19 сакавiка 2024, aўторак, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў адказаў міністру замежных спраў Украіны.

40
Андрэй Саннікаў адказаў міністру замежных спраў Украіны.
Андрэй Саннікаў

Беларуская апазіцыя безумоўна падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў адказаў на пытанне міністра замежных спраў Украіны:

- Днямі міністр замежных спраў Украіны паважаны мной Дзмітрый Кулеба публічна задаў пытанне аб стаўленні беларускай апазіцыі да Украіны, расейскай агрэсіі, незаконнай акупацыі ўкраінскіх тэрыторый, анэксіі Крыма.

Пытанне, мяркую, рытарычнае, але, калі патрэбны адказ, то вось ён:

Беларуская апазіцыя безумоўна падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, асуджае расейскую агрэсію, не прызнае анэксію Крыма і залічвае яго да ўкраінскага.

Калі хтосьці кажа іншае, то гэта не апазіцыя і не беларуская.

Больш за тое, у некаторых пытаннях мы займаем нават больш прынцыповую пазіцыю, чым украінская ўлада, напрыклад наконт Менскіх перамоў. Нам з самага пачатку было відавочна, што перамовы аб міры на тэрыторыі забойцы асуджаныя на крах, а працягваць іх цяпер - злачынства.

У мяне ў сваю чаргу таксама ёсць пытанні да замежнапалітычнага ведамства Украіны, дзяржавы, ад якой шмат у чым залежыць будучыня нашага рэгіёну:

Чаму вы саромеецеся падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі? Чаму вы заяўляеце пра прыхільнасць ідэалам дэмакратыі толькі сваім заходнім партнёрам, а ў Беларусі маеце справу пераважна з рэжымам? Тым рэжымам, які падтрымлівае анэксію Крыма, спрыяе вайне на ўсходзе Украіны, праводзіць на тэрыторыі Беларусі пагрозлівыя міжнароднаму міру манеўры і даўно ўжо не мае ніякай легітымнасці.

Чаму апошнім часам замежнапалітычнае ведамства Украіны так саромеецца сустрэцца з беларускай апазіцыяй, прадэманстраваць прыхільнасць да прынцыпаў дэмакратыі?

Раней было па-іншаму. Напрыклад, адну з першых сваіх сустрэч як прадстаўнік «ценявога ўрада» Генадзя Карпенкі я правёў з міністрам замежных спраў Украіны, легендарным Генадзем Іосіфавічам Удавенкам, неаднаразова сустракаўся са сваім сябрам і калегам Канстанцінам Іванавічам Грышчанкам.

Не бянтэжцеся. Вы магутная дзяржава, краевугольны камень, як кажуць вядучыя палітолагі свету, не толькі бяспекі, але і дэмакратычнага развіцця вялізнага рэгіёну.

Украіна сёння магла б адыграць важную ролю ў нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі, спыненні гвалту, падтрымцы дэмакратычных сіл і народа нашай краіны.

Слава Украіне!

Жыве Беларусь!

Нагадаем, што кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба у інтэрв'ю агенцтву УНП заявіў, што хоча пачуць пазіцыю беларускай апазіцыі што да развіцця стасункаў з яго краінай.

«Я хачу ўбачыць, хачу пачуць (скарыстаюся вашым інтэрв'ю, спадзяюся, яны прачытаюць) пазіцыю беларускай апазіцыі адносна далейшага развіцця стасункаў з Украінай, - сказаў Кулеба. - Я толькі чуў заявы спадарыні Ціханоўскай пра Крым. Яна сказала, што не валодае інфармацыяй, што там напраўду адбылося ў 2014 годзе, і калі яна стане прэзідэнтам, то яна абавязкова высветліць і вызначыць сваю пазіцыю».

Таксама кіраўнік украінскага замежнапалітычнага ведамства нагадаў аб рабоце чальца прэзідыума Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі прадстаўніком Беларусі ў ЮНЕСКА.

«Я ведаю, як спадар Латушка дзейнічаў пры разглядзе пытанняў, звязаных з незаконнай акупацыяй Крыма Расеяй і сістэмным парушэннем правоў чалавека на паўвостраве. Вы ж разумееце, што дзейнічаў ён не так, як чакаў бы ўкраінскі бок ад прыязнай, суседняй дзяржавы. Таму я зараз чую шмат заяваў лідараў беларускай апазіцыі пра іх стаўленне да Расеі, і гэта, дарэчы, вельмі пазітыўныя заявы - усе яны разлічваюць на сяброўскія стасункі з Расеяй. Было б вельмі карысна, калі б яны выказалі сваё стаўленне да Украіны, пра тое, як яны будуць ацэньваць і ставіцца да расейскай агрэсіі супраць нашай дзяржавы, да незаконнай акупацыі ўкраінскіх тэрыторый. Гэта вельмі простыя заявы, якія могуць прагучаць і стаць выразным сігналам для Украіны», - дадаў Кулеба.

«Мы са свайго боку ў цяжкія часы для беларускага грамадства занялі вельмі выразную пазіцыю, асудзіўшы гвалт беларускай міліцыі супраць пратэстоўцаў. Час цяперака ўжо і нам пачуць пазіцыю лідараў беларускай апазіцыі пра будучыню беларуска-украінскіх даыненняў»

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках