыце сябе і сваіх любых

19
Беражыце сябе і сваіх любых
Андрэй Саннікаў

Мы здольныя абараніць нашых дзяцей і дапамагчы паджылым людзям.

"Цяпер каранавірус вельмі сур'ёзна змяняе жыццё ў нашай краіне.

Усё сур'ёзна. І вы таксама пастаўцеся да гэтага сур'ёзна.

Мы справімся з гэтай задачай, калі сапраўды ўсе грамадзяне зразумеюць яе як СВАЮ задачу

З часоў Другой сусветнай вайны не было большага выкліку, пры якім настолькі шмат залежала б ад нашых супольных салідарных дзеянняў.

Усё, што можа пагражаць людзям, усё, што можа нашкодзіць чалавеку або грамадству, мы павінны цяпер абмежаваць.

Мы павінны зменшыць рызыку заражэння аднаго чалавека іншым, як толькі можам. Ніякіх мерапрыемстваў, ніякіх кірмашоў, ніякіх канцэртаў, перш за ўсё, ніякіх заняткаў у школах і ўніверсітэтах, ніякіх гульняў у дзіцячым садку і на дзіцячых пляцоўках.

Вірус закрануў кожнага з нас без разбору, і цяпер сапраўды гэтак жа без разбору мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Перш за ўсё тым, што прымем праблему насур'ёз. Не ўпадаць у паніку, але таксама ні на хвіліну не дапускаць думкі, што ад вас нічога не залежыць. Кожны на ўліку. Патрэбныя нашы агульныя намаганні.

Эпідэмія паказала нам, наколькі мы ўсе ўразлівыя, і наколькі залежныя ад асцярожных паводзін іншых. Але акрамя гэтага - супольнымі дзеяннямі мы можам абараніць і падтрымаць адзін аднаго.

Нават калі мы яшчэ ніколі не перажывалі нічога такоўскага, мы павінны паказаць, наколькі шчыра і разумна мы можам сябе паводзіць і гэтым ратаваць жыццё. Гэта залежыць ад кожнага з нас без выключэння і, такім чынам, ад нас усіх.

Беражыце сябе і сваіх любых”.

Гэта вытрымкі з нядаўняга звароту канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель да народа. Упершыню за час свайго знаходжання на пасадзе канцлерка Ангела Мэркель выступіла з такім шчырым зваротам да людзей. Значыць, сітуацыя вельмі сур'ёзная. Калі трывогу б'е еўрапейская лідарка, якая валодае практычна ўсёй на сённяшні дзень інфармацыяй пра каранавірус, да гэтага трэба прыслухоўвацца.

У Беларусі мы ніколі не пачуем такога ўсхваляванага чалавечага звароту. Прычына простая: у Беларусі ўладу ўжо даўно ніхто не абірае, і гэтая самая незаконная ўлада цалкам страціла ўсякае пачуццё рэальнасці і ап'янела ад уласнай беспакаранасці.

Адсутнасць адэкватнай рэакцыі на пандэмію - гэта злачынства, і гэта злачынства чыніцца ў Беларусі кожны дзень.

Гэта злачынства і супраць суседніх краін, бо каранавірус не ведае межаў, і небяспечная сітуацыя ў адной краіне ўплывае на агульную дынаміку пандэміі.

Улады да таго ж свядома пагаршаюць сітуацыю.

Раптам прыспічыла арганізаваць раптоўную праверку боегатоўнасці ўзброеных сіл з удзелам 6 000 вайскоўцаў. Гэта значыць, што дзясяткам тысяч чалавек, уцягнутым у гэтыя вучэнні пагражае заражэнне, і яны могуць заразіць сваіх родных і блізкіх. І пастаянная хлусня. У гэтым выпадку пра тое, што вучэнні - гэта рэакцыя на шматнацыянальныя манеўры NATO каля нашых межаў. Акурат NATO праз каранавірус значна памяншае маштаб запланаваных манеўраў "Абаронца Еўропы 2020".

Працяг футбольнага чэмпіянату Беларусі - гэта ж не пастанова спартоўцаў, а капрыз тых жа ашалелых уладаў. Футбалістаў шкада, іх матчы нагадваюць тараканавыя забегі на пацеху букмекерам, а не спорт. Бо яны спрыяюць распаўсюджванню віруса. Рызыкуюць самі і падстаўляюць заўзятараў, якія па дурасці ходзяць на гэтыя матчы.

Упартае нежаданне закрыць на карантын дзіцячыя ўстановы, школы, ВНУ - гэта злачынства супраць жыцця чалавека.

На жаль, нічога новага ў такіх паводзінах незаконнай улады няма.

Аднак ёсць новая сітуацыя, небяспечная для нашага здароўя і нашага жыцця.

Кажуць, што Ангела Мэркель выступала нават не як палітык і вышэйшая службовая асоба Нямеччыны, а як блізкі ўсім чалавек, устурбаваны тым, што адбываецца ў сувязі з пандэміяй. І звярталася яна не толькі да немцаў, але і да ўсіх жыхароў Еўропы.

Давайце прыслухаемся да яе эмоцый і будзем пільнавацца ейных парад, тым больш, што мы на гэта здольныя.

Мы здольныя самі зрабіць усе тыя захады, якія ўжо даўно зрабілі нашы суседзі.

Мы здольныя абараніць сваіх дзяцей, пакінуўшы іх дома і навучыўшы правілам паводзін у перыяд эпідэміі.

Мы можам перастаць хадзіць на масавыя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы, што дапаможа спыніць небяспечныя для спартоўцаў і гледачоў гульні.

Мы можам дапамагчы нашым гераічным лекарам і падтрымаць іх не толькі ў іх працы, але і даць ім тыя ж ільготы, якія ім даюць у суседніх еўрапейскіх краінах.

Мы можам і павінны падтрымаць усіх, на каго кладзецца дадатковая нагрузка ў сувязі з эпідэміяй, сярод іншага прадаўцоў прадуктовых крам і аптэк.

Вядома ж, мы павінны ў першую чаргу паклапаціцца пра паджылых людзей.

Каранавірус змяняе свет, і ад нас залежыць, як кожны з нас будзе паводзіцца ў гэты складаны час, і якімі мы станем пасля.

Беражыце сябе і сваіх любых.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках