9 траўня 2024, Чацвер, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр у ноч пратэстаў, сваякі даведаліся праз 19 дзён

24
Памёр у ноч пратэстаў, сваякі даведаліся праз 19 дзён
ФОТА: BELSAT.EU

Што вядома пра смерць Аляксандра Будніцкага.

Пад Менскам на Дукорскіх могілках 3 верасня пахавалі 52-гадовага Аляксандра Будніцкага. Паводле звестак Следчага камітэта, ён атруціўся этылавым спіртам. Аднак сябры ўважаюць, што смерць Будніцкага можа быць звязаная з дзеяннямі сілавікоў падчас разгону пратэстаў каля ГЦ «Рыга» ў Менску. Belsat.eu разбіраўся ў нестыкоўках афіцыйнай версіі.

Аляксандр Будніцкі працаваў на Менскім заводзе шасцерань і жыў у інтэрнаце на вуліцы Батанічнай - за некалькі прыпынкаў ад ГЦ «Рыга». Раней яго сусед Сяргей распавядаў belsat.eu , што апошні раз яго бачылі а 6 раніцы 11 жніўня. Пасля гэтага мужчына не выйшаў на працу (паводле графіку, у яго ў той дзень была другая змена) і больш не з'яўляўся па месцы жыхарства. Толькі 31 жніўня стала вядома, што ён памёр. 3 верасня яго пахавалі на Дукорскіх могілках. Калегі і суседзі Будніцкага па інтэрнаце ўважаюць, што яго смерць звязаная з брутальнымі дзеяннямі сілавікоў падчас разгону пратэстаў каля ГЦ «Рыга».

ФОТА ДАСЛАЎ BELSAT.EU СУСЕД АЛЯКСАНДРА БУДНІЦКАГА

2 верасня Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз, прысвечаны справе Будніцкага. У ім сцвярджаецца, што смерць мужчыны ніяк не звязаная з падзеямі каля «Рыгі» - ён памёр у другім месцы горада.

«Позна ўвечары 11 жніўня ў скверы паблізу аднаго з дамоў на вуліцы Берасцянскай у Менску мужчына папрасіў у мінакоў запаліць. У нейкі момант 52-гадоваму жыхару Менска стала дрэнна, у выніку чаго ён упаў. Нягледзячы на праведзеныя медычнымі работнікамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, мужчына памёр на месцы», - адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У СК сцвярджаюць, што прычынай смерці Будніцкага «з'явілася вострае атручванне этылавым спіртам».

«Я ведаў, што адбывалася каля «Рыгі», і першым забіў трывогу»

ФОТА: BELSAT.EU / VOT-TAK.TV

Аднак у афіцыйнай версіі ёсць шэраг нестыковак. У прэс-рэлізе СК сцвярджаецца, што Будніцкі не знікаў без вестак: «Пры сабе ў загінулага знаходзіліся дакументы, па якіх асоба адразу была высветленая». Але сваякам Будніцкага паведамілі пра яго смерць толькі праз 19 дзён - 31 жніўня. Больш за тое, сябры Будніцкая за гэты час самі звярталіся ў міліцыю з заявай аб знікненні чалавека (гэтым займаліся сябры, бо сваякі Аляксандра жывуць не ў Менску).

«Я ведаў, што адбывалася каля «Рыгі», і першы забіў трывогу», - кажа сусед памерлага Сяргей.

ФОТА: BELSAT.EU
ФОТА: BELSAT.EU
ФОТА: АЛЯКСАНДР ВАСЮКОВІЧ / VOT-TAK.TV
ФОТА З ТГ СЛЕДЧАГА КАМІТЭТА

Сябрам Будніцкага ў міліцыі ніхто не сказаў, што яго труп ужо даўно знойдзены.

Заява аб знікненні была зарэгістраваная 20 жніўня. Адказ на зварот быў падпісаны 26 жніўня, а дасланы Сяргею толькі 31-га. Там размешчаная тая ж інфармацыя, што і ў прэс-рэлізе СК.

Да таго ж, хоць асобу Будніцкага міліцыя ўстанавіла яшчэ 12 жніўня, ніхто не паведаміў пра гэта на працу ці сваякам.

Брат памерлага Валянцін Будніцкі даведаўся пра смерць сваяка 31 жніўня таму, што сам пачаў актыўна абзвоньваць міліцыю. Следчы сказаў, што ніякіх падстаў для распачынання крымінальнай справы няма.

«Гэта не яны мне патэлефанавалі, а я пачаў тэлефанаваць па следчым і збіраўся аб'язджаць моргі. Хоць бы яны папрасілі прабачэнне і даслалі тлумачэнне, чаму так здарылася, што 12-га жніўня яго апазналі, а 31-га толькі даведаўся я. Але нібыта ў іх была інфармацыя, што няма сваякоў. Я не ведаю, як гэта магчыма, пры цяперашняй тэхніцы не даведацца пра сваякоў, тым больш пры ім быў мабільны тэлефон...» - кажа Валянцін.

Тады ў размове з Валянцінам міліцыянт сказаў, што цела Будніцкага знайшлі недалёка ад ГЦ «Рыга», а не на Берасцянскай.

Як Будніцкі апынуўся на Берасцянскай?

Суседзі не ведаюць, чаму 11 жніўня Будніцкі не выйшаў на працу. Раней ён нібыта казаў пра намер «узяць адгул».

Сяргей кажа, што сам Будніцкі ў акцыях пратэсту ўдзелу не браў, але мог выпадкова «патрапіць пад замес» каля ГЦ «Рыга».

«Ён чалавек спакойны, але вельмі цікаўны. Ён мог проста праз дапытлівасць паехаць і паглядзець, што там адбываецца. Тым больш, што мы яму раней распавядалі пра гэтыя падзеі, абмяркоўвалі ўсе разам», - тлумачыць сусед Сяргей.

Што мог рабіць Будніцкі ўначы на вуліцы Берасцянскай - ніхто не ведае. Сяргей сцвярджае: у яго было абмежаванае кола кантактаў, сябраваў ён толькі з суседзямі і калегамі па працы.

Вядома, што ў раёне вуліцы Берасцянская няма начных крамаў, куды тэарэтычна мог бы пайсці мужчына. А вось як раз у ГЦ «Рыга» такая крама ёсць - «Суседзі». Хоць у дні пратэстаў яе ўвечары зачынялі.

«Хуткая прастаяла гадзіны дзве»

Вуліца Берасцянская знаходзіцца каля сквера Сымона Балівара. Побач-амбасады Лівана і КНР. Жыхары дома №17 распавялі, што сапраўды ў ноч з 11 на 12 жніўня ў сквер прыязджала машына хуткай дапамогі.

«Уначы мы выйшлі на балкон, таму што пачулі, як у скверы ля лаўкі гучна сварацца двое хлопцаў і дзяўчына. Гаворка ішла пра тое, што камусьці стала дрэнна і трэба выклікаць хуткую. Дзяўчына крычала, каб гэтага не рабілі, маўляў, тады на іх «усё зваляць». Але неўзабаве хуткая ўсё ж прыехала», - кажа адна з жыхарак дома.

З яе слоў, медыкі прыехалі без сірэны, машына прыпаркавалася ля пад'езда, з яе выйшаў супрацоўнік і пайшоў у бок сквера.

«Што ён там рабіў, я не бачыла, бо тая лаўка схаваная дрэвамі, але прабылі медыкі вельмі доўга. Машына хуткай прастаяла гадзіны са дзве і з'ехала. Я не бачыла, каб кагосьці заносілі ў яе», - дадае наша крыніца.

Жыхары дома №17 таксама сцвярджаюць, што ў тую ноч сапраўды не бачылі ў скверы следчых або міліцыі. Звычайна пры здарэннях міліцыянты абыходзяць кватэры, каб запісаць паказанні людзей, якія маглі нешта бачыць. Але нічога падобнага не адбывалася. Пры гэтым у рэлізе СК сцвярджае, што следча-аператыўная група выбыла на месца, дзе знайшлі труп.

«Хутчэй за ўсё, была забарона на выдачу цела»

Як заявілі ў СК, цялесных пашкоджанняў, «за выключэннем атрыманых у выніку падзення з вышыні ўласнага росту», у Будніцкага нібыта выяўлена не было.

Пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтую інфармацыю цяпер немагчыма. У размове з belsat.eu экспэрт у галіне судовай экспертызы адзначыў, што праз столькі часу труп фактычна расклаўся, таму выявіць канкрэтныя пашкоджанні вельмі складана.

Чаму цела так доўга не перадавалі сваякам?

«Хутчэй за ўсё, была забарона на выдачу цела. Ці не адразу прыйшла пастанова на ўскрыццё. Але першы варыянт - больш верагодны», - мяркуе экспэрт.

У сваю чаргу сусед памерлага Сяргей уважае, што цела Будніцкага не выдавалі тры тыдні для таго, каб замесці сляды.

«Ад алкаголю ён бы не памёр»

3 верасня сваякі забралі труп Аляксандра Будніцкага з морга дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз. Цела перадавалі ў пакеце, хавалі ў закрытай труне.

Брат памерлага Валянцін не падтрымлівае версію сяброў, у адпаведнасці з якой смерць брата звязаная з падзеямі каля «Рыгі». Але і ў афіцыйнай версіі ён сумняваецца і не разумее, чаму яму паведамілі пра смерць брата толькі праз тры тыдні.

Валянцін прызнае, што ў брата «былі праблемы з алкаголем». «Але нават калі б бутэльку ён выпіў, то проста заснуў бы ды ўсё. Ад алкаголю ён бы не памёр - ён быў праспіртаваны. Таму хутчэй за ўсё быў тромб - у яго ўжо двойчы тромб адрываўся. Калі б яго мэтанакіравана павезлі ў нейкі кардыялагічны цэнтр, то можа б выратавалі. Але прамарудзілі», - кажа ён.

За час пратэстаў, паводле звестак МУС, было затрымана блізу 7000 чалавек.

10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, якога, згодна з відэакрыніцамі, застрэлілі на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.

У Гомелі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня. Афіцыйна прычына смерці высвятляецца.

16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла аўто на Партызанскім праспекце.

19 жніўня ў вайсковым шпіталі Менска памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.

У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова. Будучы сябрам участковай камісіі, ён адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычына смерці пакуль невядомая.

Мікіта Крыўцоў стаў шостым актывістам, які загінуў у Беларусі з пачатку пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён знік 12 жніўня. Са слоў сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менска.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках