19 сакавiка 2024, aўторак, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Страйкуюць усе!

64
Страйкуюць усе!
Ірына Халіп

Годзе зарабляць грошы для герантакрата, які з’ехаў з глузду.

У нас рэвалюцыя. І яна не проста здзяйсняецца на нашых вачах - мы ўсе ў ёй удзельнічаем. Так што калі хто-небудзь яшчэ не далучыўся - паспяшайцеся, а то ўсё скончыцца без вас.

І годзе ўжо чакаць адказаў на свае скаргі з канторы Ярмошынай - яна вашыя скаргі ўсё роўна ўтопіць у баршчы. Годзе складаць пальцы сэрцайкамі - гэта не працуе, ды вы ўжо і самі не складаеце. Годзе спадзявацца, што ў Сашы тры працэнты раптам прачнецца сумленне, і ён прыйдзе з вялікім ключом адчыняць турэмныя камеры, - не прыйдзе. Годзе фальшыва суцяшаць сябе тым, што рана ці позна ўсё абыдзецца, - гэтыя гематомы самі па сабе не рассмоктваюцца.

Мы, як паказаў досвед, умеем пастаяць за сябе. Мы можам даць адпор. Мы можам пабудаваць барыкады. Мы можам стаць у ланцуг, які не ў сілах прарваць. Мы можам выматаць сілавікоў сваім рассейваннем па вуліцах нашых гарадоў. Мы можам надаць першую дапамогу, адбіць чалавека ў азвярэлых «касманаўтаў», абараніць слабага, прадэманстраваць міліцыянтам маральную і фізічную перавагу. Мы можам адкрыць пад'езд, упусціць у сваю кватэру незнаёмцаў, якім трэба схавацца, аб'ехаць з медыкаментамі і бінтамі усе мясціны пратэсту, каб дапамагчы параненым. Мы не можам толькі нападаць, зневажаць, забіваць. За гэтыя дні мы ўзбагацілі спіс метадаў негвалтоўнага супраціву яшчэ мінімум на дзесяць. Джын Шарп быў бы намі задаволены.

Мы аб'ядноўваемся ў калонах і ланцужках, і нам засталося апошняе, што зрыне лядашчага дыктатара: аб'яднацца дзеля самога простага і самога эфектыўнага метаду негвалтоўнага супраціву. І гэта, вядома, страйк. Нічога больш мірнага і дзейснага чалавецтва яшчэ не вынайшла. (Хіба што кола.)

Страйк - гэта бяспечна. Усякае, вядома, бывае ў жыцці, але нашых недарэк у форме відавочна не вучылі лавіяваць сярод механізмаў, станкоў, а то і сталоў з крэсламі. Яны толькі на вуліцах могуць бязладна махаць нагамі і палкамі. Уварвацца ў цэх, дзе іх выпадкова можа прыціснуць кран-бэлька, - не, не атрымаецца. На працы кожны з нас - сярод сваіх. А яны - чужыя.

Страйк - гэта мірна. Ніхто ні на каго не нападае. Проста людзі вылучаюць свае прэтэнзіі проста на працоўным месцы, а не пішуць паслання ў міфічныя аддзелы працы са зваротамі грамадзян. І да таго часу, пакуль іх патрабаванні не будуць выкананыя, - не прыступаюць да працы, знаходзячыся на працоўных месцах. Яны не прагульшчыкі - яны добрасумленна прыходзяць да пачатку працоўнага дня і застаюцца на сваім месцы, нічым не парушаючы працоўную дысцыпліну. Гэта наогул класіка - у гісторыі рабочага руху такі тып стачкі атрымаў назву акупацыйнага страйку. Усяго толькі заняўшы працоўнае месца і высунуўшы патрабаванні, грамадзянін ужо ўдзельнічае ў змене ўлады.

Страйк, як і кожны свядомы пратэст, - гэта перспектыўна. Бо гэта пачатак перамоў і нараджэнне новых лідараў. Цяпер на беларускіх прадпрыемствах прыкормленая завадская наменклатура, якая баіцца перамен, спрабуе ўздзейнічаць на супрацоўнікаў усёй дэмагагічнай моцай своеасаблівай цэхавай салідарнасці: «Мы ж з вамі адзін калектыў, я вунь на тым станку працоўную біяграфію пачынаў, а табе, Кузьміч, квіт у санаторый выбіў, і тваіх дзяцей, Лізавета, у лагер на дзве змены адпраўляў. Няўжо мы будзем адзін аднаму праблемы ствараць?..» Такіх трэба гнаць. І страйк - выдатная праверка на вашывасць для гэтай наменклатуры. Нармальныя кіраўнікі - падтрымаюць і стануць побач. Астатнія няхай коцяцца каўбаскай. Падчас забастовак ствараюцца страйкамы, з якіх потым фармуюцца новыя, па-сапраўднаму незалежныя прафзвязы. Нездарма ж галоўны лозунг польскіх страйкоўцаў гучаў проста: «Не паліце іх камітэты, а стварайце свае!» Лідары новых прафзвязаў, не сумняваюся, увойдуць у той самы кааліцыйны ўрад, які будзе працаваць да новых сумленных выбараў.

Страйк - гэта канец хлусні. Наіўныя могуць колькі хочаце замілоўвацца ппраглядам чарговага прапагандыста з БТ. Скажу шчыра: мне глыбока абыякавы лёс прапагандыстаў, і тым больш глыбока абыякава, хто там у тэлевізары прамаўляе. Галоў вырадкаў у кожным грамадстве дастаткова. Урэшце, амапаўца Балабу паставяць у эфір навіны чытаць - якая, уласна, розніца? Затое ўяўляеце, што будзе, калі пачнуць страйкаваць тэхнічныя службы? Інжынеры, асвятляльнікі, асістэнты і іншыя? Ніводзін прапагандыст у эфір не выйдзе. І на гэтым прапаганда і хлусня скончыцца. Менавіта ў тэхнікаў сапраўдная ўлада, толькі яны пакуль ёю не скарысталіся. Хлопцы, далучайцеся! Запускайце «Лебядзінае возера».

І, нарэшце, самае галоўнае. Страйк - гэта перамога. Можна колькі хочаце ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, але калі ўночы будаваць барыкады, а раніцай ісці працаваць і прыносіць грошы сям'і Сашы тры працэнты, - гэта надасць яму сіл. Нездарма ж тыя самыя завадскія наменклатуршчыкі «Гродна Азот» лісліва пераконваюць работнікаў ісці страйкаваць начамі: маўляў, ніхто вас за гэта звальняць не будзе. Вядома, не будзе. Яны, магчыма, яшчэ не зразумелі, што сітуацыя змянілася, і гэта работнікі зараз змогуць звольніць дырэктара, які адмовіўся выконваць законныя патрабаванні. Запэўніваю вас, калі ўся краіна спыніць працу - адлік для гэтых абмылкаў рэжыму пойдзе на гадзіны. Мы не паспеем не тое што памерці з голаду, але нават проста прагаладацца.

Трэба толькі давесці справу да канца. Спыніць зарабляць грошы для герантакрата, які з’ехаў з глузду, і ягонай ненажэрнай сямейкі. Спыніць падпарадкоўвацца нягоднікам-начальнікам. Спыніць думаць «звольняць - больш не ўладкуюся». Запэўніваю вас, гэта яны хутка будуць шукаць працу. Акрамя Сашы тры працэнты, зразумела, - ён яшчэ надоўга застанецца на казённым забеспячэнні. Хутчэй за ўсё, на ўсё астатняе жыццё.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках