3 траўня 2024, Пятніца, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавы мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Віцебску (Відэа, онлайн)

33
Масавы мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Віцебску (Відэа, онлайн)
Фота: BELSAT.EU

Больш за дзесяць тысяч чалавек прыйшлі падтрымаць кандыдатку перамен.

Сёння, 24 ліпеня, кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская наведала Віцебск. У Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў сабралася блізу дзесяці тысяч прыхільнікаў перамен.

Кандыдатку ў прэзідэнты суправаджалі прадстаўнікі аб'яднанага штаба Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава.

Нагадаем, сёння ўжо адбыліся масавыя мітынгі ў Глыбокім, Наваполацку і Лідзе.

20:47 Charter97.org заканчвае онлайн-трансляцыю. Дзякуй, што былі з намі! Жыве Вiцебск! Жыве Беларусь!

20:45 Стаў вядомы расклад паездак Святланы на 25 ліпеня. У суботу ў Віцебскім рэгіёне яна сустрэнецца з жыхарамі Воршы - а 12.00, у парку Герояў каля кургана Бессмяротнасці.

20:37 Людзі яшчэ не разыходзяцца. Яны фатаграфуюцца, робяць сэлфі, слухаюць жывую музыку. «Эмоцыі неверагодныя. Я падтрымліваю Святлану Ціханоўскую. Спадзяюся, яна пераможа», - кажа маладая жыхарка Віцебска.

20:30 «Прыехалі на пікет з невялікім спазненнем, і там я проста быў уражаны, столькі народа, столькі шчасця ў адным месцы я не бачыў ніколі! Усе проста адчуваюць гэта адзін ад аднаго, што мы сіла, што мы зможам. Ды мы ўжо змаглі, таракан вунь з трона неўзабаве ўпадзе, бо нас больш і мы мацнейшыя! » - дзеліцца ўражаннямі жыхар Віцебска.

20:28 Вядоўцы гучна ўключылі песню Віктара Цоя «Перемен!», віцябчукі падпяваюць.

20:26 «Толькі разам мы зможам стварыць краіну для жыцця!», - рэзюмавала Святлана Ціханоўская.

ФОТА: BELSAT.EU

20:17 "Вы, народ Беларусі, даяце нам энэргію ісці наперад! За Беларусь!» - закончыла выступ Вераніка Цапкала.

20:11 «Калі ласка, прыйдзіце і прагаласуйце 9 жніўня за нашу гераіню Святлану Ціханоўскую. Гаворым НЕ датэрміноваму галасаванню. Ніякага датэрміновага галасавання быць не павінна. Гэта права замацавана законам. Прыходзім 9 жніўня і галасуем. Пагаворыце са сваімі матулямі, татамі, бабулямі, дзядулямі. Растлумачце ім, што адбываецца ў краіне. Хай першы раз у жыцці паслухаюць моладзь. Хай паслухаюць вас тыя, у каго няма доступу да інтэрнэту», - звярнулася Вераніка Цапкала.

ФОТА: VKURIER.INFO

20:07 Да мікрафону падышла Вераніка Цапкала: «Мы - адзін народ! Мы ўсе беларусы і мы адзіныя! Я хачу расказаць сваю асабістую гісторыю. Некалькі дзён таму мой муж атрымаў інфармацыю, што яго плануюць затрымаць. У гэты ж час прыйшлі праваахоўныя органы ў школу да маіх дзяцей. Гэта ганьба! У нас цяпер няма побач дзяцей, але ёсць вы. Дзякуй вам. Гэта дае нам сілы ісці наперад. Паглядзіце, колькі людзей пакінулі нашу краіну за 26 гадоў рэжыму. Нашых дзяцей і мужоў трымаюць у закладніках. Мы хочам гадаваць дзяцей не беларускай зямлі».

20:03 «Беларусь прачнулася! Кожны з нас дакладна ведае: Я магу ўсё змяніць!», - кажа Калеснікава. Віцебчукі ў адказ: «Верым! Можам! Пераможам! »

ФОТА: NN.BY
ФОТА: NN.BY
ФОТА: NN.BY

20:00 паводле папярэдніх падлікаў, у Віцебску сабралася ўжо блізу 10 тысяч чалавек! Жыве Віцебск! Жыве Беларусь!

19:57 Марыя Калеснікава ўзгадала пра вялікага ўраджэнца Віцебска Марка Шагала. «Яшчэ 10 гадоў таму ў Беларусі не было ніводнай карціны Шагала. Ён выкупіў і прывёз у Беларусь чатыры карціны. Цяпер Віктар Бабарыка сядзіць у турме за тое, што хацеў найлепшага для Беларусі», - сказала Калеснікава.

19:57 Да мікрафону падышла Марыя Калеснікава: «Вас так шмат! Гэта выдатна! Дзякую вам! У нас сёння быў вельмі насычаны дзень і так выдатна скончыць яго ў кампаніі з вамі. Мы бачым, што Віцебск таксама хоча перамен».

19:54 «Я люблю сваіх дзяцей, свайго мужа і я люблю Беларусь. Я хачу даць вам права выбару! - паўтарыла кандыдатка ў прэзідэнты.

ФОТА: TUT.BY

Віцебчукі ў адказ скандуюць: «Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! »

ФОТА: NN.BY

19:52 «Сяргей не падае духам. Учора быў суд. Яму далі арышт за законны пікет для збору подпісаў. Не забывайце пра палітвязняў. Пішыце ім лісты. Калі я стану прэзідэнтам Беларусі, то перш за ўсё будуць вызваленыя палітвязні. Другі пункт - абвяшчэнне новых і сумленных выбараў. Усе змогуць браць удзел у гэтых выбарах», - кажа Святлана Ціханоўская.

19:50 «Спадарства, я пайду да перамогі і да канца разам з вамі! Гэты год павінен стаць пераломным. Калі ласка, паверце ў гэта. У гэтым годзе мы павінны вызначыць, ці будзем мы жыць у марах і абяцаннях, альбо ж у краіне, у якой заслугоўваем», - сказала Святлана.

19:47 У Віцебску няма дзе яблыку ўпасці.

19:45 «Улады не зразумелі, што пагроза для іх не кандыдаты, а ўвесь народ Беларусі», - кажа кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі.

ФОТА: NN.BY

19:43 «У гэтым годзе ўсё можна і трэба змяніць. Я не здалася дзякуючы вам і вашай падтрымцы», - працягвае Святлана Ціханоўская.

ФОТА: NN.BY

19:42 Людзі скандуюць «Свабоду! Свабоду! Свабоду! Святлана падтрымлівае: «Свабоду! Хлопцы сядзяць ні за што. Свабоду палітвязням!»

19:40 «Сяргей верыў, што ён мае рацыю, што краіну трэба мяняць. Ён вельмі смелы і рашучы чалавек. Ён зразумеў, што нельга, каб народ Беларусі так жыў. І на просьбу людзей ён надумаў балатавацца ў прэзідэнты. Я як верная жонка, сачыла за ягонай працай і прыняла пастанову за яго падаць дакументы, бо яму не далі такой магчымасці. І мяне зарэгістравалі. На той момант я наогул не думала, што я праходжу ўчынак з вялікай літары. Я проста хацела падтрымаць мужа. І цяпер я вам хачу сказаць, што жанчыны таксама могуць быць нароўні з мужчынамі. Гэта надало мне сіл! Верым! Можам! Пераможам! - сказала Ціханоўская. «Вы такія файныя, віцебчукі!», - адказала Святлана на гучныя воклічы «Верым! Можам! Пераможам!»

19:37 Трохі атмасферы з пікету ў Віцебску.

19:35 Віцебчукі скандуюць: «Све-та! Све-та!». «Мне шкада, што нам далі такія пляцоўкі. Але вас так шмат, што я вас яшчэ ўсіх не бачу», - кажа Святлана Ціханоўская.

19:32 Людзі авацыямі сустракаюць прадстаўнікоў аб'яднанага штаба. Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала падняліся на сцэну.

19:29 Больш за пяць тысяч віцебчукоў спявае песню «Муры!». Відэашэраг паказвае Герояў Беларусі, якія цяпер знаходзяцца за кратамі за нашу свабоду.

19:22 Усе чакаюць з'яўлення Святланы Ціханоўскай і сяброў аб'яднанага штаба.

19:20 На мітынгу сабраліся ўжо некалькі тысяч чалавек.

19:19 «Мы хочам перамен. Хочам жыць у іншым грамадстве. Эмоцыі перапаўняюць. Нас шмат чаго не задавальняе, таму і прыйшлі сюды», - кажа мужчына.

ФОТА: SVABODA.ORG

19:14 Жыхары Віцебска працягваюць прыходзіць у Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў.

19:11 Віцебчукі голасна скандуюць: «Верым! Можам! Пераможам!»

19:09 На мітынг прыйшлі людзі розных узростаў. Шмат хто прыйшоў з дзецьмі. Charter97.org заклікае віцебчукоў не забываць пра маскі.

19:07 «Людзі хочуць перамен. З вялікай павагай стаўлюся да дзяўчат», - кажа мужчына. «У краіне павінна быць свабода слова», - дадае другі жыхар Віцебска.

19:05 Першыя фота з мітынгу.

ФОТА: BELSAT.EU
ФОТА: BELSAT.EU
ФОТА: BELSAT.EU

18:58 У Віцебску пачаўся перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай. У гарадскім Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў ужо больш за 1 500 чалавек.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках