3 сакавiка 2021, Серада, 12:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспарт нафтапрадуктаў насуперак логіцы: Таракан мяняе Літву на Расею

12
Экспарт нафтапрадуктаў насуперак логіцы: Таракан мяняе Літву на Расею

Неапраўданая з гледзішча эканомікі схема ўдарыць у выніку па Беларусі.

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў праз парты Расеі можа пачацца ўжо ў 2021 годзе, заявіў у пачатку студзеня экс-міністр энэргетыкі, цяпер віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак.

У цяперашні час, паводле звестак крыніцы dw.com у расейскім урадзе, "параметры праекта прапрацоўваюцца на ўзроўні эканамічных аператараў". Ці можа новая схема паставак стаць эканамічна эфектыўнай для абодвух бакоў і каму яна больш выгодная?

Рэалізацыя Менскам сваіх пагрозаў пад заслону года

Пра тое, каб перанакіраваць частку грузаў у абыход балтыйскіх партоў, у Беларусі актыўна загаварылі пасля таго, як у канцы жніўня 2020 года, рэагуючы на жорсткі ўціск пратэставых акцый у Беларусі, Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. У іх ліку апынуўся і Лукашэнка. Практычна адразу ён паведаміў пра магчымасці пераарыентацыі беларускага экспарту з літоўскіх партоў у расейскія.

А ўжо ў пачатку верасня перамовы пра гэта правялі кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін. Аднак тады да канкрэтных пастановаў яны не прыйшлі. Неўнікнёнасцю змена экспартнага маршруту стала здавацца ў сярэдзіне снежня, калі з Літвы паступіла інфармацыя, што Беларусь прыпыніла перавалку сваіх нафтапрадуктаў праз Клайпедскі порт.

Як паведаміла 15 снежня кампанія Klaipedos nafta (аператар нафтавых і ЗПГ-тэрміналаў порта Клайпеды), BNK (UK) Limited – "дачка" найбуйнейшага беларускага экспарцёра нафтапрадуктаў "Беларуская нафтавая кампанія" – паведаміла літоўскаму боку, што спыняе адгрузку нафтапрадуктаў праз Клайпеду на нявызначаны тэрмін.

Што можа прапанаваць Расея

У канцы 2020 года расейскі і беларускі прэм'еры сустрэліся зноў, пасля чаго, паводле звестак DW, і пачаліся фактычныя падлікі і збор аналітыкі. Не прымусіла сябе чакаць і заява афіцыйных асобаў Расеі. У інтэрв'ю РБК-ТБ 4 студзеня віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак пацвердзіў гатоўнасць Масквы прыняць частку беларускага экспарту і нават запэўніў, што першыя пастаўкі, хутчэй за ўсё, адбудуцца ўжо ў новым годзе. "На мой погляд, 2021 год – гэта цалкам рэальныя тэрміны, калі можна ўжо пачаць", – заявіў Новак.

У якасці партоў, якія могуць прыняць беларускія нафтапрадукты, называюцца Усць-Луга (150 км ад Санкт-Пецярбурга), Прыморск (5 км ад горада Прыморска, канчатковая кропка Балтыйскай трубаправоднай сістэмы) і "Марскі порт Санкт-Пецярбург". Згодна з раней агучанымі ацэнкамі Аляксандра Новака, у сукупнасці расейскія парты маглі б прыняць 4-6 млн тонаў нафтапрадуктаў.

Дастаўка іх можа адбывацца праз чыгунку і трубаправод. Іншымі словамі, ключавымі "эканамічнымі аператарамі" на этапе транспартавання стануць "РЧ" і "Транснафта". Абодва спосабы абыдуцца беларускаму боку даражэй, чым продажы паводле старой схемы праз парты Літвы і Латвіі, і гэта прызнае сам Лукашэнка. "Кажуць, гэта даражэй будзе для Беларусі. Вядома, нам трошкі будзе нявыгадна. Але мы ж дамовіцца можам з расейцамі пра тарыфы", – запэўніў ён у верасні.

Неапраўданая з гледзішча эканомікі схема

Паводле ацэнак экспертаў, падаражанне транспартнага складніку пры дастаўцы нафтапрадуктаў праз расейскія парты для Менска складзе ад 10% да 50% (у залежнасці ад зніжак, якія зробіць Масква). "Вядома, значна танней экспартаваць праз Латвію і Літву. Гэта наладжаная схема, кароткае плячо. Да таго ж Прыморскі порт, Усць-Луга і порт Санкт-Пецярбурга і без таго перагружаныя", – заявіў DW партнёр кансалтынгавага агенцтва RusEnergy Міхаіл Круціхін.

Незалежны эксперт у сферы прамысловасці Леанід Хазанаў таксама мяркуе, што "перавалка грузаў праз расейскія парты і без таго нядрэнна расце, і без беларускага бензіну і дызельнага паліва яны спакойна абыдуцца". Ды і сама схема ўяўляецца экспертам не зусім лагічнай: Беларусь набывае ў Расеі нафту, каб потым вырабіць у сябе нафтапрадукты і вярнуць іх назад, заплаціўшы за транспартаванне.

"Прыблізна з тым самым поспехам улады Беларусі маглі б набыць патрэбную ім колькасць нафтапрадуктаў у Расеі і адправіць за мяжу праз нейкі з расейскіх партоў. Праўда, тады могуць спыніцца Нафтан і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, што пагражае сацыяльным выбухам (у Беларусі. – Рэд.), а гэта Менску відавочна не трэба", – тлумачыць Хазанаў.

Рызыкі страты канкурэнтаздольнасці

Мяркуючы з заяваў кіраўніка Беларусі, ён спадзяецца на пэўныя скідкі з боку Масквы. "Улады Расеі, вядома, могуць развязаць пытанне пра зніжэнне партовых збораў або прэферэнцыі для тых гаваняў, дзе будуць перавальвацца нафтапрадукты з Беларусі", – мяркуе эксперт.

У той самы час атрымаць ільготныя ўмовы пры дапамозе шантажу, напрыклад павялічыўшы плату за транзіт расейскай нафты па тэрыторыі краіны, у Менска наўрад ці атрымаецца. "Не факт, што яны рызыкнуць: у Беларусі дагэтуль напружаная палітычная абстаноўка, канфрантацыя з Расеяй цяпер Лукашэнку не на руку", – дадаў Хазанаў.

Беларускі бок у любым выпадку церпіць страты, канстатуе Міхаіл Круціхін. На ягоную думку, павелічэнне транспартнага пляча павысіць сабекошт пастаўляных Менскам у Еўропу нафтапрадуктаў, а гэта азначае, што неўнікнёна знізіцца іх канкурэнтаздольнасць на еўрапейскім рынку. "Як паказвае практыка, павелічэнне залежнасці ад Расеі мае негатыўныя наступствы: чым яна большая, тым менш магчымасцяў для манеўру, у тым ліку з эканамічнага гледзішча", – сказаў на заканчэнне Круціхін.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».