9 траўня 2024, Чацвер, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская эканоміка легла на «дно»

10
Расейская эканоміка легла на «дно»

Прамысловасць, паслугі і будаўніцтва РФ паскорылі вольнае падзенне.

Расстат апублікаваў блок макрастатыстыкі за травень, які не паказаў паляпшэнняў у стане расейскай эканомікі пасля красавіцкага падзення, піша finanz.ru.

Нягледзячы на заканчэнне перыяду непрацоўных дзён, прамысловы спад паскорыўся амаль у 1,5 раза - з 6,6% да 9,6% у гадавым вылічэнні. Адбілася ўгода ОРЕС+, якая звязала рукі расейскі нафтавікам. Да падзення нафтаздабычы (на 14,2%) дадаўся крызіс у газавай галіны (на 16,6%), якая сутыкнулася з моцным падзеннем цаны і попыту ў Еўропе.

Не выйшла ўзняцца з «дна» раздробнаму гандлю: аб'ём продажу ўпаў на 19,6%. Гэта толькі крыху лепш за красавік (-23,4%), але ніжэй за кансэнсус-прагноз, які складаў 16,6%.

У спажыванні паслуг Расстат зафіксаваў паскарэнне вольнага падзення, якое склала амаль 40%.

У глыбокай коме засталіся пасажырскія перавозкі (-82,8%) і жыллёвае будаўніцтва (-24,4%). У цэлым будаўнічы сэктар паскорыў спад з красавіцкіх 2,3% да 3,1%, разгубіўшы ўвесь назапашаны ў першым квартале рост.

Імклівае скарачэнне экспарту нафты і газу закранула транспартную галіну: абарачэнне тавараў упала на 9,5%, прабіўшы «дно» сакавіка і красавіка (-6,7% і -5,9% адпаведна).

Попыт на працоўную сілу абрынуўся на 20%, а колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных дасягнула 10-гадовага піку: 2,14 мільёна чалавек. У параўнанні з траўнем мінулага года грамада беспрацоўных вырасла амаль утрая, а ў параўнанні з красавіком - на траціну.

Аднавілася падзенне рэальных заробкаў як у прыватным, так і ў дзяржаўным сэктары. Паводле звестак Расстата, якія даступныя пакуль толькі за красавік, у сярэднім расейцы зараблялі 49306 расейскіх рублёў на месяц. І хоць намінальна заробкі выраслі (на 1%), гэтага было недастаткова, каб кампенсаваць інфляцыю. У рэальным вылічэнні 70 млн працоўных грамадзян збяднелі ў сярэднім на 2%. Спад заробкаў мог бы быць яшчэ глыбейшы, калі б не разавыя выплаты ў вялікіх кампаніях, якія займаюцца вывазам расейскай сыравіны за мяжу. Так, анамальны ўсплёск - на 71,7% - Расстат зафіксаваў у сэктары трубаправоднага транспарту. Напэўна, статыстыку падправілі бонусы за мінулы год, якія гэтым разам выплацілі крыху раней, адзначае галоўны эканаміст РФПІ Дзмітрый Палявы.

«Астраўком стабільнасці» засталася сельская гаспадарка, дзе Расстат з месяца ў месяц фіксуе стабільны рост: 3,2% у траўні, 3,1% у красавіку і 3% у сакавіку.

Паводле ацэнкі МЭР, расейскі УБП дэманструе двухзначнае падзенне другі месяц запар, хоць і з касметычным паляпшэннямі: на 10,9% у траўні супраць красавіцкіх 12%.

На ўзроўні спажыўцоў, зрэшты, значных паляпшэнняў статыстыка не бачыць, зазначае Палявы. Рост беспрацоўя знішчае платаздольны попыт, і што, асабліва важна, растуць асцярогі з нагоды другой хвалі пандэміі з паўторным увядзеннем карантынных захадаў увосень - гэта адаб’ецца на настроі спажыўцоў ужо цяпер, незалежна ад дынамікі беспрацоўя і даходаў, кажа галоўная эканамістка Альфа-банка Наталля Арлова.

ЦБ прагназуе спад УБП за год на 4-6%, але не закладвае ў свае разлікі другую хвалю эпідэміі. АЭСР чакае падзення на 8% пры адной хвалі і на 10% - пры дзвюх.

Каб падтрымаць эканоміку перад пагрозай наймацнейшай з 1990-х гадоў рэцэсіі, цэнтральны банк на пасяджэнні ў пятніцу, 19 чэрвеня, знізіў ключавую стаўку адразу на 1 пункт, чаго не рабіў з 2015 года.

Ключавая такса апусцілася да гістарычнага мінімуму 4,5%, але для большасці грамадзян і бізнэсу танныя грошы пакуль застаюцца недасягальнай марай. «Насамперш зніжаюцца стаўкі забяспечаных крэдытаў для якасных пазычальнікаў. Стаўкі незабяспечаных крэдытаў для масавага сэгмэнту не зніжаюцца», - зазначае аналітык Промсвязьбанка Дзмітрый Манастыршын.

Урад анансаваў план аднаўлення эканамічнага росту за 5 трыльёнаў рублёў, які памерам - 5% УБП - параўнальны з нямецкім. Зрэшты, амаль палова сумы - 2,3 трлн рублёў - гэта выдаткі на дзяржаўныя праекты, якія і так былі закладзеныя ў бюджэце. Яшчэ 209 млрд рублёў - гэта ўліванні ў капітал Внешэкономбанка, які ўрад з 2014 года ратуе ад дэфолту і якому выдаў ужо амаль трыльён.

Захады падтрымкі бізнэсу і насельніцтва істотна меншыя - 1,6 трлн рублёў, або 1,5% УБП, адзначае Арлова, прычым сапраўды новых выдаткаў будзе яшчэ менш: на дырэктыўную сацыяльную дапамогу выдаецца 450 млрд рублёў, або блізу 0,5% УБП.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках