17 траўня 2024, Пятніца, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі яшчэ смерцяў трэба дыктатару?

16
Колькі яшчэ смерцяў трэба дыктатару?
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА

Афіцыйная статыстыка хлусіць пра колькасць заражаных і памерлых ад каранавірусу.

Сусветная статыстыка на стан 3 траўня паказвае 3 422 691 заражанага Covid-19. 243 369 чалавек памерлі. Самае страшнае – тое, што ад Covid-19 да гэтага часу не распрацаваная вакцына. Пацыент ці выжыве, ці памрэ.

Па ўсім свеце ідзе актыўная барацьба з "чумой 21-га стагоддзя". Улады ўводзяць карантын, заклікаюць людзей заставацца дома і выходзіць на вуліцу толькі ў крайніх выпадках, з абавязковымі сродкамі абароны. Тых, хто не выконвае правілы і дыстанцыю – дастаўляюць у паліцэйскія пастарункі, дзе праводзяць гутаркі з растлумачэннем, што жартаваць са смерцю нельга.

У многіх краінах урад і святары ўнеслі змены ў цырымоніі пахаванняў памерлых ад СovidD-19. Закрытыя труны, перапоўненыя крэматорыі, перапоўненыя могілкі.

У Гішпаніі, да прыкладу, у моргі пераўтварылі Лядовы палац і некаторыя гандлёвыя цэнтры, а ў Італіі целы сталі звозіць у храмы. Крэматорыі ў гэтых краінах працуюць канвеерам, і ўсё роўна не спраўляюцца з нагрузкай.

Увесь свет праклінае чуму 21-га стагоддзя і змагаецца з ёй.

Але лік заражаных і памерлых дагэтуль расце.

Што ж адбываецца ў нас у краіне? Чаму беларускія ўлады да гэтага часу не ўвялі карантын? Чаму яны маўчаць? Чаму студэнты і школьнікі дагэтуль ходзяць у школы? Чаму людзі наведваюць працу, ведаючы, што пік эпідэміі – наперадзе.

На беларускіх тэлеканалах, радыё, у СМІ няма папярэджанняў пра пагрозу. Лукашэнка, відавочна, вычарпаўшы запас сваіх "геніяльных ідэй", проста нясе адкрытую лухту і рыхтуецца да параду смерці 9 траўня. Афіцыйная статыстыка супакойвае лікам 99 смерцяў, хоць усе беларусы ведаюць, што гэта няпраўда. Паводле звестак незалежных блогераў, 1 траўня ў краіне было больш за 25 тысячаў выяўленых выпадкаў каранавірусу. Калі параўнаць з іншымі краінамі, дзе падобная карціна, то мы зразумеем, што больш за тысячу беларусаў ужо памерлі ад каранавірусу. Звесткі, якія публікуюць незалежныя СМІ, толькі пацвярджаюць гэтую сумную статыстыку.

Ёсць заражаныя сярод тых жа супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, ёсць заражаныя ва ўнутраных войсках, ёсць маса выпадкаў заражэння ў навучальных установах і заводах. Праходзяць суботнікі, рыхтуецца парад у Менску і Славянскі базар у Віцебску.

Колькі яшчэ смерцяў трэба дыктатару, каб ён адрэагаваў?

Пазней, калі ў Беларусі памруць тысячы людзей, адкажыце сабе на пытанне – чаму дзяржава своечасова не ўжыла захады для барацьбы з каранавірусам і хто ў гэтым вінаваты.

А пакуль – беражыце сябе і блізкіх! Заставайцеся дома!

Зміцер Паліенка, прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках