7 траўня 2024, aўторак, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаго чакала Мэркель ад Пуціна і што атрымала

5
Чаго чакала Мэркель ад Пуціна і што атрымала
Фота: AFP

Імкненне да дыялогу для яго - прыкмета слабасці, а не сілы.

Федэральная канцлерка Ангела Мэркель выказала шкадаванне наконт таго, што да заканчэння тэрміну яе паўнамоцтваў не ўдалося правесці сустрэчу ў «нармандскім фармаце».

Нямецкая канцлерка прыкладала вялікія намаганні, каб гэтая сустрэча адбылася, і зразумела чаму. Яна разам з тагачасным прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам была адной з арганізатарак «нармандскага фармату» і спачатку ўскладала на яго вялікія надзеі, - піша Віталь Портнікаў для «Радыё Свабода».

Выявілася традыцыйная прыхільнасць Мэркель да дыялогу. Яна верыла, што камунікацыя паміж удзельнікамі перамоў - нават пры той пазіцыі, якую заняў Уладзімір Пуцін - дапаможа прывесці да дээскалацыі канфлікту і знайсці шляхі аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Ну і найважнейшае - Менскія дамовы, якія з'явіліся пасля дыскусіі кіраўнікоў Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расеі, не пакідалі сумневаў у тым, што акупацыйныя войскі павінны пакінуць Данбас.

Але пасля саміту ў Парыжы «нармандскі фармат» быў фактычна замарожаны - а напраўду яго «замарозка» адбылася значна раней, сустрэча ў Парыжы была абумоўленая імкненнем Уладзіміра Пуціна праверыць, ці гатовы новы ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі да капітуляцыі перад Крамлём. І калі высветлілася, што не гатовы, у Крамлі зноў страцілі якую-небудзь цікавасць да перамоў.

Мэркель спрабавала хаця б забяспечыць магчымасць новага дыялогу — каб перадаць свайму пераемніку Алафу Шольцу працоўны інструмент для пошуку ўзаемаразумення. Менавіта таму яны разам з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам патэлефанавалі прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і ў той жа дзень правялі відэаканферэнцыю з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Мэта была простая - дамагчыся правядзення сустрэчы ў «нармандскім фармаце». Зяленскі, як вядома, з'яўляецца прыхільнікам такіх перамоў. Пуцін быццам бы таксама быў не супраць. Удзельнікі размовы дамовіліся, што дэлегуюць даручэнні сваім міністрам замежных спраў сабрацца і абмеркаваць магчымасць правядзення саміту.

А далей ужо пачаўся самы сапраўдны здзек. Сяргей Лаўроў заявіў, што ўвогуле не мае намеру праводзіць сустрэчы са сваімі калегамі, бо гаворка ішла выключна аб абмене пазіцыямі, і менавіта гэта даручыў яму Пуцін. А затым міністр замежных спраў Расеі апублікаваў службовую перапіску з калегамі з Нямеччыны і Францыі, а прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў назваў гэтую пастанову «бліскучай». Стала выразна зразумела, што Пуцін і не збіраўся згаджацца на сустрэчу ў «нармандскім фармаце».

Чаго чакала Мэркель?

Можа ўзнікнуць пытанне, а чаму ўвогуле Ангела Мэркель так імкнулася на правядзенне гэтай сустрэчы? Няўжо яна не разумела, што ёй напярэдадні развітання з палітыкай усё адно нічога не атрымаецца дабіцца ад Пуціна? Але канцлерка акурат прадэманстравала, што такое адказны падыход да палітыкі. Яна разлічвала, што шматгадовы дыялог з Пуціным дазволіць ёй дабіцца хаця б павагі. І што гэтая павага дазволіць правесці перамовы і паспрабаваць зблізіць пазіцыі. А самае галоўнае - яе пераемнік не павінен будзе пачынаць усё з чыстага ліста.

Але ў выпадку з Пуціным не трэба разлічваць на павагу. Як і кожны іншы кіраўнік аўтарытарнай дзяржавы, які разлічвае кіраваць доўга, калі не вечна. Пуцін без шкадавання развітваецца з дэмакратычнымі палітыкамі - нават калі супрацоўнічае з імі працягла, як з Мэркель. Імкненне да дыялогу для яго - прыкмета слабасці, а не сілы. І менавіта праз гэта ягоны падыход да палітыкі кардынальна адрозніваецца ад падыходу Ангелы Мэркель.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках