У чатырох камерцыйных банках адбыліся збоі
7- 26.07.2020, 21:05
- 24,537
Не працуюць банкаматы і карткі, праблемы з праграмамі.
26 ліпеня спачатку ў працы буйнога камерцыйнага банка – Банк БелВЭБ – адбыліся сур'ёзныя тэхнічныя збоі, піша tut.by. Праз гэта не працавалі банкаматы, банкаўскія карткі, недаступныя мабільныя праграмы і інтэрнэт-банкінг, а таксама некаторы час не працавалі сайты і кол-цэнтры. У прэс-службе банка паведамілі, што праблемы выкліканыя тэхнічнымі збоямі. Таксама назіраюцца перабоі ў працы банкаўскіх картаў, а таксама сістэмаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ў Ідэя Банку, Тэхнабанку і РРБ Банку. Як высветлілася, праблемы ў гэтых банкаў узаемазвязаныя – усе яны абслугоўваюцца ў банкаўскім працэсінгавым цэнтры Банка БелВЭБ, у працы якога з’явіліся перабоі.
«Незразумела, з якіх прычынаў перастаў працаваць сайт Банка БелВЭБ, тэлефоны таксама не працуюць», – паведаміў адзін з чытачоў. «Ніякай сувязі з банкам, даведка недаступная, праграма не працуе, банкаматы таксама», – напісаў яшчэ адзін чытач.
«Вымушаныя паведаміць, што з тэхнічных прычынаў назіраюцца перабоі ў працы банкаўскіх картаў, а таксама сістэмаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Таксама праца кантакт-цэнтра часова прыпыненая», – тлумачылі ў Банк БелВЭБ.
Банк папярэджваў раней, магчымыя кароткачасовыя перапынкі ў праходжанні аперацый з карткамі і ў доступе карыстальнікаў у сістэму абслугоўвання банкаўскіх картак, але з 7-й да 7.30 27 ліпеня. Прычына – тэхналагічныя працы.
На стан 13.40 сайт Банка БелВЭБ зноў стаў даступны, а на 14.10 – і кол-цэнтр. А 16-й гадзіне адноўленая праца ўсіх сістэмаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (у тым ліку праца праграмы). На 15-ю адноўленая праца плацежных картаў Visa і Mastercard, а таксама інфакіёскаў.
Перабоі ў працы таксама з’явіліся і ў Ідэя Банка. «З тэхнічных прычынаў назіраюцца перабоі ў працы банкаўскіх картаў, а таксама сістэмаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Працэсінгавам цэнтрам робіцца ўсё магчымае для аднаўлення працаздольнасці. Пра факт аднаўлення функцыяналу дадаткова праінфармуем», – паведамляецца на сайце банка.
Пра праблемы з аперацыямі з карткамі таксама паведамляе Тэхнабанк. «У сувязі з правядзеннем пазапланавых тэхнічных працаў на працэсінгавым цэнтры аперацыі з карткамі банка часова не ажыццяўляюцца», – гаворыцца на сайце банка.
«26 ліпеня магчымыя кароткачасовыя перапынкі ў праходжанні аперацый з карткамі і ў доступе карыстальнікаў у сістэму абслугоўвання банкаўскіх картак», – паведамляецца на сайце РРБ Банка. У кол-цэнтры банка паведамілі, што праблемы выкліканыя тым, што з’явіліся перабоі ў працы працэсінгавага цэнтра Банка БелВЭБ, у якім абслугоўваюцца РРБ Банк, Тэхнабанк і Ідэя Банк.