11 траўня 2024, Субота, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы могуць страціць свае ўклады ў банках?

18
Беларусы могуць страціць свае ўклады ў банках?

Экспэрты мяркуюць, што людзі правільна баяцца за свае грошы.

Тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў беларускіх банках за жнівень скараціліся больш чым на паўмільярда даляраў у эквіваленце. Чаму гэта адбылося, на што паўплывае і ці ёсць цяпер выгадная альтэрнатыва банкаўскім укладам, даведалася Intex-press.

На 1 верасня тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва склалі блізу 5,2 млрд даляраў і скараціліся за жнівень на 416,2 млн даляраў (на 7,5%). Валютныя дэпазіты зніжаюцца кожны месяц з пачатку года, але жнівеньскае зніжэнне апынулася самым істотным у гэтым годзе.

Таксама ў жніўні адбылося зніжэнне рублёвых укладаў насельніцтва. На 1 верасня тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва ў беларускіх банках склалі амаль 4,7 млрд рублёў і знізіліся за жнівень на 270,8 млн рублёў (на 5,5%). Жнівеньскае зніжэнне было самым буйным у гэтым годзе. Агулам рублёвыя дэпазіты зніжаюцца ўжо тры месяцы запар пасля малаважнага прыросту ў траўні.

Такім чынам, за жнівень тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў банках Беларусі ў замежнай і нацыянальнай валюце скараціліся на 524,6 млн даляраў.

Чаму так адбываецца

На думку эканамістаў, у адтоку сродкаў з банкаўскіх укладаў ёсць цэлы комплекс эканамічных прычын: спад сусветнай эканомікі, выкліканы каранавірусам, унутраныя эканамічныя праблемы ў нашай краіне, наступствам якіх стала дэвальвацыя. У дадатак да гэтага - палітычны крызіс.

- У краіне адсутнічае давер да дзяржавы і да банкаўскай сістэмы, - кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Эканаміст Леанід Злотнікаў разважае, што насельніцтва баіцца за свае грошы. І робіць, на яго погляд, абсалютна правільна.

- І не выключана, што, захаваўшы дэпазіты цяпер, у будучыні, калі сітуацыя будзе пагаршацца, яны проста не змогуць вярнуць усе свае грошы. Так, ёсць фонды, якія страхуюць банкаўскія ўклады, але ў іх не вельмі вялікія страхавыя запасы. Так, пэўныя сродкі можна будзе вярнуць, але калі пачнецца сістэмны крызіс, ні аднаго банка, ніякіх запасаў не дастаткова, каб вярнуць грошы ўсім укладчыкам, - гаворыць Злотнікаў.

Чаго чакаць далей

На думку экспэртаў, калі палітычны крызіс у краіне і далей будзе набіраць абароты, фізічныя і юрыдычныя асобы працягнуць «выходзіць у гатоўку», забіраць уклады. Наступствы гэтага будуць сумныя.

- Дзяржава марнуе велізарныя сродкі на падтрымку сілавых структур, а фінансаваць гэтыя працэсы амаль нікому, за рэдкім выключэннем, не хочацца. Вынікам гэтага можа быць маштабны пазыковы крызіс, яшчэ большае скарачэнне бізнэс актыўнасці, - тлумачыць Леанід Фрыдкін.

Якая альтэрнатыва ўкладам

Эканамісты разважаюць, што ў шматлікіх краінах свету грошы выгадна ўкладаць у каштоўныя паперы, акцыі прадпрыемстваў. Але, звяртаюць увагу суразмоўцы, рабіць гэта ў Беларусі - сумнеўная выгада.

- Грошы трэба ўкладваць у капітал. Але ў нашай дзяржаве іх укладваць няма куды, - кажа Леанід Злотнікаў.

Малаперспектыўным варыянтам укладанняў суразмоўцы разглядаюць таксама нерухомасць.

- Попыт на жыллё падае, кошты на арэндныя кватэры могуць знізіцца. Таму тут складана сказаць, ці не прагараць укладзеныя грошы. Не выключана, што выгаду можа прынесці жыллё за мяжой. Але там яно вельмі дарагое, - кажа Леанід Злотнікаў.

На ягоны погляд, беларусы маглі б купляць акцыі замежных прадпрыемстваў, напрыклад, літоўскіх ці польскіх. Але і тут ёсць складанасці:

- Для гэтага трэба сачыць, якія каштоўныя паперы будуць трымацца ў цане, кансультавацца са спецыялістамі, - тлумачыць эканаміст.

За самую лепшую альтэрнатыву банкаўскіх укладаў цяпер для беларусаў Леанід Злотнікаў уважае замежныя інвестыцыйныя фонды. Сутнасць іх дзейнасці такая: людзі ўносяць сродкі ў гэтыя фонды, а тыя, у сваю чаргу, купляюць акцыі паспяховых і перспектыўных прадпрыемстваў. Пасля і фонд, і людзі атрымліваюць прыбытак.

- Гэта вельмі распаўсюджаная практыка на Захадзе. У інвестыцыйных фондах працуюць пісьменныя фінансісты, спецыялісты, якія ведаюць, якая галіна будзе развівацца, куды выгадна ўкласці грошы. Магчыма, завоблачнага даходу і не будзе, але тое, што прыбытак будзе, - гэта гарантавана, - кажа Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках