20 кастрычнiка 2020, aўторак, 12:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бачу свае сьцягі на акцыях і вельмі ганаруся»

1
«Бачу свае сьцягі на акцыях і вельмі ганаруся»

Гісторыя менчука, які шые бел-чырвона-белыя штандары.

21 верасьня ў Эканамічным судзе Менску адбудзецца суд над чалавекам, які шые і прадае бел-чырвона-белыя сьцягі.

Цяпер ён працуе як рамесьнік, але на момант кантрольнай закупкі гэтага статусу ня меў. Судзіць Аляксандра будуць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Сам ён з гэтым ня згодны, перадае «Радыё Свабода».

«Пазнаю свае сьцягі на вуліцах»

«Пашыў некалькі сьцягоў, раздаў сябрам і размясьціў аб’яву, што пашыю на замову. І тут да мяне прыйшлі», — кажа Аляксандар.

Аляксандар расказаў, як праходзіла кантрольная закупка, вынікам якой стала позва ў суд.

«Напярэдадні пазваніў мужчына, сказаў, што ім трэба 10 такіх сьцягоў.

Пасьпеў пашыць толькі адзін сьцяг, як 28 жніўня яны прыйшлі ўтрох, паглядзелі на мой сьцяг, заплацілі 25 рублёў і тады дасталі „корачкі“.

Потым павезьлі мяне на сваёй машыне ў райаддзел, а па дарозе патрабавалі, каб узяў на сябе выраб яшчэ 10 сьцягоў, якія былі ў іх у машыне.

Казалі, што іх пашыла нейкая цяжарная дзяўчына, і калі я не хачу, каб цяжарную судзілі, дык мушу ўзяць на сябе яе віну. Адмовіўся. Пачалі пагражаць, што падкінуць наркотыкі, адправяць на Акрэсьціна.

Пратрымалі ў РУУС 6 гадзін, хоць у пратаколе запісалі, што 15 хвілін. Усё ж выпусьцілі, але цяпер будзе суд. Пагражае вялікі штраф», — сказаў Аляксандар.

Паводле Аляксандра, цяпер ён працуе ў статусе рамесьніка. Да візыту міліцыі ён не афармляў рамесьніцтва, бо, як кажа, «ня ведаў, што за шыцьцё сьцягоў можа быць нейкая адказнасьць».

Частку сваіх вырабаў ён прадае, частку дорыць сябрам і знаёмым.

Аляксандар кажа, што пазнае свае сьцягі на вуліцах.

«Па натуры я пэрфэкцыяніст, дамагаюся, каб усё было ідэальна: швы роўныя, бяз хваляў, каб усе памеры цалкам вытрымліваліся. Таму, як убачу блізка свой сьцяг, абавязкова яго пазнаю. Ну і, натуральна, ганаруся тым, што зрабіў сваімі рукамі», — кажа Аляксандар.

«Попыт у канцы жніўня быў шалёны»

Вырабам сьцягоў Аляксандар заняўся толькі сёлета ў жніўні. Раней ён працаваў у банку, потым займаўся наглядам за хатнімі жывёламі, але той малы бізнэс спыніўся з прычыны эпідэміі каранавірусу.

У жніўні, як пачаліся масавыя пратэсты, пашыў для сяброў бел-чырвона-белы сьцяг і ўбачыў, што такія сьцягі карыстаюцца велізарным попытам.

«У канцы жніўня быў час, калі зьнік шоўк, патрэбны для сьцягоў, такі быў шалёны попыт. Цяпер рынак больш-менш насычаны, але ўсё роўна сьцягоў трэба шмат і самых розных памераў», — кажа Аляксандар.

Чаму бел-чырвона-белы сьцяг вернецца як дзяржаўны

Уласны бел-чырвона-белы сьцяг Аляксандар набыў яшчэ ў 2013 годзе ў Таварыстве беларускай мовы. Кажа, што добра ведае гісторыю сьцяга і ня бачыць ніводнай падставы, каб грамадзтва яго не прыняло.

«Чырвона-зялёны мне не падабаецца з прычыны несумяшчальнасьці колераў. І тыя падзеі, якія пад ім адбываюцца, я не ўхваляю. А бел-чырвона-белы — гэта прыгожа і для мяне напоўнена зусім іншым сэнсам — барацьбой за свабоду», — тлумачыць Аляксандар.

«Для некаторых гэты сьцяг стаў папулярным з сытуацыйных прычын як сымбаль пратэсту супраць таго, што ў іх скралі галасы. Але ён пра больш глыбокія рэчы — пра свабоду і незалежнасьць краіны, у якой цяпер ёсьць уласны народ. Таму веру, што ён абавязкова вернецца і на дзяржаўныя флягштокі», — мяркуе Аляксандар.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».