8 траўня 2024, Серада, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Расея будзе ціснуць на Лукашэнку ўзняццем кошту нафты

4
Экспэрт: Расея будзе ціснуць на Лукашэнку ўзняццем кошту нафты

Перамовы пра газ таксама не будуць простымі.

Стала вядома аб намеры Расеі падняць кошт нафтыу для Беларусі. На думку экспэртаў, гэта можа быць часткай ціску дзеля палітычных саступак, піша thinktanks.by.

Віцэ-прэм'ер Юрый Назараў прызнаўся, што расейцы хочуць узняць для Беларусі кошт нафты праз санкцыі.

«Вось мы зараз вядзем кампанію закупкі нафты на наступны год. Нам кажуць: слухайце, ну рызыкоўна з вамі працаваць, давайце мы за рызыкі падымем кошт», - перадаў словы расейскіх партнёраў Юры Назараў.

Напярэдадні гэтай публікацыі праблемы з абмеркаваннем кошту энэрганосьбітаў прадказаў дырэктар Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» і «Радыё Свабода».

«Да інфармацыйных войнаў у канцы года дададуцца гандлёва-эканамічныя канфлікты, найперш яны будуць звязаныя з перамовамі аб пастаўках расейскіх энэрганосьбітаў», - сказаў экспэрт.

«Мне здаецца, што перамовы пра новы «газ» не будуць такімі простымі, якімі яны здаваліся некалькі месяцаў таму, калі Пуцін нібыта паабяцаў захаваць цану газу гэтага года», - падкрэсліў Арсеній Сівіцкі.

Паводле ягонай інфармацыі, Газпрам зараз пераглядае формулы сваіх доўгатэрміновых кантрактаў. І звычайна гэта прыводзіць да таго, што кошт расейскага газу павялічваецца.

На думку экспэрта, гэта адзін з відаў эканамічнага націску, які Крэмль будзе выкарыстоўваць для Менска дзеля палітычных саступак.

«Было б натуральна скарыстацца гэтым, каб націснуць на Беларусь і дамагчыся ад Лукашэнкі падпісаць расейскі сцэнар канстытуцыйнай рэформы», - мяркуе Арсеній Сівіцкі.

Эканамічны ціск будзе ісці на фоне ўзаемных інфармацыйных выпадаў, якія можна назіраць ужо зараз.

Пачынаючы з наступнага года Расея можа сінхранізаваць свой эканамічны ціск з заходнімі санкцыямі. Напрыклад, на падставе пагрозы другасных санкцый расейскія партнёры будуць скарачаць супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Гэты працэс мы ўжо назіраем зараз. Некаторыя расейскія кампаніі скарачаюць пастаўкі нафты для беларускіх НПЗ», - адзначыў дырэктар ЦСВІ.

Фармальнай прычынай для эканамічнага націску стане непадпісанне саюзных праграм.

«Мне здаецца, што Масква ў гэтым таксама не вельмі зацікаўленая. Ёй патрэбная гэтая фармальная нагода, каб пачаць новы раўнд ціску на афіцыйны Менск. І ўжо вядома, што гэты пакет дакументаў не будзе падпісаны да канца гэтага года», - падкрэсліў спецыяліст.

На ягоную думку, эканамічны націск з боку Раскі будзе найбліжэйшым часам нарастаць. «Мы набліжаемся да сапраўднага крызісу, які будзе даведзены да эскалацыі», - прагназуе Арсеній Сівіцкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках