4 траўня 2024, Субота, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я гатовы памерці, але не здацца»

8
«Я гатовы памерці, але не здацца»
ІГАР ЛОСІК

Ігар Лосік другі месяц трымае галадоўку.

На 19 студзеня палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 185 чалавек: бізнэсоўцы, актывісты, давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты, чальцы ініцыятыўных груп, удзельнікі акцый пратэсту, журналісты - словам, тыя, хто не пабаяўся скарыстацца сваім правам на выказванне меркавання і ўдзел у палітычным жыцці краіны. У ліку палітвязняў блогеры, на якіх беларускія сілавікі яшчэ перад выбарамі абвясцілі сапраўднае паляванне, піша «Новая газета».

Яшчэ ў траўні, да пачатку перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі, ледзь не ў кожным інтэрв'ю Лукашэнка пачаў згадваць тэлеграм-каналы, прычым рэзка негатыўна. 25 траўня падчас аднаго са сваіх выступаў ён сказаў, што тыя «чапляюць уладу за што патрапіла», і паабяцаў разабрацца з «аўтарамі фэйкаў».

Роўна праз месяц, 25 чэрвеня, Лукашэнка абвінаваціў ва ўмяшанні ў беларускія выбары яшчэ і вонкавыя сілы:

«Гэта падкідваецца структурамі бабічаўскімі, «незыгарамі» гэтымі з Расеі. Гэта не нашы».

А далей пачалася масаваная атака на палітычных блогераў.

Першай узнікла «справа Ціханоўскага» - аўтара блога «краіна для жыцця», кандыдата ў прэзідэнты, ініцыятыўную групу якога адмовіліся рэгістраваць яшчэ ў траўні. Спачатку Сяргея арыштавалі адміністрацыйна, акурат падчас падачы заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп у ЦВК, так што ягоную групу замест Ціханоўскага зарэгістравала ягоная жонка Святлана. А 29 траўня Сяргея Ціханоўскага арыштавалі ўжо паводле крымінальнай справы. Цяпер яго абвінавачваюць не толькі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, але і ў распальванні сацыяльнай варожасці. Санкцыя прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Напраўду «ў абарачэнне» Ціханоўскага ўзялі яшчэ ў снежні 2019 года, праз удзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй.

Тады ён атрымаў свае першыя 15 дзён, а пасля вызвалення прадоўжыў актыўнасць. Стаў ездзіць па беларускіх гарадах, сустракацца з простымі людзьмі, паказваць, як напраўду жыве беларуская глыбінка, хто і чаму незадаволены Лукашэнкам. Усе жывыя эфіры з гутаркамі ён выкладваў на сваім ютуб-канале. За паўгода ён стаў папулярным. Чэргі да падпісных сталоў - гэта шмат у чым дзякуючы Ціханоўскаму. Пасля арышту Сяргея ў Беларусі пачалі арыштоўваць і іншых блогераў - на ўсялякі выпадак.

Цяпер за кратамі і пад следствам, акрамя Ціханоўскага, знаходзяцца яшчэ восем блогераў:

Дзмітрый Папоў - мадэратар сацсетак тэлеграм-канала «Краіна для жыцця»;

Вяргілій Ушак - быў аператарам Ціханоўскага на пікеце ў Гародні;

Дзмітрый Казлоў - аўтар ютуб-канала «Шэры кот», затрыманы ў чэрвені разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»;

Уладзімір Цыгановіч - аўтар канала MozgOn (даішнікі спынілі яго на той падставе, што ён нібыта не мае права кіраваць аўто, выцягнулі з аўтамабіля і склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі, а далей паводле стандартнай схемы -спачатку на «дзень», потым у СІЗА);

берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін

і Аляксандр Кабанаў - аўтары канала «Народны рэпарцёр»;

Уладзімір Няронскі - аўтар канала «Слуцк для жыцця» (следства сцвярджае, што ён размясціў на YouTube відэа, якія зневажаюць гонар і годнасць старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага, а потым яшчэ і арганізаваў з Ціханоўскім «незаконнае грамадска-масавае мерапрыемства-мітынг» у Гародні).

Асаблівая гісторыя ў блогера Ігара Лосіка. Сёння за ягонае здароўе і жыццё перажывае ўся краіна.

У чэрвені 2020 года тагачасны міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў заявіў, што вулічныя акцыі - такія, напрыклад, як ланцугі салідарнасці — у Беларусі кіруюцца праз тэлеграм-каналы і стрымы «Радыё Свабода» (У РФ уключана ў рэестр СМІ-іншаагентаў. — Рэд.). У той жа дзень затрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка, ён жа кансультант Беларускай службы «Радыё Свабода». Проста падвойнае паказальнае комба!

За кратамі Ігар Лосік знаходзіцца з 25 чэрвеня 2020 года. У той дзень у кватэру да яго прыйшлі з ператрусам, пасля чаго затрымалі, выставіўшы абвінавачванне паводле часткі 1 артыкула 342 КК Беларусі («арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады»).

25 снежня скончыўся тэрмін яго максімальнага ўтрымання пад вартай. Але яму выставілі новае абвінавачванне. На гэты раз — паводле часткі 2 артыкула 293 КК Беларусі: «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Агулам цяпер за кратамі блогер знаходзіцца ўжо больш за 200 дзён. 15 снежня ў знак пратэсту супраць абвінавачвання Ігар Лосік абвясціў галадоўку, якая доўжыцца ўжо больш за месяц. Апошнім разам адвакат Дзмітрый Лепрэтар наведваў блогера 12 студзеня. Адвакат распавёў, што Ігар адчувае сябе нармальна, хоць і выглядае вельмі бледным.

Многія беларусы перажываюць за ягоны стан. Просяць у лістах спыніць галадоўку. Вось якія словы з гэтай нагоды са зняволення перадаў сам Ігар Лосік.

З ліста Ігара Лосіка

«З пачатку маёй галадоўкі прайшоў месяц. Хацеў бы выказаць падзяку тым, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне перасталі перадаваць вашыя лісты, я ведаю, што вы пішаце. Шмат пішаце. Усім, ад каго я атрымаў лісты, я адказаў — чакайце персанальныя словы падзякі, малюнкі і навіны майго турэмнага жыцця. Вера ў вас, сваю праўду і невінаватасць даюць мне сілы трымацца. Усім даўно відавочна, што маё крымінальнае праследаванне незаконна. (Ігара затрымалі яшчэ да пачатку ўсіх масавых акцый пратэстаў. — Заўвага.) Вельмі вас прашу: не трэба ўгаворваць мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі больш за паўгода мяне трымаюць у турме незаконна? Я ўжо забыўся голас сваёй дачкі. Я разумею, што ўсе мае родныя і неабыякавыя людзі вельмі непакояцца за маё здароўе. Але спыняцца я не магу і не хачу. Сваім жыццём я буду распараджацца сам, а сілы ў мяне пакуль яшчэ ёсць. Я веру ў сілу вашай салідарнасці»

Цяпер вядома, што тэрмін утрымання пад вартай Ігара Лосіка падоўжылі да 25 сакавіка 2021 года.

Пра гэта на старонцы ў сацсетках паведаміла жонка Ігара Дар'я. Яна цытуе словы мужа.

З ліста Ігара Лосіка

«Я ведаю, што ні ў чым не вінаваты, мне няма ў чым прызнавацца. Гэта ведаюць усе, у тым ліку і тыя, хто кантралюе маю крымінальную справу. Усе дзеянні пракурораў і следчых па прадаўжэнню рэпрэсій у дачыненні да маёй сям'і і мяне на маю пастанову не паўплываюць. Я гатовы пакутаваць, памерці, але не здацца. Ламацца я не збіраюся. Хоць маё цела знаходзіцца ў вязніцы, мая душа вольная і знаходзіцца з маёй сям'ёй, якую я буду любіць да апошняга ўздыху».

Ігар і ягоная сям'я спадзяюцца на падтрымку ўсіх неабыякавых людзей і міжнародных арганізацый, амбасадараў краін ЕЗ у Беларусі, урадаў дэмакратычных дзяржавы ў «прыцягненні ўвагі да абуральнай несправядлівасці і аднаўлення правоў Ігара Лосіка і сотняў іншых палітычных зняволеных у Беларусі».

А што я магу зрабіць?

Калі вы хочаце падтрымаць Ігара Лосіка, яму можна напісаць ліст. Адрас: 222163 Беларусь, Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Ігару Лосіку.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках