11 траўня 2024, Субота, 3:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інцыдэнты са зброяй, скаргі на бяспеку: Новае пра здымкі, дзе Алек Болдуін застрэліў чалавека

2
Інцыдэнты са зброяй, скаргі на бяспеку: Новае пра здымкі, дзе Алек Болдуін застрэліў чалавека

На здымачнай пляцоўцы раней ужо былі праблемы.

Актор Алек Болдуін 21 кастрычніка на здымачнай пляцоўцы фільма «Іржа» выпадкова застрэліў аператарку Галіну Хатчынс і параніў рэжысёра Джоэла Соўса. У зброі, з якой страляў Болдуін, паводле папярэдніх звестак, быў адзін баявы патрон.

Актор заявіў, што «шакаваны» здарэннем, супрацоўнічае з паліцыяй і гатовы аказаць дапамогу сям'і Хатчынсаў. Расследаванне здарэння прадаўжаецца, вось што ўжо змаглі высветліць, піша Meduza.

На здымачнай пляцоўцы, дзе працаваў Алек Болдуін, раней ужо былі праблемы з бяспекай

Пра гэта са спасылкай на некалькі крыніцаў напісала выданне Deadline. Сярод згаданых праблемаў – як мінімум адзін інцыдэнт з асечкай зброі, якая выкарыстоўвалася ў якасці рэквізіту і з якой Болдуін смяротна параніў аператарку Галіну Хатчынс.

«Зброя двойчы дала асечку ў закрытым памяшканні, а потым спрацавала ў руках у чалавека, які яе трымаў», – заявіла адна з крыніцаў выдання. Таксама людзі скардзіліся на недастатковыя антыкавідныя захады на пляцоўцы.

Яшчэ да таго, што адбылося з Болдуінам, некалькі чальцоў здымачнай групы напісалі заявы пра звальненне

Deadline піша, што за некалькі гадзінаў да таго, што здарылася, пляцоўку пакінулі сем чалавек – але заявы напісалі не ўсе.

Адзін з звольненых напісаў на асабістай закрытай старонцы ў Фэйсбуку, што, акрамя праблемаў з бяспекай зброі, чальцы здымачнай групы сутыкнуліся з затрымкай ганарараў і адмовай размясціць іх у гатэлях (хоць яны прасілі пра гэта ў кантрактах).

Паводле словаў гэтага чалавека, пасля звальнення кампанія Rust Productions, якая здымае фільм, наўзамен наняла чатырох людзей не з прафесійнага звязу, а таксама спрабавала паскардзіцца на звольненых у паліцыю.

У Rust Productions заявілі, што нічога не ведалі пра праблемы з бяспекай

У адказ на запыт журналістаў Deadline кампанія зрабіла наступную заяву:

– Бяспека актораў і здымачнай групы – прыярытэт Rust Productions і ўсіх, хто звязаны з кампаніяй. Хоць нам не было вядома ні пра якія афіцыйныя скаргі на праблемы з бяспекай зброі і іншага рэквізіту на здымачнай пляцоўцы, мы правядзем унутраную праверку і прыпынім здымкі. Мы прадоўжым супрацоўнічаць з уладамі Санта-Фэ ў іхнім расследаванні і прапануем акторам і здымачнай групе паслугі псіхатэрапеўтаў у гэты трагічны час.

Ні Алек Болдуін, ні памочнік рэжысёра Дэйв Холз не ведалі, што зброя можа быць зараджаная баявымі патронамі

Пра гэта са спасылкай на матэрыялы суда піша The Hollywood Reporter. У пятніцу супрацоўнікі офіса шэрыфа акругі Санта-Фэ правялі ператрус на здымачнай пляцоўцы.

Высветлілася, што Ханна Гут'ерэс, якая адказвае за зброю, выклала на вазок на здымачнай пляцоўцы тры пісталеты. Холз узяў адзін з іх, не падазраючы, што ён зараджаны баявымі патронамі, вынікае з заявы на ордар на ператрус. Гісторык кіно і рэквізіту Майкл Коры заявіў Fox News, што гаворка ідзе пра «беспрэцэдэнтнае парушэнне» пры працы са зброяй на здымках.

«Гэта проста неверагодна», – сказаў ён, падкрэсліўшы, што зброя перад тым, як трапіць у рукі акторам, павінна праходзіць шматступенную праверку, у ходзе якой адказныя за рэквізіт павінны пераканацца, што ўсе патрабаванні бяспекі выкананыя.

МЗС Украіны заявіў, што сочыць за расследаваннем гібелі Галіны Хатчынс

У загінулай аператаркі было грамадзянства Украіны. Генконсульству ў Сан-Францыска, абвясціў афіцыйны прадстаўнік украінскага МЗС, даручана падтрымліваць сувязь з амерыканскімі праваахоўнымі органамі, якія расследуюць тое, што адбылося.

Маці і бацька Галіны Хатчынс афармляюць дакументы, каб прыехаць у ЗША, паведаміў The Sun сябар сям'і.

«Яны гаруюць, але ў той самы час задаюць пытанні і хочуць атрымаць адказы. Калі нехта зрабіў памылку, то за яе павінен заплаціць», – заявіў суразмоўца выдання.

У гонар загінулай Галіны Хатчынс заснавалі стыпендыяльны фонд для жанчынаў-кінематаграфістак

Стыпендыю заснаваў Амерыканскі інстытут кінамастацтва – і цяпер прымае ахвяраванні. Мэта фонду – «дапамагчы жанчынам-кінематаграфісткам пабудаваць устойлівую кар'еру ў кінабізнэсе», заявіла сцэнарыстка і рэжысёрка Оля Апарына, блізкая сяброўка Хатчынс.

Яны разам пераехалі ў Галівуд 11 гадоў таму і разам працавалі над блізкімі праектамі – напрыклад над фільмам «Занесеныя снегам» 2017 года.

Паводле словаў Апарынай, Хатчынс «цягам усёй сваёй кар'еры выступала на абарону жанчынаў-аператарак і рэжысёрак, паколькі была знаёмая з цяжкасцямі, з якімі жанчыны сутыкаюцца ў індустрыі забаваў».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках