7 траўня 2024, aўторак, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўнікі БелАЭС разносяць СOVID-19 дадому

2
Супрацоўнікі БелАЭС разносяць СOVID-19 дадому
Фота: Getty Images

Шпіталізаваныя некалькі чалавек з пасёлка Лынтупы Пастаўскага раёна.

У гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна выяўленыя новыя выпадкі цяжкага віруснага захворвання. Людзі падазраюць, што гэта каранавірус. Пра гэта «Белсату» расказаў мясцовы жыхар на ўмовах ананімнасці.

Паводле словаў суразмоўцы, некалькі дзён таму дваіх жыхароў Лынтупаў, якія працуюць на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, шпіталізавалі з тэмпературай у лякарню ў Паставах. Трэцяму супрацоўніку станцыі ў шпіталізацыі адмовілі праз адсутнасць сімптомаў. Цяпер ён знаходзіцца разам з сям'ёй на хатняй ізаляцыі, падкрэслівае ананімная крыніца.

Некалькі тыдняў таму каранавірус пацвердзіўся у жыхара Лынтупаў, які таксама з'яўляецца супрацоўнікам атамнай станцыі. Ягоны тэст на COVID-19 быў станоўчым, паведаміў Belsat.eu яшчэ адзін мясцовы жыхар.

Інфармацыю пра тое, што жыхары Астраўца, а таксама блізкіх населеных пунктаў задзейнічаныя ў працах на БелАЭС, пацвердзіў актывіст Мікалай Уласевіч.

«На атамнай станцыі сапраўды працуюць мясцовыя людзі, але іх не так шмат і ўключаныя яны ў малазначныя працэсы. І ўсё ж не хочуць дзяліцца тым, што адбываецца на АЭС, усё пакрытае таемнасцю і страхам», – падкрэслівае ён.

Актывіст цалкам дапускае, што на атамнай станцыі масавыя выпадкі каранавірусных захворванняў, бо цяпер у раёне складаная пандэмічнага сітуацыя.

«Адна за другой зачыняюцца школы, хварэюць людзі, уключаючы медыкаў, прычым нават тыя, хто займае кіроўчыя пасады. Але цяжка сказаць, як каранавірусная пандэмія адбіваецца на працы станцыі, бо ўлады замоўчваюць рэальную небяспеку і маштабы гэтай з'явы. А захварэлых супрацоўнікаў станцыі кладуць на лячэнне ў Смаргонь. Туды, дарэчы, не так даўно прыязджаў міністр аховы здароўя Каранік», – кажа Мікалай Уласевіч.

У гарадскім пасёлку Свір і вёсцы Камарова, што за 50 кіламетраў ад Астраўца і 18 кіламетраў ад Лынтупаў, зафіксаваныя смяротныя выпадкі. У сярэдзіне траўня тут памерлі супрацоўнікі Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната.

Для Лынтупаў гэта не першыя выпадкі цяжкіх вірусных захворванняў. У сакавіку ў гарадскі пасёлак пачалі вяртацца дальнабойнікі, якія працуюць у Еўропе. Праз пару тыдняў з цяжкай пнеўманіяй быў шпіталізаваны бацька аднаго з іх. Аднак мясцовыя жыхары не бяруцца звязваць адно з другім, бо хворы мужчына працуе кіроўцам у лынтупскай хуткай дапамозе, дзе мог мець зносіны з хворымі на COVID-19.

«Самыя свядомыя [дальнабойнікі, – заўв. аўтара] звярнуліся ў медыцынскія ўстановы, каб іх праверылі. Але адтуль людзей накіравалі дадому на карантын. Санстанцыя разам з міліцыянтамі пільна адсочвала, ці прытрымліваюцца людзі самаізаляцыі. Так, аднаму з іх далі буйны штраф за тое, што ён ездзіў па пасёлку на матацыкле», – кажа мясцовы жыхар.

У цэлым жа цяпер, падкрэслівае суразмоўца, сітуацыя выглядае больш станоўча, чым у сакавіку, бо людзі змянілі сваё стаўленне да эпідэміі: выконваюць дыстанцыю, карыстаюцца маскамі, у крамах і іншых установах, дзе збіраюцца людзі, ёсць антысептычныя сродкі для апрацоўкі рук.

Аднак тое, што з боку ўладаў хаваецца рэальная сітуацыя на БелАЭС, турбуе мясцовага жыхара. На ягоную думку, адсутнасць інфармацыі спрыяе распаўсюджванню віруснай інфекцыі. Турбуе гэта і актывіста Мікалая Уласевіча, які ўпэўнены, што нягледзячы на ўсе праблемы, недаробкі і эпідэмію, беларускія ўлады не будуць адкладаць пачатак працы БелАЭС.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках