19 траўня 2024, Нядзеля, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ён - герой, бо не адмовіўся ратаваць іншых коштам свайго жыцця»

10
«Ён - герой, бо не адмовіўся ратаваць іншых коштам свайго жыцця»
ІВАН ВЕНЖЫНОВІЧ РАЗМАЎЛЯЕ З ЖУРНАЛІСТАМІ ASSOCIATED PRESS ПАСЛЯ РАНІШНЯГА АБЫХОДУ Ў ПАЧАЕЎСКАЙ РАЁННАЙ ЛЯКАРНІ, 1 ТРАЎНЯ 2020 ГОДА
ФОТА: AP/EVGENIYMALOLETKA

Кранальныя гісторыі ўкраінскіх лекараў.

З пачатку эпідэміі каранавіруса ва Украіне, паводле інфармацыі Цэнтра грамадскага здароўя, захварэлі амаль 50 тысяч медыцынскіх работнікаў, 439 з іх — памерлі. Яны ратавалі пацыентаў ад каранавіруса і прымалі іншых хворых, рызыкуючы сваім жыццём. А цяпер іх сем'і не заўсёды могуць нават атрымаць кампенсацыю - давесці, што лекар заразіўся на працоўным месцы, часам вельмі цяжка. Акрамя таго, нават пры ўсіх сімптомах каранавіруса ПЦР-тэст можа паказаць адмоўны вынік.

Сайт hromadske.ua распавядае гісторыі лекараў, якія памерлі ад COVID-19.

Іван Венжыновіч - 51-гадовы лекар-тэрапеўт з Пачаева. Памёр 30 верасня ад тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі. За некалькі дзён да смерці быў шпіталізаваны з двухбаковай пнеўманіяй. Тэст на каранавірус паказаў адмоўны вынік.

Венжыновіч больш за 25 гадоў працаваў у Пачаеўскай раённай лякарні. Гэта яго фота размешчана на білбордах па ўсёй Украіне з подпісам «Дзякуй за жыццё».

ЛАЙТБОКС З ПАРТРЭТАМ ІВАНА ВЕНЖЫНОВІЧА НА ХРЫШЧАЦІКУ КАЛЯ МАЙДАНА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ Ў КІЕВЕ
ФОТА: АЛЯКСАНДР ХАМЕНКА/HROMADSKE

«Ён быў адным з самых папулярных лекараў у нашым раёне, пацыенты яго паважалі. Можна спытаць кожнага ў Пачаеве, яго ўсе ведаюць», - кажа жонка Івана, Ірына Венжыновіч. Яна працуе загадчыцай лабараторыі ў Пачаеўскай раённай лякарні. У сям'і двое дзяцей - 13-гадовая дачка і 20-гадовы сын.

З пачатку эпідэміі ва Украіне Іван пачаў прымаць хворых з каранавірусам. Са слоў Ірыны, усе пацыенты з COVID-19, якія лячыліся ў яго, ачунялі, чым Іван вельмі ганарыўся.

«У яго была пацыентка - жанчына сталага веку. Яна была вельмі цяжкай, аналізы дрэнныя. Лекары казалі, што яна тры тыдні памірала, але ў выніку дадому пайшла сваімі нагамі. Ён вылечыў яе», — распавядае Ірына.

Калі лекар захварэў, то сам прызначыў сабе лячэнне.

ІВАН ВЕНЖЫНОВІЧ ПРАВОДЗІЦЬ РАНІШНІ МЕДАГЛЯД ПАЦЫЕНТАЎ З COVID-19 У ПАЧАЕЎСКАЙ ЛЯКАРНІ, 1 ТРАЎНЯ 2020 ГОДА
ФОТА: AP/EVGENIYMALOLETKA

«Працэдуры, якія былі неабходныя, выконвала я. Потым ягоны стан рэзка пагоршыўся, мы адразу паклалі яго ў лякарню. Гэта страшная хвароба, якая пастаянна мутуе, яе цяжка спрагназаваць», — тлумачыць Ірына.

Галоўны лекар Багдан Кучар кажа, што смерць наступіла раптоўна, ніхто з калегаў не думаў, што так здарыцца, для лякарні гэта была цяжкая страта.

«На яго заўсёды можна было спадзявацца, ён ніколі не падводзіў. У яго была звычка гаварыць у вочы тое, што думае», — кажа Багдан Кучар.

Калі медык заразіўся каранавірусам на працы і памёр, ягоная сям'я можа атрымаць кампенсацыю - 1,576 млн грн. Калі ж медык памёр, інфікаваўшыся не на працоўным месцы, сям'я павінна атрымаць аднаразовую выплату - 219 тысяч грн.

ІВАН ВЕНЖЫНОВІЧ І ЯГОНАЯ ЖОНКА ІРЫНА
ФОТА: САЦСЕТКІ

Жонка Івана распавядае - яго ПЦР-тэст паказаў адмоўны вынік, нягледзячы на ўсе сімптомы каранавіруса. Гэта значыць, што сям'я можа наогул не атрымаць кампенсацыю.

Цяпер, са слоў Ірыны, дагэтуль праходзяць пасяджэнні следчай камісіі, аднак, што будзе далей, пакуль невядома.

«Я думаю, што ён заразіўся на працы, больш ён нікуды не хадзіў. Паўгода ён працаваў з цяжкахворымі на кавід. Гэта смешна думаць, што лекар, які з сакавіка працаваў толькі з кавіднымі пацыентамі, заразіўся, калі пайшоў па хлеб», - кажа Ірына.

АЛЕГ ГАЙДА
ФОТА: ІГАР ГАЙДА

Алег Гайда працаваў загадчыкам хірургічным аддзяленнем у Другой паліклініцы Чаркасаў. Агульны досвед працы — 28 гадоў. 30 чэрвеня ва ўзросце 52 гадоў Алег памёр ад каранавіруса. Спадарожных захворванняў у яго не было.

«Ён займаўся лячэннем усіх пацыентаў з рознымі хваробамі і паталогіямі. Розныя людзі прыходзілі да яго на прыём, але ніхто ж не тэставаў іх перад гэтым», - распавядае сын Алега Іван Гайда.

Цяпер ён працуе лекарам-хірургам у кабінеце бацькі. Пацыенты, якія лячыліся ў Алега, цяпер прыходзяць да ягонага сына.

«Яны просяць, каб іх цяпер лячыў я, бо яны нікому, акрамя бацькі, не давяралі. Ён быў свайго кшталту сямейным лекарам, кампетэнтным ва ўсім. Вельмі любіў лячыць людзей і дапамагаць ім», - успамінае Іван.

Нават знаходзячыся ў лякарні з каранавірусам, Алег Гайда прадаўжаў кансультаваць пацыентаў онлайн.

«Я ўзяў яго тэлефон, глядзеў чаты, вайбер, за два-тры дні да смерці яму дасылалі фота розных хвароб. Ён мне нават тэлефанаваў з лякарні і казаў, што адправіў да мяне пацыентаў, каб я іх прыняў» — распавядае ягоны сын.

Пасля пахавання лекара камісія Дзяржслужбы ў пытаннях працы Чаркаскай вобласці ўстанавіла, што Алег заразіўся на працоўным месцы. Аднак праз некалькі дзён Івану паведамілі, што пастанову перагледзяць, бо прадстаўнік Фонду сацыяльнага страхавання з ім не згодны. Паўторнае расследаванне таксама ўстанавіла, што Алег Гайда заразіўся на працоўным месцы. Фонд сацыяльнага страхавання зноў не пагадзіўся з пастановай.

«Яны (Фонд сацстрахавання, — рэд.) падалі ў суд, а суд яшчэ і ўзяў справу да разгляду. Кіраўніка Фонду сацыяльнага страхавання адхілілі, у іх праводзіцца расследаванне, але ўжо тры тыдні прайшло, а расследаванне дагэтуль ідзе», - тлумачыць Іван.

Ён чакае, калі расследаванне скончыцца, кажа, што павінен давесці справу да канца.

«Яны дачакаюцца, пакуль пандэмія не набярэ такіх абаротаў, што лекары скажуць: лячыцеся самі, мы не збіраемся паміраць, каб потым яшчэ нашы сваякі даводзілі, што мы памерлі праз працу», - кажа Іван Гайда.

Медыцынская сястра Галіна Джугала і малодшая сястра Надзея Бялецкая працавалі ў Сокальскай лякарні ў Львоўскай вобласці. Абедзве захварэлі і памерлі ад каранавіруса. Галіне было 63 гады, а Надзеі — 45.

«Галіна была вельмі добрай медсястрой, актыўнай па жыцці», - распавядае галоўны лекар Сокальскай лякарні Раман Швед. Яна працавала ў інфекцыйным аддзяленні, даглядала хворых на COVID-19.

Малодшая медсястра Надзея Бялецкая працавала ў аддзяленне анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі. Раман Швед распавядае, што нядаўна таксама хварэў, ляжаў у лякарні і бачыў, як Надзея даглядала хворых, падтрымлівала іх.

«Я змог ацаніць як пацыент, што яна была адданая сваёй працы», - кажа галоўны лекар.

ІГАР МАРТЫНЮК

Ігар Мартынюк працаваў загадчыкам аддзялення гепатыту Львоўскай абласной інфекцыйнай лякарні. Ён узначальваў аддзяленне 18 гадоў. Ад ускладненняў каранавіруснай хваробы памёр ва ўзросце 56 гадоў.

«Я працавала пад яго кіраўніцтвам з самага пачатку маёй працы. Ён заўсёды дапамагаў маладым лекарам, даваў слушныя парады», - распавядае Лілія Гарбунова, цяперашняя загадчыца аддзялення.

Сёлета лякарня працавала толькі з хворымі на каранавірус. Са слоў лекара, Ігар Мартынюк разам з іншымі лекарамі штодня абыходзілі пацыентаў, асаблівую ўвагу надавалі цяжкім хворым.

Калі загадчык захварэў, яго шпіталізавалі ў іх аддзяленне. Праз каранавірус у яго развіўся яшчэ і цукровы дыябет, які цяжка карэктаваўся інсулінам. У лякарні ён знаходзіўся цягам двух тыдняў, аднак выратаваць калегі яго не змаглі.

«Ён умеў арганізаваць сход калектыву і па-за працай, на святы мы збіраліся разам. Хадзілі адзін да аднаго калядаваць. У яго ўсе трымаліся і хацелі працаваць у ягоным аддзяленні» — успамінае Лілія.

ВІТАЛЬ ЛІСІЦА

Віталь Лісіца быў галоўным лекарам Тульчынскай цэнтральнай раённай лякарні (ЦРБ) у Вінніцкай вобласці. Узначальваў яе амаль 16 гадоў. 16 кастрычніка ён быў шпіталізаваны ў тую ж лякарню з дыягназам COVID-19, а 22 кастрычніка, праз пагаршэнне стану, яго перавялі ў Ваўкавыск. Памёр 28 кастрычніка ва ўзросце 52 гадоў.

«Ён аднолькава ставіўся да ўсіх, незалежна ад пасады, прафесіі. Ведаў кожнага асабіста, заўсёды быў усмешлівы. Шмат увагі надаваў прафесійнаму росту лекараў, прапаноўваў, каб мы асвойвалі сумежныя спецыяльнасці», - кажа медыцынская дырэктарка лякарні Любоў Савішэна.

З 31 жніўня Тульчынская ЦРБ пачала прымаць хворых на каранавірус пацыентаў як апорная лякарня. Са слоў медыцынскай дырэктаркі, у лякарню прывозяць хворых з розных раёнаў, пераважна з Вінніцы.

Віталь Лісіца часта рабіў абыход аддзяленняў, праводзіў прыём.

«Мы думаем, што ён на працы заразіўся. У нас працавала спецыяльная камісія, былі прадстаўнікі Дзяржпрацы і Фонду сацыяльнага страхавання. Выніку пакуль няма», - распавядае Любоў Савішэна.

ІГАР ДАНІЛЮК
ФОТА: ПАДАДЗЕНАЕ HROMADSKE

Ігар Данілюк працаваў лекарам Вінніцкай абласной клінічнай лякарні ім. Пірагова. 3 жніўня быў шпіталізаваны ў цяжкім стане, яго адразу паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленне. 5 жніўня ён памёр. Яму быў 51 год.

Былая жонка, лекарка-інфекцыяністка Людміла Дзюба кажа, што Ігар заразіўся на працы. На той момант у яго на лячэнні былі дзевяць анкахворых, якія праходзілі курс хіміятэрапіі. У іх пачалі з'яўляцца сімптомы, калега Ігара захварэла, а ён прадаўжаў далечваць хворых.

Са слоў Людмілы, курс хіміятэрапіі перарываць нельга. Толькі праз тыдзень пацыентаў адправілі ў іх раёны далечвацца, у тым ліку ўжо і ад каранавіруса.

«Ён не быў абаронены, у адной толькі масцы, і атрымаў вялікую колькасць віруса. Адміністрацыя павінна была ізаляваць гэтых хворых, у якіх з'явіліся сімптомы, але гэта зрабілі не адразу», - распавядае Людміла.

Пасля таго, як заражаных пацыентаў адправілі ў іншыя лякарні, у Ігара з'явіліся сімптомы каранавіруса. Два дні ён лячыўся дома, а ўжо на трэці яго забралі ў лякарню, стан пачаў пагаршацца.

Людміла распавядае, што следчая камісія праводзіла расследаванне. Паколькі ў Ігара ПЦР-тэст быў станоўчым, як і тэсты тых хворых, якіх ён лячыў, то кампенсацыя павінна паступіць. Дакументы цяпер знаходзяцца на разглядзе ў Кіеве.

Людміла кажа, што ў інфекцыйным аддзяленні лекары ведаюць, з кім працуюць, тады як іншыя медыкі прымаюць штодня людзей, якія таксама могуць хварэць. Гэтыя лекары знаходзяцца парой нават у большай небяспецы, бо ў іх няма адпаведнай аховы.

«Для нас усіх ён герой, бо не адмовіўся ратаваць іншых цаной свайго жыцця», - кажа Людміла.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках