11 траўня 2024, Субота, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гер дырэктар»: Дзе працуе сябар Пуціна Матыяс Варніг з фільма Навальнага

5
«Гер дырэктар»: Дзе працуе сябар Пуціна Матыяс Варніг з фільма Навальнага
МАТЫЯС ВАРНІГ НА ЭКАНАМІЧНЫМ ФОРУМЕ Ў САНКТ-ПЕЦЯРБУРГУ, 2018 ГОД
ФОТА: ТАСС

У расследаванні згадваецца былы агент «штазі».

Немец Матыяс Варніг (Matthias Warnig), чыё імя згадаў у сваім новым фільме «Палац для Пуціна» Аляксей Навальны, – чалавек шмат у чым асаблівы. Гэта самы даўні і самы актыўны ў расейскім бізнэсе нямецкі сябар прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, піша сайт dw.com.

Навальны згадвае Варніга, калі расказвае пра ліставанне былой жонкі цяперашняга прэзідэнта РФ Людмілы з яе нямецкай сяброўкай у сярэдзіне 1990-х. Адзін з лістоў быў адпраўлены з факса Варніга. Расейскі апазіцыянер расказвае, што Варніг, былы агент усходненямецкай спецслужбы «штазі», які стаў у 1990-я гады банкірам, фінансава дапамагаў Пуціну, былому супрацоўніку КДБ у Дрэздэне, і ягонай сям'і. Ёсць здагадкі, што абодва маглі пазнаёміцца паводле лініі спецслужбаў у ГДР, але афіцыйна іх кантакты пачаліся ўжо пасля змены імі роду заняткаў – у Санкт-Пецярбургу.

Варніг: Убачыцца з Пуціным – не праблема

65-гадовы Матыяс Варніг унікае публічнасці, аддаючы перавагу дзейнічаць за кулісамі. У 2018 годзе інтэрв'ю з ім апублікавала аўстрыйская газета Die Presse. На пытанне, як часта ён сустракаецца з Пуціным, бізнэсмэн адказаў, што ў расейскага прэзідэнта няма мабільнага тэлефона, але дадаў: «Калі мне трэба з ім убачыцца, то мы ўжо гэта арганізуем».

За 20 гадоў кіравання Пуціна ў РФ Варніг, які атрымаў у ГДР эканамічную адукацыю, стаў самым уплывовым нямецкім мэнэджарам у расейскім бізнэсе. Ён уваходзіць у шэрагі дырэктараў вядучых расейскіх кампаній і банкаў.

У інтэрв'ю Die Presse Варніг патлумачыў гэта збегам абставінаў: маўляў, у яго ў пачатку 2010-х скончыўся адзін з праектаў, а тагачасны прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў забараніў найвышэйшым чыноўнікам уваходзіць у рады дырэктараў кампаній. «І тады спатрэбіліся людзі, каб заняць гэтыя пасады», – растлумачыў мэнэджар. Пры гэтым Варніг адмаўляў, што быў прызначаны ў якасці «даверанай асобы Пуціна» з мэтай кантраляваць кіраўніцтва: «Не, зусім не. Я – не рупар Крамля».

Ад «Раснафты» да ФК «Шальке»

Сярод працадаўцаў Матыяса Варніга – найбуйнейшыя расейскія кампаніі. З 2011 года ён – чалец рады дырэктараў «Транснафты» і «Раснафты». Пры гэтым у «Раснафце» Варніг з'яўляецца намеснікам яшчэ аднаго немца, Герхарда Шродэра (Gerhard Schroeder), былога канцлера ФРГ, таксама сябра Пуціна, які ўзначаліў раду дырэктараў у 2017 годзе. Пра Шродэра Навальны ў фільме не згадаў.

Акрамя таго, Варніг уваходзіць у раду дырэктараў банка ВТБ і да 2015 года быў чальцом кіравання санкт-пецярбургскага банка «Расея», які ў СМІ звязваюць з блізкім асяроддзем прэзідэнта Пуціна.

З 2012 да 2018 года Варніг узначальваў раду дырэктараў кампаніі «Русал», але быў вымушаны сысці пад ціскам санкцый ЗША. Страціўшы адну пасаду ў Расеі, нямецкі мэнэджар хутка атрымаў іншую – на радзіме. У 2019 годзе ён увайшоў у назіральную раду футбольнага клуба «Шальке» з Гельзенкірхена, галоўным спонсарам якога з'яўляецца расейскі «Газпрам». Некаторыя заўзятары пратэставалі супраць ягонага прызначэння.

У 2017 годзе ў расейскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што Матыяс Варніг набыў акцыі кампаніі «Новыя хмарныя тэхналогіі» – расейскага распрацоўніка офісных праграмаў, якога называюць канкурэнтам Microsoft. Праз два гады Варніг выйшаў з складу акцыянераў.

«Паўночны струмень – 2» як галоўны праект Варніга

Самым галоўным на гэты момант праектам Матыяса Варніга з'яўляецца будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень – 2» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. Ён займае пасаду выканальнага дырэктара зарэгістраванай у Швэйцарыі кампаніі Nord Stream 2, галоўны суўладальнік якой – «Газпрам». Да гэтага, з 2006 да 2016 года, Варніг быў кіроўчым дырэктарам кампаніі Nord Stream, якая пракладала першыя дзве галіны трубаправода. Для Варніга абодва праекты, якія выгодныя перш за ўсё землям на ўсходзе ФРГ, – гульня на хатнім полі: ён – нараджэнец усходненямецкага Брандэнбурга.

На іронію лёсу, калі ў жніўні 2020 года Аляксея Навальнага пасля атручвання «Пачаткоўцам» прывезлі ў Нямеччыну, галоўны праект Варніга апынуўся пад пагрозай. Пачалі ўсё гучней гучаць патрабаванні спыніць ці замарозіць «Паўночны струмень – 2», які і так апынуўся пад ударам санкцый ЗША.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках