6 траўня 2024, панядзелак, 9:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлеканал Euronews распавёў пра страйк у Беларусі, які пачнецца 1 лістапада

14
Тэлеканал Euronews распавёў пра страйк у Беларусі, які пачнецца 1 лістапада

Беларусаў заклікалі застацца дома.

Старшыня Беларускага аб'яднання рабочых Сяргей Дылеўскі абвясціў, што з 1 лістапада ў Беларусі пачынаецца агульнанацыянальны страйк, і заклікаў жыхароў краіны не выходзіць на працу, паведамляе тэлеканал Euronews.

Страйк абвешчаны ў сувязі з тым, што ўлады Беларусі не выконваюць патрабаванні, выстаўленыя Беларускім аб'яднаннем рабочых. Сярод патрабаванняў - спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных; прывядзенне заробкаў, стыпендый і пенсій у адпаведнасць з рэальнай эканамічнай сітуацыяй у краіне, а таксама пачатак наўпроставых перамоваў паміж уладай і дэмакратычнымі сіламі аб правядзенні новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

Сяргей Дылеўскі ў апублікаваным на YouTube відэазвароце заявіў, што выконваць гэтыя патрабаванні ўлады не збіраюцца.

«Так больш прадаўжацца не можа. Час рабочым узяць будучыню ў свае рукі. Мы не маем права цягнуць далей, пакуль нашы сваякі, сябры і паплечнікі сядзяць у турмах, пакуль нашы маці і сёстры, браты і бацькі гінуць у перапоўненых лякарнях ад каранавіруса», - кажа Дылеўскі.

Лідар Беларускага аб'яднання рабочых заявіў, што вытворчасць па ўсёй краіне будзе спыненая, пакуль кожнае з 10 патрабаванняў не будзе выкананае.

«Рэжым слабы і бездапаможны як ніколі, санкцыі дабіваюць луканоміку, яшчэ не ўвайшоўшы ў поўнае дзеянне! Мы гатовыя змяніць нашу краіну, мы гатовыя сказаць «Годзе з нас здзекавацца», мы гатовыя ўбіць апошні цвік у вечка труны гэтага рэжыму!», - гаворыцца. у заяве.

Сяргей Дылеўскі падчас масавых пратэстаў пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўзначальваў стачкам Менскага трактарнага завода (МТЗ). Аднак летась у кастрычніку быў вымушаны пакінуць краіну.

У кастрычніку ў інтэрв'ю польскай газеце «Rzeczpospolita» Дылеўскі расказаў, што не хацеў з'язджаць, але ўлады не пакінулі яму выбару:

«Мяне прызналі экстрэмістам, супраць мяне была распачатая крымінальная справа. Скажу шчыра, я не хацеў з'язджаць з Беларусі, гаварыў на гэтую тэму з забастоўшчыкамі, яны вызначылі, што я павінен з'ехаць, каб прадоўжыць работу», - сказаў Дылеўскі.

Ён паведаміў, што падтрымлівае кантакты з працоўнымі больш чым 20 дзяржаўных прадпрыемстваў.

«У нас ёсць свае людзі на важнейшых вытворчасцях ва ўсіх абласных гарадах краіны. Сёння мы ўжо ведаем, што супрацоўнікі многіх беларускіх заводаў гатовыя цалкам спыніць работу», - адзначыў Дылеўскі.

У жніўні мінулага года Менскі трактарны завод прыпыніў працу праз страйк.

На сустрэчу з працоўнымі прыязджаў прэм'ер-міністр рэспублікі Раман Галоўчанка. Страйкі праходзілі на многіх прадпрыемствах Беларусі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках