11 траўня 2024, Субота, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навальны вяртаецца ў Расею: жывая трансляцыя

41
Навальны вяртаецца ў Расею: жывая трансляцыя

Палітык вылятае рэйсам з Берліна ва Унукава.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны 17 студзеня вяртаецца ў Расею. «Пытанне» вяртацца ці не «перада мной не стаяла ніколі. Проста таму, што я не ад'язджаў. Я апынуўся ў Нямеччыне, прыехаўшы ў яе ў рэанімацыйнай скрынцы з адной прычыны: мяне спрабавалі забіць», - напісаў раней ён у сваіх сацсетках.

Аэрапорт Унукава адмовіў журналістам у магчымасці зняць прыбыццё палітыка.

«Настоящее Время» вядзе жывы эфір пра вяртанне палітыка ў Расею з 14:30 паводле менскага часу:

Навальны з 22 жніўня мінулага года знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе праходзіў рэабілітацыю пасля атручвання - 20 жніўня палітыку стала дрэнна ў самалёце падчас палёту з Томска ў Маскву. Лайнер прызямліўся ў Омску, дзе заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй у стане комы адправілі ў рэанімацыю.

Клініка Charité ў Берліне, куды Навальны быў пазней дастаўлены на лячэнне, пацвердзіла, што 44-гадовы апазіцыянер быў атручаны хімічным рэчывам. Лабараторыі Францыі, Швэцыі і Арганізацыі забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) пацвердзілі наяўнасць атруты «Навічок» у аналізах Навальнага. Рэчыва, паводле звестак брытанскіх уладаў, выкарыстоўвалася пры замаху ў Солсберы ў 2018 годзе на расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку.

У сувязі з атручваннем ЕЗ уключыў у санкцыйны спіс у тым ліку кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава, першага намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргея Кірыенку і кіраўніка ўправы ўнутранай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Ярына. Вялікая Брытанія, якая выйшла з ЕЗ і цяпер праводзіць самастойную санкцыйную палітыку, увяла санкцыі супраць тых жа самых асобаў.

Расследаванне аб атручэнні

У супольным расследаванні The Insider, Bellingcat і CNN пры ўдзеле Der Spiegel журналісты прыйшлі да высновы, што за атручваннем Навальнага можа стаяць група з васьмі аператыўнікаў, звязаных з Інстытутам крыміналістыкі ФСБ (НДІ №2). Аналіз авіяпералётаў гэтых супрацоўнікаў ФСБ, а таксама звестак білінгу іх тэлефонных размоў паказаў, што яны сачылі за Аляксеем Навальным з 2017 года, калі ён заявіў аб планах вылучэння на пасаду прэзідэнта РФ, а таксама ў 2020 годзе распачалі як мінімум яшчэ адну няўдалую спробу атручвання палітыка. За тыдзень відэаверсія расследавання на канале Навальнага набрала 17 млн праглядаў.

Расейскія чыноўнікі магчымасць атручвання Навальнага ўнутры краіны адмаўляюць. Прэзідэнт Расеі пракаментаваў расследаванне толькі на трэці дзень пасля яго выхаду - на штогадовай прэс-канферэнцыі.

Роўна праз тыдзень пасля публікацыі расследавання - 21 снежня - Навальны выпусціў другую частку расследавання аб меркаваных супрацоўніках ФСБ, якія ішлі за ім і маглі быць датычныя да яго атручвання. Палітык пад выглядам памочніка сакратара Савета бяспекі Мікалая Патрушава патэлефанаваў Канстанціну Кудраўцаву, аднаму з меркаваных супрацоўнікаў ФСБ з групы, якая курыравала яго атручэнне. На заяву Навальнага, Кудраўцаў у размове з ім фактычна пацвердзіў, што палітыка збіраліся забіць пры дапамозе атруты класа «Навічок».

Справы супраць Навальнага

12 студзеня гэтага года Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСВП) звярнулася з хадайніцтвам у Сіманаўскі раённы суд Масквы з просьбай замяніць Навальнаму ўмоўны тэрмін на рэальны паводле справы «Іў Рашэ».

З 29 снежня Навальны афіцыйна ўважаецца ў Расеі ў федэральным вышуку адразу пасля таго, як Следчы камітэт пачаў крымінальную справу аб крадзяжы на 356 мільёнаў рублёў ахвяраванняў, якія прызначаліся некалькім арганізацыям, звязаным з апазіцыйным палітыкам. Справа распачатая паводле часткі 4 артыкула 159 КК - махлярства ў асабліва значнай суме, па ёй Навальнаму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Сам Навальны напісаў, што справа супраць яго - помста за расследаванне аб атручэнні «Навічком», у якім ён абвінаваціў супрацоўнікаў ФСБ.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках