«Гэта зусім не падобна на грып»: Адчайны аповед лекара пра каранавірус
14- 29.03.2020, 8:42
- 59,210
Італьянскі хірург апісаў будні медыкаў на «сапраўднай вайне».
Хірург «Humanitas Gavazzeni e Castelli» Даніэле Макіні з італьянскага Бергама апублікаваў у «Фэйсбуку» свой аповед пра эпідэмію каранавірусу. Спецыяліст заявіў, што сітуацыя вельмі складаная. Паводле ягоных словаў, пацыенты прыходзяць у аддзяленне неадкладнай дапамогі адзін за адным.
«Маўчаць цяпер – безадказна, таму хачу данесці да людзей тое, што перажываем... За два гады працы ў Бергама я такога не бачыў. І гэта зусім не падобна на грып», – напісаў Макіні.
Медык расказаў, што літаральна асалапеў, калі назіраў за рэарганізацыяй лякарні ў якой працуе:
«...На мінулым тыдні, калі вораг яшчэ не быў такі моцны – палаты вызвалялі для новых пацыентаў, рэанімацыю пашыралі. Прыёмнае аддзяленне пераабсталявалі для зніжэння распаўсюджвання інфекцыі. У апусцелых калідорах стаяла сюррэалістычная цішыня. Мы быццам рыхтаваліся да вайны, не разумеючы, якой жорсткай яна можа апынуцца».
Даніэле не адмаўляе, што напалоханы, у тым ліку узроўнем асабістай адказнасці кожнага з жыхароў Італіі:
«...Панікаваць не трэба, так, але мне вельмі трывожна, калі я бачу, што грамадзяне прадаўжаюць збірацца разам і скардзяцца, што цяпер не могуць, напрыклад, схадзіць у спартзалу».
Медык напісаў, што цяпер тыя, хто да іх звяртаецца, пратрымліваліся ўсіх указанняў Міністэрства аховы здароўя – заставаліся дома з падвышанай тэмпературай тыдзень ці дзесяць дзён, але ў іх праблемы з дыханнем, ім патрэбны кісларод.
«Сітуацыя стала драматычнай – іншых словаў няма. Вайна ў разгары, бітвы ідуць і днём, і ноччу», – сцвярджае ён і дадае, што каранавірус недастаткова вывучаны, тэрапія, якая ўжываецца супраць яго – эксперыментальная, лекі, якія ўжываюць, каб супрацьстаяць каранавірусу, нешматлікія – усё залежыць ад імунітэту і канкрэтнага арганізма:
«Давайце паглядзім праўдзе ў вочы: усё залежыць толькі ад нашага арганізма – адна надзея на тое, што ён справіцца самастойна. Мы можам змясціць чалавека ў рэанімацыю, толькі калі ён перастае спраўляцца сам.
Грып не мог бы стаць прычынай такога хуткага развіцця трагедыі. Пры класічным грыпе – не беручы да ўвагі розніцу ў маштабах заражэння – ускладненняў значна менш», – піша медык.
Спецыяліст адзначае, што COVID-19 шкодзіць непасрэдна альвеолам лёгкіх, якія перастаюць выконваць свае функцыі, і тады надыходзіць моцная дыхальная недастатковасць.
«Даследаванні лёгкіх зноў паказваюць адну карціну: усё тая ж двухбаковая міжтканкавая пнеўманія. Усіх трэба шпіталізаваць, камусьці – рабіць інтубацыі і змяшчаць у рэанімацыю. Для некага ўжо занадта позна».
Адзначаецца таксама, што ў зоне рызыкі не толькі старыя і людзі сталага веку: «Выбачайце, але як лекар я не магу сказаць, што цяжкія пацыенты – толькі пажылыя людзі з спадарожнымі паталогіямі... Але калі вы бачыце ў рэанімацыі маладых людзей, падлучаных да апаратаў ШВЛ або ЭКМА, то спакой з нагоды катэгорый рызыкі – моладзі і каранавірусу знікае».
Сітуацыя з COVID-19 – эпідэміялагічная катастрофа сусветнага маштабу, мяркуе лекар: «У нас больш няма хірургаў, уролагаў або артапедаў – мы ўсе цяпер проста лекары, адзіная каманда, якая павінна разам супрацьстаяць хвалі цунамі. 15, 20 новых шпіталізацый за дзень...»
Аддзяленне неадкладнай дапамогі перагружанае. Самі спецыялісты не бачаць родных і жывуць у страху заразіцца або вярнуцца дадому, бо могуць заразіць сваіх родных.
«Мы выматаныя. Звышурочныя сталі звыклымі. Больш няма зменаў, графікаў. Медсясцёр я часта бачу ў слязах – таму што мы не можам выратаваць усіх хворых. Я не бачуся з сям'ёй, з сынам, таму што баюся іх заразіць. Маю зносіны з імі толькі праз інтэрнэт...» – адзначае аўтар.
Аперацыйныя ў рэгіёне ператвараюць у рэанімацыйныя, адзначае Даніэле. Трэба трымаць сябе ў руках і мінімізаваць кантакты, кажа хірург і раіць:
«Калі ласка, паслухайце нас – паспрабуйце выходзіць толькі пры крайняй неабходнасці. Не бяжыце ў супермаркеты натоўпам скупляць прадукты, гэта горш за ўсё – у чэргах вялікая рызыка кантакту з заражанымі. Папрасіце вашых пажылых родных увогуле не пакідаць дамы. Знайдзіце магчымасць даставіць ім ежу. Калі ў вас ёсць звычайная маска, нават будаўнічы рэспіратар – надзявайце, выходзячы вонкі. Але не шукайце і не набывайце прафесійныя медыцынскія рэспіратары з фактарам абароны FFP2 або FFP23. Яны патрэбныя нам, медыкам...»
Мы «лекары, а не героі» – піша аўтар і падсумоўвае: «Паспрабуйце быць карыснымі ўсяму грамадству і вы. Памятайце: ад таго, што асабіста вы робіце ці не робіце, цяпер залежыць жыццё як мінімум некалькіх дзясяткаў чалавек».