12 лiпеня 2020, Нядзеля, 5:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты патрабуюць спыніць запуск БелАЭС

6
Актывісты патрабуюць спыніць запуск БелАЭС

У Астраўцы ў лякарню з падазрэннем на каранавірус забралі больш за 100 чалавек.

Распаўсюджванне каранавіруснай хваробы ў свеце сурова карэктуе ўсе сферы жыцця. Для кіраўніцтва Беларусі COVID-19 не з'яўляецца падставай уводзіць карантынныя меры або змяняць планы па будаўніцтве Беларускай АЭС, паведамляе «Белсат».

8 красавіка стала вядома пра шпіталізацыю 100 рабочых, якія працуюць на будаўніцтве атамнай станцыі ў Астраўцы. За некалькі дзён дагэтуль беларуская антыядзерная кампанія выпусціла заяву аб недапушчальнасці ўвядзення ў эксплуатацыю АЭС ва ўмовах пандэміі.

«Пандэмія COVID-19 значна ўскладняе прыняцце захадаў у развязанні праблем бяспекі праекта АЭС-2006, які быў рэкамендаваны Беларусі ў выніку еўрапейскіх стрэс-тэстаў БелАЭС. А таксама, робіць немагчымым прыняцце адэкватных захадаў надзвычайнага рэагавання ў абароне насельніцтва (такіх, як эвакуацыя) у выпадку радыяцыйнай аварыі, уключаючы трансгранічныя. Гэта звязана з захадамі ў краінах ЕЗ у барацьбе з пандэміяй - карантынам, скасаваннем авіярэйсаў і іншым», - адзначылі беларускія антыядзерныя актывісты.

Аднак у Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адзначылі, што ў дачыненні да будаўнічых работ на Беларускай АЭС ніякіх змен не прадугледжана, усё ідзе згодна з планам.

«Вось толькі планаў іх ніхто не ведае. Інфармацыя нейкім чынам трапіла з СМІ, што як быццам бы ў траўні збіраюцца запусціць першы энэргаблок. І тое, гэта было ў адным месцы і вельмі цмяна», - каментуе інфармацыю ад Мінэнэрга Ірына Сухій, сябра Савета грамадскага аб'яднання «Экадом».

Са слоў Ірыны Сухій, з улікам новых абставін, неабходна выклікаць грамадскі рэзананс, каб ва ўладаў не было магчымасці адмахнуцца ад гэтай сітуацыі. Пакуль жа беларуская антыядзерная кампанія чакае афіцыйнага адказу Міністэрства энэргетыкі на дасланы імі ліст.

«Сённяшняя сітуацыя прадэманстравала нам самую відавочную рызыку - 15 чалавек шпіталізаваныя. І добра, калі гэта будаўнікі, якія займаюцца, напрыклад, аздабленнем будынка для персаналу. А ўявіце, калі захварэюць аператары рэактара, а рэактар ужо запушчаны. Небяспека ў тым, што некваліфікаваныя людзі будуць вымушаныя займацца працай, да якой яны не падрыхтаваныя», - уважае Ірына Сухій.

Яшчэ адна рызыка - магчымы недахоп свабодных рук, калі ўсе сілы кінутыя на барацьбу з каранавірусам.

«З любой пазаштатнай сітуацыяй справіцца будзе значна цяжэй. Здолее краіна мабілізаваць людзей, транспарт для эвакуацыі насельніцтва, аказання медыцынскай дапамогі? Ці змогуць прыйсці на дапамогу суседзі ва ўмовах нездаровай эпідэміялагічнай сітуацыі, таксама застаецца пытаннем. Планаваць запуск АЭС цяпер - безадказна з боку Беларусі!», - разважае Ірына Сухій.