19 траўня 2024, Нядзеля, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пампэа: Касмічная праграма Ірана не з'яўляецца мірнай

4
Пампэа: Касмічная праграма Ірана не з'яўляецца мірнай
Фото: Getty Images

ЗША пракаментавалі старт іранскага спадарожніка.

Старт вайсковага спадарожніка, ажыццёўлены на гэтым тыдні іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, якую раней ЗША ўнеслі ў спіс тэрарыстычных арганізацый, з'яўляецца сведчаннем таго, што адміністрацыя Дональда Трампа кажа ўжо доўгі час: сцвярджэнні Ірана аб тым, што яго касмічная праграма з'яўляецца мірнай і цывільнай - гэта фікцыя. Пра гэта ў суботу заявіў дзяржаўны сакратар Майк Пампэа, піша «Голас Амэрыкі».

Старт іранскага спадарожніка «ясна дае зразумець, што мы казалі ўвесь час: касмічная праграма Ірана не з'яўляецца ні мірнай, ні цалкам цывільнай», гаворыцца ў заяве Пампэа.

Дзяржаўны сакратар нагадаў, што ў лютым 2020 года кіраўнік нацыянальнага касмічнага агенцтва Ірана Мартэза Бэрары заявіў, што Іран выступае за «выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах». Ён таксама сказаў, што «ўся наша дзейнасць у галіне космасу празрыстая». На гэтым тыдні міністр інфармацыі Ірана заявіў, што «касмічная праграма Ірана носіць мірны характар».

«Апошні вайсковы старт, які быў распрацаваны і праведзены ў таямніцы, даводзіць, што гэтыя заявы былі хлуснёй», - мяркуе Пампэа.

Ракета-носьбіт, з дапамогай якой быў выведзены на арбіту іранскі спадарожнік, створаная на базе тэхналогій, ідэнтычных і ўзаемна заменных з балістычнымі ракетамі, у тым ліку з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі, адзначае кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамента.

Пампэа заклікаў «усе міралюбныя краіны адмовіцца ад распрацоўвання Іранам тэхналогій, здольных ствараць балістычныя ракеты, і аб'яднацца, каб абмежаваць небяспечныя ракетныя праграмы Ірана».

Дзяржаўны сакратар заклікаў усе дзяржавы свету падтрымаць працяг эмбарга ААН на звычайныя ўзбраенні ў дачыненні да Ірана, тэрмін дзеяння якога мінае ў кастрычніку гэтага года. Са слоў Пампэа, «нельга дапусціць, каб вядучы сусветны фундатар тэрарызму і антысэмітызму ў свеце купляў і прадаваў звычайныя ўзбраенні».

ЗША таксама заклікалі Еўрапейскі звяз караць фізічныя і юрыдычныя асобы, якія ўдзельнічаюць у развіцці іранскай ракетнай праграмы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках