19 сакавiка 2024, aўторак, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Гарбачоў: Лукашэнка і Ко могуць пакаваць валізкі

73
Віктар Гарбачоў: Лукашэнка і Ко могуць пакаваць валізкі
ФОТА: ТАСС

Сёлета ў Беларусі будзе новы прэзідэнт.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Сharter97.org заявіў прадпрымальнік і блогер Віктар Гарбачоў:

- Лукашэнка робіць усё больш і больш памылак, робіць усё больш няправільных крокаў, усё больш аддаляецца ад народа. Сітуацыя настолькі агідная, што ён проста загнаны ў кут.

Незадаволенасць сярод насельніцтва вялікая. Калі раней я прыязджаў у якое-небудзь паселішча і пачынаў размаўляць пра палітыку, то ўсе адказвалі, што ім жыць весела-добра, «абы не было вайны», а сёння 29 з 30 чалавек пачынаюць плявацца, калі чуюць прозвішча Лукашэнкі.

Куды б ты ні пайшоў, беларусы смела і шчыра выказваюцца аб сітуацыі ў краіне. Людзі, якіх ізалююць ад інфармацыі, стаяць і гавораць пра Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, яны ўсё ведаюць. Мы бачым сёння супрацьстаянне 97% супраць 3%.

Асабліва вызначылася наша моладзь. Я гутару з імі і разумею, якіх жа мы маем разумных хлопцаў, а ім не даюць тут развівацца і выказваць свой пункт гледжання. Яны вераць і сілкуюць іншых, гуртуюцца і аб'ядноўваюць вакол сябе сваіх калегаў, хочуць перамен і ведаюць, што калі яны не адбудуцца, то ў гэтай краіне немагчыма будзе жыць. Усе ахвочыя ісці да канца і кажуць, што сёлета ўжо не адступяць. Моладзі проста няма чаго траціць.

Сярод беларусаў разгарнулася такая салідарнасць, якая ўжо крочыць па свеце: пачынаючы ад Варшавы, заканчваючы ледзь не Гаіці. Гэта кранае да слёз. Людзі кажуць, што яны з намі, ахвочыя падтрымліваць і нават вярнуцца.

Моладзь, якая 3-4 гады таму і не думала пра палітыку, сёння стаіць на плошчы. Самі гуртуюцца, самі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і кажуць, што ўжо не баяцца.

- Ці маюць падзеі нейкія аналагі або гэта нешта менавіта наша, беларускае?

- Гэта нешта беларускае. Шмат хто кажа, што мы доўга цярпім, сілкуемся, выношвае ў сабе планы ды ідэі. Гэта наш беларускі менталітэт спакойных, лагодных і добрых людзей, якія ўрэшце выстрэльваюць. Людзі зразумелі, што з Лукашэнкам нічога не зменіцца, а можа быць і горш. Ніхто не прыскача ні на белым, ні на шэрым кані, каб нас выратаваць.

Людзі прачнуліся і кажуць: «Толькі ад нас усё залежыць. Мы маем гэтую сітуацыю ўзяць у свае рукі, змяніць і жыць зусім па-іншаму».

У нас усё ж такі не Паўночная Карэя, дзе цалкам закрытая тэрыторыя. Беларусы выязджалі за мяжу, падарожнічалі, вучыліся і працавалі. Яны бачаць, як можна жыць, што для гэтага трэба рабіць. Усе прыйшлі да высновы, што без салідарнасці нам нікуды.

Так, будзе цяжка, але наша салідарнасць сёлета мае перамагчы гэтую баязлівую трохпрацэнтную ўладу.

- Хто з дзейных асоб гэтай кампаніі стаў для вас найбольшым адкрыццём?

- Аб'язджаючы яшчэ 10-15 гадоў таму Беларусь я заўважыў, як людзям важна выгаварыцца, гутарыць сам-насам, апавядаць пра свае праблемы. Сяргей Ціханоўскі зрабіў правільны ход - ён пайшоў у масы, проста цікавіўся праблемамі беларусаў, а яны апавядалі яму ўсё на камеру.

Народу не трэба было выходзіць на Плошчу, яны стаялі ў сябе на ля рэчкі або на ўскрайку вёсачкі, яны казалі ўсю праўду. Калі беларусы шчыравалі і гаварылі аб праблемах, то разумелі, што яны не адны. Людзі заходзілі на Youtube і бачылі, што такія ж праблемы ёсць і ў Салігорску, і ў Барысаве, і ў Крупках. Значыць, усім дрэнна жывецца, і трэба нешта мяняць.

Не ведаю, хто навучыў Ціханоўскага, але гэта правільны паліттэхналагічны ход. Трэба пачынаць з нізоў, з імі трэба правільна пагутарыць і паказаць ім дарогу на Дразды. Ціханоўскі гэта зрабіў і паказаў мірную дарогу. Народ пачаў збірацца ў кіламэтровыя чэргі на пікетах, і яны нас аб'ядналі.

Так, страшна, але мы разам. Калі выйшла на Камароўцы, то выйдзе зрабіць наш Балтыйскі шлях, як ад Вільні да Таліна станавіліся калісьці людзі. Вось, мы маем выдатныя колавыя дарогі ў Менску. Можна паспрабаваць, а потым узяць у кола Дразды.

- Шмат хто адзначае, што гэты год вельмі няўдалы для Лукашэнкі - спрэчкі з Расеяй, каранавірус, цяпер водны калапс у Менску. Чарада выпадковасцяў або заканамернасць?

- Гэта не выпадковасць. Доўгае знаходжанне ва ўладзе падтупляе свядомасць. Здаецца, што старымі метадамі можна і далей працаваць.

Нафта яшчэ няхай, народ на гэта глядзіць, як на гульні, а вось каранавірус, які стаўся сусветнай праблемай, шакаваў беларусаў.

Мыльная бурбалка Лукашэнкі лопнула пры эпідэмію COVID-19, калі пайшлі абразы з ягонага боку. Беларусы пачалі гэта абмяркоўваць, параўналі хлусню ды рэчаіснасць, і гэта наштурхнула іх на думку, што далей так жыць нельга.

Астатняй кропляй трывання стаў парад, калі ўсяму свету зладзілі дэманстрацыю. Людзі прынялі пастанову, што пара ставіць кропку.

- Народныя мянушкі «Таракан» і «Саша 3%» настолькі прычапіліся да Лукашэнкі, што ён нават пачаў на іх крыўдзіцца. Занадта дакладныя параўнання?

- Лукашэнка родам з вёскі і выдатна разумее, што калі камусьці на вёсцы прыдумлялі мянушку, то гэта ідзе з чалавекам усё ягонае жыццё. Трэба было яшчэ прымудрыцца ў СМІ пра самога сябе так сказаць, гэта наогул смяхоцце.

Чалавек імкнуўся чвэрць стагоддзя і заслужана да гэтага прыйшоў. Цяпер пра яго мянушку ведаюць усе: і Трамп, і Пуцін. Лукашэнка цяпер сядзіць у адным з 18 сховішчаў і бядуе, што ўсё стала відавочным.

- У падтрымку перамен пачалі выказваць людзі, якія доўгі час публічна падтрымлівалі гэты рэжым. Як Вы мяркуеце, у іх памяняліся погляды або яны робяць гэта з разліку?

- Як кажуць у народзе, гэта нюх. У людзей, якія былі доўга ля кармушкі і добра карміліся з яе ж, на пэўным этапе загарэлася лямпачка, якая сігналізуе, што трэба пераходзіць на іншы бок. Яны адчуваюць, што нешта будзе адбывацца. Хібяць нэрвы, таму яны спрабуюць паказаць, што 26 гадоў яны былі не такія, як здаваліся. Просяць прабачэння і кажуць, што разумеюць, які Лукашэнка дрэнны чалавек. Гэта звычайная з'ява пры нейкіх зменах у кожнай краіне.

Я не хачу называць іх пацукамі, якія бягуць з карабля, але гэта так выглядае. Першымі бягуць тыя, хто мае лепшы нюх, а тыя, хто яшчэ не ўчуў, трымаюцца каля трохпрацэнтнага і думаюць, што карабель не тоне.

- Ці можа бягучы ход падзей прычыніцца да расколу вертыкалі Лукашэнкі?

- Калі браць самы верх, то за 26 гадоў яны ўжо ўсе дабраныя, адсеяныя. Столькі нахлусілі, накралі, што ім ісці з Лукашэнкам да канца, як сказала Качанава. Таму не думаю, што будзе нейкі раскол.

Іншая рэч - раскол у розуме беларусаў, ён ужо адбыўся. Вось Бабарыку пасадзілі і ясна, што банкіры, увесь сэктар сярэдне-высокага класа бізнэсоўцаў яго падтрымлівае. Калі народ шуне на вуліцы, то гэтая эліта дапаможа са свайго боку. Цяпер усе чакаюць штуршка.

Такая ж сітуацыя і з вадой у Менску, якая сталася вялікім ударам па вобразе Лукашэнкі і ўлады: яны ні чаму не даюць рады, ізноў самаарганізаваўся народ.

Адпаведна, не трэба тут спадзявацца на раскол эліт і вярхоў. Трэба спадзявацца на сябе, на гэты добры працавіты народ, які цяпер салідарызуецца. Гэтага досыць для таго, каб змяніць сітуацыю. Лукашэнка і Ко могуць пакаваць валізкі.

- Ці зробяць беларусы новыя сюрпрызы?

- Магу сказаць дакладна, што для ўлады ўсё не скончыцца чарговай спакойнай перамогай Лукашэнкі. У кожным выпадку, калі не зарэгіструюць ні Бабарыку, ні Ціханоўскую, то будзе вельмі вялікі пратэставы электарат. Будзе байкот, які пройдзе ў асобных беларускіх формах, якія мы яшчэ ўбачым. Скажу, што ў Беларусі сёлета будзе іншы прэзідэнт.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках