9 траўня 2024, Чацвер, 2:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін, Лукашэнка і Такаеў яшчэ да абвяшчэння вынікаў павіншавалі Мірзіёева з перамогай на выбарах прэзідэнта Узбекістана

8
Пуцін, Лукашэнка і Такаеў яшчэ да абвяшчэння вынікаў павіншавалі Мірзіёева з перамогай на выбарах прэзідэнта Узбекістана
ФОТА: AP

Выбары прайшлі напярэдадні, 24 кастрычніка.

Кіраўнік РФ Пуцін, беларускі ўзурпатар Лукашэнка і казахскі кіраўнік Касым-Жомарт Такаеў яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў павіншавалі Шаўката Мірзіёева з перамогай на выбарах прэзідэнта Узбекістана, паведамляе «Настоящее время».

Выбары прайшлі напярэдадні, 24 кастрычніка. Цэнтральная выбарчая камісія Узбекістана прызнала, што яны адбыліся, але афіцыйныя вынікі на той момант яшчэ не абвяшчала.

Тэлеканал Euronews раніцай паведаміў, што Мірзіёеў набраў 90% галасоў. У ЦВК гэта зняпраўдзілі, удакладніўшы, што афіцыйныя вынікі галасавання будуць абвешчаныя толькі ў другой палове дня, а канчатковыя вынікі галасавання стануць вядомыя да канца кастрычніка.

Крэмль паведаміў, што Пуцін накіраваў Мірзіёеву віншаванні. «Падчас тэлефоннай размовы прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін цёпла павіншаваў прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіёева з пераканаўчай перамогай на выбарах кіраўніка дзяржавы», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Крамля.

Адзначаецца, што пацверджаны ўзаемны настрой на далейшае развіццё ўсяго комплексу расейска-ўзбекістанскіх стасункаў, стратэгічнага партнёрства і хаўрусніцтва.

Лукашэнка таксама патэлефанаваў Мірзіёеву і павіншаваў яго «з пераканаўчай перамогай на выбарах». Лукашэнка пажадаў яму «поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў».

«З цеплынёй павіншаваў Шаўката Мірзіёева з перавыбраннем на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан» і прэзідэнт Казахстана. Касым-Жомарт Такаеў падкрэсліў, што «ўпэўненая перамога» ўзбекістанскага лідара на выбарах «зноў прадэманстравала цвёрдую ўсенародную падтрымку ягонага стратэгічнага курсу».

24 кастрычніка ва Узбекістане прайшлі выбары прэзідэнта краіны. Кіраўнік ЦВК Зайніддзін Нізамхаджаеў заявіў, што яны прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам і дэмакратычнымі прынцыпамі, ніякіх парушэнняў не было выяўлена.

Аднак шматлікія палітычныя аналітыкі, журналісты і праваабаронцы распавядалі, што выбары ва Узбекістане нельга назваць канкурэнтнымі: да іх не былі дапушчаныя прадстаўнікі апазіцыі, а дзейнаму кіраўніку дзяржавы Шаўкату Мірзіёеву супрацьстаялі прадстаўнікі іншых праўладных партый.

Незалежныя выданні паведамляюць, што людзей агітавалі ісці на выбары не толькі ў бюджэтных установах, але і ў мячэцях падчас пятнічных пропаведзяў. Журналісты «Радыё Азалдык» таксама распавялі, што на некаторых участках некаторыя людзі спрабавалі прагаласаваць з некалькімі пашпартамі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках