29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі ўшанавалі памяць Аляксандра Віхора

3
У Гомелі ўшанавалі памяць Аляксандра Віхора
ФОТА: SVABODA.ORG

Сёння 40 дзён, як яго не стала.

У Гомелі на саракавы дзень пасля смерці 25-гадовага Аляксандра Віхора шэсць дзяўчат, у атачэнні міліцыі, усклалі кветкі. Віхор памёр 11 верасня, пасля затрымання на акцыі пратэсту.

Акцыю ўшанавання планавалася правесці на месцы затрымання хлопца - каля аўтобуснага прыпынку «Плошча Леніна». Аднак задоўга да меркаванага часу ўскладання кветак там дзяжурыла міліцыя, побач стаяла спецтэхніка. Як толькі дзяўчаты паспрабавалі ўскласці кветкі, іх атачылі супрацоўнікі міліцыі ў форме і масках, забаранілі тут ускладаць кветкі і адправілі для гэтага да помніка з Вечным агнём, які знаходзіцца паблізу.

ФОТА: SVABODA.ORG

Аднак калі дзяўчаты пачалі запальваць свечкі і ўскладаць кветкі, да Вечнага агню пад'ехала міліцэйская машына. Супрацоўнікі мясцовага аддзялення міліцыі пачалі перапісваць імёны дзяўчат і забаранілі ім класці плакат з надпісам: «Ён не памёр, яго забілі». Дзяўчаты пакінулі белы плакат пад аркушамі чырвонай паперы, на якіх стаялі лампадкі.

ФОТА: SVABODA.ORG

Удзельнікі акцыі памяці з'ехалі, але на прыпынку «Плошча Леніна» па-ранейшаму дзяжураць міліцыянты.

Крымінальная справа паводле факта смерці Аляксандра Віхора яшчэ не распачатая, вынікаў судова-медыцынскай экспертызы няма. 25-гадовы хлопец ехаў на сустрэчу са сваёй дзяўчынай увечары 9 жніўня, зрабіў перасадку ў цэнтры горада і патрапіў пад «хапун» АМАПа.

Толькі 12 жніўня ў Чыгуначным РАУС маці даведалася, што яе сын знаходзіцца ў моргу. Абставіны смерці Аляксандра дакладна так і невядомыя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках