9 траўня 2024, Чацвер, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэтага я ніколі не забудуся. І не дарую

73
Гэтага я ніколі не забудуся. І не дарую
ФОТА: «Наша Ніва»

Для тысячаў і тысячаў беларусаў парад цяпер – вечны напамін пра тое, як дзяржава зладзіла «баль падчас чумы»

Да Дня Перамогі я заўсёды ставіўся спакойна. Гэтак сама, як ставіўся да яго мой дзед – ветэран вайны, які хай і не дайшоў да самага Берліна, але пабыў вельмі блізка да яго.

Ды і ўвогуле: большасць ветэранаў, якіх я ведаў, ніколі не іскрыліся асаблівым пафасам з нагоды гэтай даты: для іх кожны бой, з якога яны выйшлі жывымі, быў маленькай перамогай – дык чаго надзьмувацца паўлінамі праз аркуш у календары? Увогуле, доўгі час гэта было ціхае і светлае свята без лішніх фанфараў і пахвалаў.

Але ў апошнія гады маё стаўленне змянілася. Не да канцэпту свята – да ягонага афармлення. Істэрыка, якая разгаралася ў суседняй Расеі штораз напярэдадні гэтага дня, адштурхнула ад ягонага святкавання многіх. У тым ліку мяне.

Хоць у думках яно ўсё адно заставалася светлым, як бы ні парыліся нашы ўсходнія «браты» ў сваім «победобесии». Яшчэ год таму я і падумаць не мог, што ўсе гэтыя «дзяды ваявалі» і «можам паўтарыць» – яшчэ не мяжа. Што для нашай нязменнай улады амбіцыі і ідэалогія апынуцца важнейшымі за здароўе людзей.

Пасля сённяшняга параду дата 9 траўня для мяне памерла назаўжды. Загінула ў няроўным баі з дзяржаўнай бяздушнасцю і неразважлівасцю. Цяпер яна будзе асацыявацца ў мяне толькі з гэтым парадам, бессэнсоўным і бязлітасным.

Для тысячаў і тысячаў беларусаў яна цяпер – вечны напамін пра тое, як дзяржава зладзіла «баль падчас чумы», пад хлуслівыя размовы, што гэты вірус «не страшны», і заклікі «даказаць, што Беларусь не істэрычная паненка-падлетак, якая закрыла твар пад маскай, а ганарлівая рэспубліка-партызанка». І знайшліся тыя людзі, хто, паверыўшы балачкам, выправіліся заражацца і заражаць іншых.

Што ні было б далей, якія залатыя скваркі нам ні абяцалі б, якую локшыну пра «дзяржаву для народа» ні вешалі б, перад вачыма ў мяне будзе стаяць толькі адно – гэты парад.

І гэтага я ніколі не забудуся.

І не дарую.

Зміцер Растаеў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках