6 лiпеня 2020, панядзелак, 23:39
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску медсястра трапіла ў рэанімацыю з пнеўманіяй і расказала, што адбываецца ў лякарнях

41
У Віцебску медсястра трапіла ў рэанімацыю з пнеўманіяй і расказала, што адбываецца ў лякарнях

Тэст на каранавірус ёй не робяць.

Медсястра з Віцебска тыдзень ляжыць у шпіталі з двухбаковай пнеўманіяй. Яе брат кажа, што ёй прызначылі лячэнне, але тэст на каранавірус не робяць: нібыта ў медустанове няма тэстаў, піша tut.by.

«Сястра – медык, але хадзіла на працу хворая: графік стаў шчыльнейшым»

У рэдакцыі ёсць імя, прозвішча захварэлай медсястры, звесткі пра яе ўзрост, канкрэтнае месца працы. Імя мужчыны змененае на ягоную просьбу.

– Мая сястра захварэла на працы. Яна – медсястра ў адной з лякарняў Віцебска, – расказвае Аляксей. – Будучы хворай – з тэмпературай, болем у горле, яна хадзіла на працу: бо графік стаў шчыльнейшым. Таблетак нап'ецца і ідзе. Так доўжылася некалькі дзён. Потым яе сын і я настоялі, каб яна ішла ў паліклініку. Пра тое, што ў яе шпіталі выявілі выпадкі заражэння пацыентаў COVID-19, мы даведаліся, калі яна ўжо стала лячыцца сама.

У паліклініцы медсястры адкрылі бальнічны.

– Гэта было недзе 25–26 сакавіка. У панядзелак, 30 сакавіка, сястра здала аналізы крыві, мачы, ёй зрабілі флюараграфію. У сераду, 1 красавіка, патэлефанавалі і паведамілі: у вас левабаковая пнеўманія, трэба класціся ў лякарню. Лекарка ў паліклініцы выпісала накіраванне ў процітуберкулёзны дыспансер. Сказалі, каб сама сястра па накіраванне не прыязджала. Па яго паехаў я. Адвёз і перадаў сястры, не кантактуючы наўпрост.

Паводле словаў брата, жанчыне сказалі, каб яна сама дабіралася ў дыспансер.

– Адразу патэлефанавалі ў хуткую, там сказалі: машыны занятыя, нічога, акрамя таксі, вам параіць не можам. Я настояў, каб яна ўсё ж чакала хуткую. Сястра чакала яе гадзіны чатыры. Хуткая прыехала – і павезла сястру ў «чыгуначную» лякарню (так гараджане называюць абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр. – Заўвага.). Яна спытала: чаму едзем туды, калі мяне накіравалі ў процітуберкулёзны дыспансер. Ёй адказалі: мы ведаем, што робім.

«Маскі мылі і сушылі на батарэі»

У лякарні медсястры зрабілі яшчэ адзін здымак. І паклалі ў палату, дзе знаходзіліся чатыры пажылыя жанчыны.

– Як сястру паклалі ў шпіталь, яна сябе адчувала нядрэнна, тэмпературы ўжо не было. А ў жанчынаў у палаце былі кашаль і ваніты. Кожную раніцу ім выдаюць адну маску кожнай. Тыя маскі, якія ў іх былі з сабой, жанчыны мылі і сушылі на батарэі. На наступны дзень сястры стала гэтаксама дрэнна, як і гэтым бабулям: пачалася млоснасць, дыхавіца. Ёй ставілі кропельніцы і калолі антыбіётыкі.

3 красавіка жанчыну перавялі ў рэанімацыю з высновай «двухбаковая пнеўманія».

– Яна не была на ШВЛ, да яе падкочвалі іншы апарат, я так зразумеў, ЭКМА, давалі дыхаць кіслародам. Ёй стала крыху лягчэй.

Мужчына сцвярджае, што з 1 красавіка і да сёння тэст на каранавірус ягонай сястры так і не зрабілі:

– Лекары, з словаў сястры, кажуць пацыентам: тэстаў няма, як з'явяцца, адразу ўсё зробім. Яшчэ сястра расказвае, што «чыгуначны» шпіталь перапоўнены.

«Вось яна, пнеўманія, а тэстаў няма!»

Мужчына перажывае і за сястру, і за пляменніка:

– Па-першае, захварэлая жыве ў кватэры з дарослым сынам. Ён хадзіў на працу. Праз адсутнасць афіцыйнай медыцынскай высновы, якую можна вызначыць толькі пры дапамозе адмысловых тэстаў, майго пляменніка ні на абследаванне, ні на карантын ніхто не возьме. Адсюль выцякаюць як мінімум два варыянты. Ён як свядомы грамадзянін сядзіць дома без грошай. Або як несвядомы ходзіць на працу і распаўсюджвае інфекцыю. Ён абраў першы варыянт: напісаў заяву на адпачынак за свой кошт, бо кіраўніцтва ў працоўным адпачынку яму адмовіла.

Мужчына абураны становішчам:

– Дзе ўсе тыя абяцанні, што ў лякарнях усяго хапае, а тэсты робяць усім хворым з цяжкімі і сярэднімі пнеўманіямі? Вось яна, двухбаковая пнеўманія, а тэстаў няма! Калі медыкі не ведаюць дакладна, ад чаго лечаць пацыентаў, як потым, не дай Бог, дапамагчы ім самім?

Аляксей мяркуе, што ўсе сілы цяпер трэба кідаць на тое, каб дапамагаць медыкам і медыцынскім установам:

– Са словаў сястры, лекары і медперсанал робяць усё магчымае, каб дапамагчы пацыентам. Але, на жаль, яны вымушаныя працаваць ледзь не ў ваенна-палявых умовах: сродкаў індывідуальнай абароны ў шпіталях не хапае, ім даводзіцца мыць свае ахоўныя касцюмы, замест бахілаў надзяваць на абутак звычайныя пакеты і г.д. А у іх жа таксама ёсць сем'і, якія яны хочуць абараніць. Калі цяпер не засцерагчы лекараў, то хто потым будзе ратаваць людзей?

На стан 12-й 7 красавіка тэст жанчыне не зрабілі.

Лекар: «Тэст-сістэмаў няма»

У рэанімацыйным аддзяленні абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра, дзе ляжыць жанчына, лекар, які захацеў застацца ананімным:

– Пацыентка сапраўды паступіла да нас 1 красавіка. Ёй не зрабілі тэст на каранавірус. І іншай групе хворых, тым, хто паступіў 1–2 красавіка, яго таксама не рабілі. Нікому. Таму што тэст-сістэмаў няма. Кажу, як ёсць.

– А чаму іх няма?

– Вы мяне пытаецеся? Я – проста доктар. Пра гэта трэба спытаць у каго-небудзь вышэй. Абяцаюць нам даслаць тэсты.