Эпідэмія каранавірусу ў Расеі перайшла ў новую стадыю
14- 29.03.2020, 12:07
- 51,931
У краіне за дзень адбыўся ўсплёск колькасці памерлых і заражаных.
"Сітуацыя з распаўсюдам каранавірусу перайшла ў новую стадыю" – сцвярджае мэр Масквы Сяргей Сабянін. У блогу на сваім сайце ў нядзелю раніцай ён напісаў, што ў Маскве выяўлена ўжо больш за тысячу выпадкаў інфікавання новым каранавірусам. Напярэдадні паведамлялася пра 817 заражаных, паведамляе "Радыё Свабода".
Пазней аператыўны штаб барацьбы з каранавірусам паведаміў, што ў Расеі за мінулы дзень колькасць інфіцыраваных вырасла на 270 і тым самым перавысіла 1500. Больш за 190 новых выпадкаў выяўлена ў Маскве.
Памерлі 8 чалавек, у якіх была дыягнаставаная каранавірусная інфекцыя. Чатыры чалавекі памерлі за апошнія суткі.
Сабянін зноў заклікаў масквічоў, асабліва людзей, старэйшых за 65 гадоў, заставацца дома цягам наступнага тыдня, які прэзідэнт Уладзімір Пуцін раней абвесціў непрацоўным.
На думку Сабяніна, "механізм сацыяльнага дыстанцыявання пачаў працаваць". Рэзка знізілася колькасць пасажыраў грамадскага транспарту. У той самы час, мэр адзначыў, што нярэдка людзі збіраліся групамі, і заклікаў гэтага не рабіць: "На прыродных тэрыторыях, а яны складаюць амаль палову тэрыторыі горада, нярэдка можна было ўбачыць вясёлыя кампаніі, шашлыкі". Таксама Сабянін адзначыў, што пятая частка пажылых людзей не выконвае рэжым самаізаляцыі.
У сацсетках напярэдадні з'явілася мноства фатаграфій вялікіх кампаній, якія ў выхадны дзень адправіліся на прыроду.
У Маскве на будучым тыдні будзе зачыненая большасць крамаў, гандлёвыя цэнтры, гарадскія паркі. Афіцыйна карантын у горадзе пры гэтым не абвешчаны.
Толькі ў рэанімацыі інстытута імя Скліфасоўскага ў Маскве знаходзяцца 6 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй – паведаміў раніцай у нядзелю галоўны лекар Сяргей Петрыкаў.
Розныя рэгіёны Расеі ўжываюць свае захады барацьбы з распаўсюджваннем інфекцыі. Улады Карэліі фактычна абвесцілі карантын на 2 тыдні, абмежавалі працу пасажырскага транспарту. У Мурманскай вобласці "закрылі" горада Кіраўск і Апатыты. У Санкт-Пецярбургу ў лік закрытых для наведвання аб'ектаў патрапілі храмы, што выклікала абурэнне мясцовай епархіі (службы ў іх могуць прадаўжацца, але без прыхаджанаў). У Сочы ўведзеная забарона для новых пастаяльцаў на пасяленне ў гатэлях. У Чачэнію забаранілі прыязджаць людзям, у якіх няма прапіскі ў рэспубліцы. Практычна ва ўсіх рэгіёнах зачыненыя навучальныя ўстановы і абмежаваныя масавыя мерапрыемствы.