11 траўня 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карантын у Еўропе: як урады ратуюць жыцці грамадзян

3
Карантын у Еўропе: як урады ратуюць жыцці грамадзян
Фота: Davide Pischettola/NurPhoto/Getty Images

У многіх краінах ужо ўведзеныя жорсткія абмежаванні.

Еўрапейскія краіны ў працэсе барацьбы з пандэміяй каранавіруса адна за адной уводзяць жорсткія захады і проста пад страхам пакарання загадваюць грамадзянам выходзіць з дому толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, паведамляе bbc.com.

Італія

«Мы пачыналі з простых заклікаў «калі ласка, не збірайцеся», а цяпер людзі, убачыўшы кагосьці падазронага на вуліцы, самі тэлефануюць у паліцыю: праверце яго! Напэўна ў яго няма пропуску! На вуліцах паліцыя, карабінеры. Правяраюць усіх», - піша Андрэа Саўле з горада Трыеста, удзельнік закрытай прафесійнай групы ў WhatsApp, якая аб'ядноўвае людзей з розных краін (тут і далей - цытаты ўдзельнікаў гэтай групы, калі не пазначана іншае).

У найбольш пацярпелай ад каранавірусу Італіі - максімальна жорсткі карантын. Закрыта ўсё, акрамя прадуктовых крам, буйныя гарады пустыя ўжо некалькі дзён. Грамадзяне павінны мець пры сабе паперу, дзе гаворыцца, навошта яны выходзяць з дому. Штраф за парушэнне рэжыму карантыну - ад 300 да 4000 еўраў, а калі на вуліцы будзе злоўлены чалавек з пацверджаным каранавірусам, то яму пагражае да пяці гадоў турмы.

Гішпанія

«Паліцыя многіх правярае. Штрафы і нават турма, калі ў чалавека няма пісьмовага дазволу ездзіць на працу», - піша з Гішпаніі Рамон Вілара Гіралт.

У Гішпаніі карантын уведзены яшчэ 14 сакавіка. Паліцэйскія дроны заклікалі людзей разысціся з пляжаў, плошчаў і іншых месцаў збору людзей. На вуліцу ў краму па прадукты раз на дзень можа выходзіць толькі адзін сямейнік.

За парушэнне рэжыму карантыну тут уведзеныя жорсткія пакаранні: штраф можа дасягаць 30 тысяч еўраў, а ў пэўных выпадках парушальнік можа і сесці ў турму на тэрмін да года.

23 сакавіка, напрыклад, паліцыя арыштавала жанчыну з каталонскага горада Тартоса, калі яна вярталася са спаткання, пазнаёміўшыся з маладзёнам у інтэрнэце.

Нямеччына

«Калі хто зладзіць вечарынку ці збярэцца больш за дваіх, могуць аштрафаваць прыкладна на 200 еўраў. Туалетную паперу, аднак, па-ранейшаму скупляюць, яе цяпер прадаюць не больш за адну ўпакоўку ў адны рукі», - піша з Нямеччыны Штэфані Вайнбергер.

У Нямеччыне новыя жорсткія правілы на федэральным узроўні ўвялі з 23 сакавіка. Людзям забаронена збірацца больш за два чалавекі, калі толькі яны не жывуць разам, і за выкананнем гэтага патрабавання будзе сачыць паліцыя.

«Аб штрафах ніякіх указанняў, якія распаўсюджваюцца на ўсю Нямеччыну, не дадзена, яны застаюцца на меркаванне асобных зямель. Паўночны Рэйн-Вестфалія і Рэйнланд-Пфальц, напрыклад, могуць устанавіць штрафы да 25 тысяч еўраў», - тлумачыць газета Spiegel.

Чэхія

Чэхія ўвяла надзвычайнае становішча і жорсткія забароны з 13 сакавіка. Выходзіць на вуліцу загадана толькі пры крайняй неабходнасці і абавязкова ў масцы.

За выкананнем апошняга патрабавання даволі лёгка прасачыць, і 19 сакавіка, напрыклад, чэшская паліцыя 1316 разоў спыняла на вуліцы грамадзян без масак. Праўда, штраф збіраюцца выпісаць праз суд толькі 14 з гэтых грамадзян, астатніх папярэдзілі вусна.

21 сакавіка паліцыя аднаго чэшскага горада аштрафавала двух грамадзян за адсутнасць маскі на 10 тысяч крон кожнага. Праўда, яны пагоршылі сваю віну ўжываннем спіртнога ў грамадскім месцы.

Наогул штраф за невыкананне карантыну ў Чэхіі можа складаць да 3 млн крон, але гэта ў выпадку, калі чалавеку загадана адправіцца на карантын, а ён парушыў прадпісанне.

Польшча

Польскія ўлады замянілі рэкамендацыі наўпроставай забаронай бязмэтна бадзяцца на вуліцы і збірацца больш за два чалавекі з 24 сакавіка.

Нават у касцёле на набажэнстве, згодна з указам урада, не павінна быць больш за 5 чалавек адначасова.

Забарона спачатку ўведзеная да 11 красавіка, а штраф за непаслушэнства - да 5000 злотых.

Брытанія

Брытанскі ўрад перайшоў ад угавораў да забароны з 23 сакавіка. З гэтага дня ў краіне дазволена выходзіць з дому толькі па ежу, тавары першай неабходнасці і лекі або для паездак на працу, што прызнана жыццёва неабходным.

Акрамя таго, брытанцам дазволены адзін шпацыр на дзень. Але пры гэтым збірацца больш за дваіх забаронена.

Прэс-служба ўрада паабяцала, што штрафаваць за парушэнне гэтых патрабаванняў паліцыя пачне ўжо з чацвярга, і штраф складзе 30 фунтаў.

Паліцыя кажа, што перш за ўсё спадзяецца не на штрафы, а на разуменне і законапаслухмянасць людзей, а што тычыцца патрабавання выходзіць з дому на шпацыр толькі раз на дзень, то яго выкананне, на думку паліцыянтаў, наогул немагчыма пракантраляваць.

«Вядома, паліцыя будзе займацца людзьмі, якія будуць збірацца ў групы больш за два, але правяраць, колькі разоў чалавек выйшаў у краму - гэта проста нерэальна», - сказаў кіраўнік прафсаюза паліцыянтаў Англіі і Уэльса Джон Аптэр.

Іншыя краіны

Цэлая група еўрапейскіх краін яшчэ не дайшла да той стадыі барацьбы з каранавірусам. Гэта, напрыклад, краіны Бенілюкса і Балтыі, а таксама Фінляндыя, Швэцыя і Нарвегія.

Гэтыя краіны пакуль, як і амаль усе суседзі, закрылі межы для замежнікаў, закрылі навучальныя і забаўляльныя ўстановы, забаранілі масавыя мерапрыемствы і сходы - але да наўпроставай забароны выходзіць надвор без патрэбы справа пакуль не дайшла.

Але, магчыма, дойдзе.

«Некаторыя ўспрымаюць карантын як нечаканы вясёлы адпачынак, калі можна збірацца кампаніямі, спусташаць гандлёвыя цэнтры і гэтак далей. Папярэджанні, просьбы, угаворы - на жаль, як аб сценку гарохам. Таму трэба пайсці іншым шляхам», - напісаў 23 сакавіка ў «Фэйсбуку» прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс.

З 25 сакавіка Літва ўвяла забарону збірацца больш за дваіх.

Кропкавы карантын

На постсавецкай прасторы каранавірус сустракаюць па-рознаму: хтосьці спыняе грамадскі транспарт, хтосьці абвяшчае ва ўсёй краіне вакацыі на тыдзень.

Улады Казахстана вызначыліся ўжываннем не толькі тэрытарыяльнага, але і кропкавага карантыну.

Яны ўвялі карантын у дзвюх сталіцах, Нур-Султане і Алматы, забараніўшы ўезд і выезд з іх і закрыўшы крамы, гандлёвыя цэнтры і рэстарацыі.

Акрамя таго, у Казахстане пачалі змяшчаць на карантын асобныя жылыя дамы. Тыя, дзе выяўленыя носьбіты віруса ці людзі з падазрэннем на вірус.

«19 сакавіка прыехаў патруль паліцыі, потым Нацыянальная гвардыя, прывезлі біятуалеты для сябе, паставілі агароджы на ўваходах-выхадах - і нікога не ўпускаюць і не выпускаюць. Сказалі, карантын на 15 дзён», - распавяла жыхарка Алматы Паліна.

Яна жыве побач з адным з такіх «карантынных дамоў», 22-павярховым гмахам.

Паводле інфармацыі гарадскіх уладаў Алматы, усяго ў горадзе заблакаваныя 15 такіх будынкаў. Яны называюць іх «асяродкамі заражэння» і абяцаюць паступова здымаць з іх карантын з канца сакавіка.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках